Аўтамабільныя «артэрыі» Навагрудскага раёна пад кантролем дарожных служб

Аўтамабільныя «артэрыі» Навагрудскага раёна пад кантролем дарожных служб

Аўтамабільныя «артэрыі» Навагрудскага раёна пад кантролем дарожных служб

20 августа 2020 2533

Кажуць, што без дарог няма жыцця. Напэўна, таму іх называюць «артэрыямі». І сапраўды, дзякуючы магістралям і трасам мы не проста маем магчымасць пераехаць з пункта А ў пункт Б. Эканоміка ні адной краіны ў свеце не можа развівацца гарманічна, калі ў ёй адсутнічаюць добрыя дарогі. Пабудаваць дарогу і забыць пра яе немагчыма. Любая аўтамабільная «артэрыя» – рэспубліканскага або мясцовага значэння – патрабуе ўтрымання. Дарожная гаспадарка – сфера вельмі капіталаёмістая. Будаўніцтва дарог і падтрыманне іх у нармальным стане – дарагое задавальненне ва ўсім свеце. На ўладкаванне ўсяго пары кіламетраў дарогі выдаткі патрабуюцца вельмі салідныя. Адсюль – абмежаваныя аб’ёмы і пэўная чарговасць. Аднак, нягледзячы на дастатковую долю крытыкі ў адрас дарожнікаў, ім усё ж ёсць чым ганарыцца. У Навагрудскім раёне пастаянна павялічваецца працягласць участкаў дарог з удасканаленым пакрыццём, выконваецца шэраг работ па бягучым рамонце, добраўпарадкаванні.

"Ад здабыткаў да перамог"



Начальнік філіяла «Дарожна-эксплуатацыйнае ўпраўленне № 56» РУП «Гроднааўтадар» Віктар Скобля:

– На балансе арганізацыі знахо­дзіцца 365,511 км дарог рэспубліканскага значэння з асфальтабетонным пакрыццём. Мы абслугоўваем аўтамабільныя дарогі па Навагрудскім, Карэліцкім, Дзятлаўскім і Іўеўскім раёнах. Для стварэння камфортных умоў карыстальнікам дарог вялікая ўвага надаецца працы па ўладкаванні пляцовак адпачынку. Арганізацыя працуе з устойлівым узроўнем рэнтабельнасці, пастаянна нарошчваючы аб’ёмы выкананых работ як па аб’ектах дарожнай галіны, так і па прамых дагаворах і транспартных паслугах. У арганізацыі працуе 100 чалавек, выкарыстоўваецца 62 адзінкі тэхнікі. 



Дарожна-будаўнічыя работы з’яўляюцца складанай, працаёмкай, дарагой дзейнасцю нават у самых спрыяльных прыродна-кліматычных умовах. Дарога павінна адпавядаць мноству патрабаванняў па якасці, надзейнасці, даўгавечнасці, прапускной здольнасці, зручнасці выкарыстання і абслугоўвання і шмат чаму іншаму для бяспечнага праезду аўтатранспарту. Выбар матэрыялу для ўладкавання палатна абумоўлены габарытамі аўтамабіляў, нагрузкай ад руху, інтэнсіўнасцю патоку і іншымі фактарамі.

Рамонт – справа бесперапынная

Калі гаварыць пра Навагрудскі раён, то інтэнсіўнасць руху на дарогах рэспубліканскага значэння, несумненна, значна вышэйшая, чым на дарогах мясцовага значэння. Адсюль выкарыстанне для ўладкавання палатна выключна асфальтабетону. Так, у мінулую пяцігодку ДЭУ-56 новае асфальтабетоннае пакрыццё на дарогах рэспубліканскага значэння пакладзена на працягласці 11,4 км, у тым ліку на ўчастках аўтамабільных дарог Р-10 Любча – Навагрудак – Дзятлава, Р-5 Баранавічы – Навагрудак – Іўе і інш.



Усё, што эксплуатуецца, мае ўласцівасць «зношвацца». І дарогі не выключэнне. Работы па іх рамонце і ўтрыманні накіраваны на тое, каб захаваць ці аднавіць першапачатковыя тэхнічныя параметры і характарыстыкі дарожнага пакрыцця. Выконваецца дарожнымі службамі і шэраг іншых спадарожных работ, звязаных з абслугоўваннем аўтадарог. У іх ліку добраўпарадкаванне прыпыначных пунктаў, пешаходных дарожак і з’ездаў, абкос і падсыпка абочын, уборка смецця і інш.



За 2015-2019 гг. работнікамі ДЭУ-56 выканана:

– ямачнага рамонту – 24638 м кв.,

– высечана дрэў – 1421 шт.,

– высечана хмызняку – 98360 м кв.,

– устаноўлена ахоўная агароджа з сеткі – 70,375 км пагонных,

– устаноўлена і заменена дарожных знакаў – 620 шт.,

– устаноўлена і заменена сігнальных слупкоў – 4115 шт.


Таксама праведзена замена аўтапавільёнаў на аўтамабільных дарогах Р-5 Баранавічы – Навагрудак – Іўе (в. Нёўда, Карнышы) і Р-10 Любча – Навагрудак – Дзятлава (в. Галынь, Вераб’евічы, Куравічы).


Працаваць у асабліва складаных умовах даводзіцца дарожнікам зімой. У гэты час асноўныя задачы – гэта абарона дарогі ад снежных адкладаў, заносаў, снегу, папярэджанне ўтварэння і ліквідацыя зімовай слізкасці, барацьба з абледзяненнямі. У зімовы перыяд за 2015-2019 гг. для стварэння бяспечных умоў руху па дарогах рэспубліканскага значэння арганізацыяй нарыхтавана і рассыпана 56327 т пясчана-­салянай сумесі, 12569 т чыстай солі. Ачышчана ад снегу 73102 км дарог. Вывезена снегу – 1343 т.

За 2015-2019 гг. ДЭУ-56 затрачана на ўтрыманне і рамонт дарог рэспубліканскага значэння 21 млн 756 тыс. руб.

У ліку работ на 2020 г. – рамонт 30,6 км дарог, у тым ліку ўчасткаў аўтамабільных дарог Р-10 Любча – Навагрудак – Дзятлава, Р-5 Баранавічы – Навагрудак – Іўе, Р-108 Баранавічы – Моўчадзь – Дзятлава, пад’езда да санаторыя «Радон» і інш.



Заплацілі – зрабілі

У рамках выканання работ па прамых дагаворах і іншых крыніцах за пяць гадоў ДЭУ-56 зарабіла 2 млн 236 тыс. руб. Так, у мінулую пяцігодку работнікі арганізацыі выконвалі работы па бягучым рамонце вул. Эканомія, Тургенева, Касманаўтаў, Мендзялеева, зав. Спартовага, пад’езда да пральні ў Навагрудку; мадэрнізацыі вул. 1 Мая ў г.п. Любча; добраўпарадкаванні стаянкі аўтатранспарту Навагрудскага ПМС; ямачным рамонце асфальтабетоннага пакрыцця тэрыторыі Уселюбскага ВПК дзіцячы сад-сярэдняя школа; ямачным рамонце асфальтабетоннага пакрыцця тэрыторыі ТАА «ПравітБел» і інш.


Абнаўленняў на сотні тысяч

Вядома, ні адна арганізацыя не можа развівацца без абнаўлення матэрыяльна-тэхнічнай базы. На гэтыя мэты ДЭУ-56 за мінулую пяцігодку затрачана больш за 1 млн руб. Арганізацыяй набыта больш за 50 адзінак тэхнікі. У ліку найбольш значных пакупак аўтамабілі МАЗ і ГАЗ, пагрузчык, пескасолеразмеркавальнікі, трактары і інш. Значныя абнаўленні закранулі абсталяванне для работы трактароў і аўтамабіляў.


Начальнік дарожна-рамонтнага будаўнічага ўпраўлення № 189 КУП «Гроднааблдарбуд» Яўгеній Вінча:

– Галоўнай задачай арганізацыі з’яўляецца рацыянальнае развіццё сеткі замацаваных аўтамабільных дарог, забеспячэнне нармальнага тэхнічнага стану і якаснага ўзроўню будаўніцтва, рамонту і іх утрымання, стварэнне бяспечных умоў руху транспарту з мінімальнымі выдаткамі ў мэтах задавальнення патрэб народнай гаспадаркі і насельніцтва ў аўтаперавозках. Калектыў налічвае 76 чалавек. На балансе арганізацыі знаходзіцца амаль 650 км дарог агульнага карыстання. Абслугоўваем 99,539 км дарог вуліц сельскіх населеных пунктаў, 147 аўтобусных прыпынкаў, 44 аўтобусныя павільёны, 39 мастоў. 


Калі размова ідзе пра ўтрыманне аўтамабільнай дарогі, то маецца на ўвазе вывучэнне і аналіз умоў работы дарогі і ўмоў руху транспарту на ёй, пастаянны догляд за дарогай, дарожнымі збудаваннямі і паласой адводу, падтрыманне іх у чысціні і парадку, рэгулярныя работы па ўтрыманні дарогі і перыядычныя больш буйныя рамонты дарог і дарожных збудаванняў і інш.




Праца кіпіць круглы год

Дэфармацыі і разбурэнні дарожнай «вопраткі» і пакрыццяў, землянога палатна і сістэмы водаадвода, штучных збудаванняў і інжынернага абсталявання, якія ўзнікаюць, вельмі разнастайныя па характары, памерах і аб’ёмах. Іх ліквідацыя патрабуе правядзення рамонтных работ, розных па складанасці, аб’ёмах і тэрмінах выканання. Некаторыя дэфармацыі і разбурэнні павінны быць неадкладна ліквідаваны, іншыя могуць ліквідавацца праз пэўныя прамежкі часу.



Праблема якасці дарожнага пакрыцця застаецца актуальнай. Аднак кіламетр за кіламетрам у апошнія гады мясцовыя дарогі апранаюцца ў новае асфальтабетоннае «адзенне». І хоць капітальны рамонт патрабуе ў разы больш выдаткаў, чым бягучы, у ДРБУ-189 упэўнены: ні адна гравійная дарога не параўнаецца з заасфальтаванай. Пры планаванні работ па абнаўленні дарожнага палатна дарожнікі ўлічваюць тры фактары: стан дарогі, яе народна-гаспадарчае назначэнне, а таксама звароты грамадзян.


За мінулыя пяць гадоў дзякуючы працы ДРБУ-189 новае асфальта­бетоннае пакрыццё з’явілася на многіх дарогах, у тым ліку Н-6313 Уселюб – Бенін – Зенявічы, Н-7061 Гарадзечна – Брацянка – Літоўка і інш. Агульная працягласць склала больш за 60 км. Акрамя гэтага, выкананы ямачны рамонт, агульная плошча адрамантаваных участкаў склала 15721 м кв. Грэйдзіраванне праведзена на працягласці 2593,33 км. Ажыццяўлялася высечка: дрэў – 539 шт., кустоў – 4398 м кв. Устаноўлена 250 дарожных знакаў і 400 сігнальных слупкоў.


У зімовы перыяд за 2015-2019 гг. для стварэння бяспечных умоў руху па дарогах мясцовага значэння арганізацыяй нарыхтавана і рассыпана 18152,18 т пясчана-салянай сумесі, а таксама 2450,95 т чыстай солі. Ачышчана ад снегу 80834,9 км дарог і праходаў.

Вясной, з моманту наступлення цёплага і ўстойлівага надвор’я, працаўнікі дарожнай службы прыступаюць да ліквідацыі дробных пашкоджанняў у выглядзе выбоін і расколін. Працу арганізуюць так, каб асноўныя аб’ёмы былі выкананы ў магчыма кароткія тэрміны.



Усяго за 2015-2019 гг. ДРБУ-189 адрамантавана 73,539 км. дарог мясцовага значэння. За гэты ж перыяд затрачана на ўтрыманне і рамонт 6 млн 359 тыс. руб.

Даходы і абнаўленні

Па прамых дагаворах і іншых крыніцах заробку за мінулыя пяць гадоў арганізацыяй выкананы работы на агульную суму 2 млн 735 тыс. руб. Гэта будаўніцтва лесагаспадарчай дарогі ў лясным масіве Любчанскага лясніцтва, газіфікацыя эксплуатуемага жыллёвага фонду в. Кусціна, добраўпарадкаванне тэрыторыі фермы ў в. Бор, рамонт суцэльным асфальтаваннем шэрага вуліц горада і г.п. Любча, добраўпарадкаванне дваровай тэрыторыі вул. Будзённага, мадэрнізацыя спартыўнай пляцоўкі СШ № 7 і многія іншыя.


У ДРБУ-189 у мінулай пяцігодцы таксама не абышлося без абнаўлення матэрыяльна-тэхнічнай базы. Яна папоўнілася трыма аўтамабілямі МАЗ, дзвюма касілкамі навяснымі, устаноўкай для ямачнага рамонту, аўтагрэйдарам, аўтапагрузчыкам, асфальтаўкладчыкам, трактарам МТЗ, паўпрычэпам для перавозкі тэхнікі. За 2015-2019 гг. агульная сума набыткаў склала 614376,25 руб.


Штогод аб’ёмы выкананых работ павялічваюцца. А ў апошнія гады ў ДРБУ-189 узялі курс на ўкладку асфальтабетоннага пакрыцця на гравійных дарогах. Так, сёлета заасфальтавана вуліца ў в. Ігольнікі, участак дарогі Н-6006 Навагрудак – Боцкавічы – санаторый «Радон» (работы будуць працягнуты ў наступным годзе), вядуцца работы па асфальтаванні дарогі Н-6315 Оркавічы – Уселюб – Любча (участак ад Дзяляціч да Любчы), запланаваны рамонт дарогі Н-20200 Валеўка – Радагошча і шэраг іншых работ.

Падрыхтавала Анастасія Пятрова, «НЖ»