Вучаніца Валеўскай школы Юлія Лісіца – у ліку пераможцаў рэспубліканскага конкурсу творчых пісьмовых работ «За што я люблю родную зямлю»

Вучаніца Валеўскай школы Юлія Лісіца – у ліку пераможцаў рэспубліканскага конкурсу творчых пісьмовых работ «За што я люблю родную зямлю»

03 апреля 2021 1285

26 сакавіка ў Нацыянальнай акадэміі навук адбылося ўрачыстае ўзнагароджанне пераможцаў рэспубліканскага конкурсу творчых пісьмовых работ «За што я люблю родную зямлю».

Мерапрыемства пачалося з выступлення капэлы НАН Беларусі з музычным прывітаннем да пераможцаў. Затым прагучала ўступнае слова старшыні журы конкурсу дырэктара Інстытута мовазнаўства імя Я.Коласа І.Л.Капылова Узнагароджанне адбывалася ў 2 этапы: віншаванне пераможцаў I, II, III ступені і пераможцаў у 12 намінацыях.

Асабіста мне дыплом уручаў акадэмік-сакратар Аддзялення гуманітарных навук і мастацтваў НАН Беларусі А.А.Каваленя.

З 847 удзельнікаў было ўзнагароджана 200. Самаму малодшаму было ўсяго 6, а самаму старэйшаму 91 год. Цёплымі праменьчыкамі для ўсіх прысутных сталі выступленні беларускага пісьменніка Георгія Марчука, галоўнага рэдактара часопіса «Зорка» і многіх іншых дзеячаў літаратуры і мастацтва.

Я была ўражана адкрытасцю і прыязнасцю людзей, што былі вакол, за гэты дзень у нас з бацькамі дадалося некалькі новых знаёмстваў і прыемных гутарак. Пасля ўзнагароджання ўсім прысутным быў прапанаваны смачны абед, а затым адбылася экскурсія ў Цэнтральны батанічны сад. Гэты цудоўны дзень у Акадэміі навук падарыў мне вялізнае натхненне і жаданне калісьці вярнуцца туды зноў.

За што я люблю родную зямлю?

У наш час, сярод шумнацечнай плыні жыцця, у кожнага чалавека ёсць месца, дзе ён адпачывае і сэрцам, і душой. Тое месца, дзе знікаюць усе праблемы, крыўды, дзе абавязкова знойдуцца адказы на, здавалася б, невырашальныя пытанні паўсядзённага жыцця, дзе адчуваеш сябе абароненым ад ворагаў і ўсялякіх бед, дзе цябе заўсёды выслухаюць і падтрымаюць. У кожнага чалавека ёсць свая радзіма, і кожны любіць яе. Любіць месца, дзе нарадзіўся і жыве. Любіць родную прыроду, свой народ. Чалавек ні на хвіліну не забываецца пра той край, дзе пакінуў свой след яго прашчур, адкуль пачаўся яго род. Без Бацькаўшчыны  і свайго народа ён не можа жыць.

Мой родны кут, як ты мне мілы!

Забыць цябе не маю сілы!

Так пісаў Якуб Колас у паэме “Новая зямля”, якая з’яўляецца энцыклапедыяй жыцця беларускага народа.

За што я люблю сваю родную зямлю, той куточак, які мілы майму сэрцу - месца, якое з’яўляецца для мяне нечым незвычайным, блізкім і вельмі родным? Знаходзіцца ён у Навагрудскім раёне Гродзенскай вобласці і мае незвычайную назву – Валеўка. Назва, відавочна, утворана ад асновы вал - селішча за валам. Аднак існуе і такая здагадка: вал з'яўляецца роднасным словам "звалка", "перавалка", а гэта дае права меркаваць, што вёска ў далёкай старажытнасці мела гандлёвае значэнне. Хутчэй за ўсё ракой дастаўлялі тавары, а з Валеўкі сухапутным шляхам развозілі па навакольных вёсках. Яшчэ ў XIX стагоддзі Валеўка лічылася гандлёвым мястэчкам. У 2004 годзе яна набыла статус аграгарадка.

Я жыву ў роднай вёсцы,

За лугамі і лясамі.

Тут заўсёды стрэнуць госця

Усім, што маюць дома самі.

Мой аграгарадок зусім не вялікі, але такі ўтульны і дарагі сэрцу. Валеўка для мяне - гэта ўрадлівая глеба, дагледжаныя вуліцы, бела-ружовыя сады вясной, клёкат буслоў на родным даху і ўсмешкі ветлых суседзяў. Гэта дом, дзе заўсёды чакаюць, дзе пахне яблыкамі і свежай выпечкай. Месца, куды хочацца вяртацца з далёкіх падарожжаў. Гэта мая сям’я, ласкавыя рукі матулі і шчырыя размовы з гарачай гарбатай у руках. Гэта мае сараўдныя сябры і першае трапяткое пачуццё, што завецца каханнем. Ці можна ўсё гэта не любіць?

А якія гасцінныя, талерантныя і добразычлівыя мае аднавяскоўцы! Кожнага з іх аб’ядноўваюць працалюбства і кранальна сваяцкая, кроўная любоў да зямлі. А якія дружныя мае аднавяскоўцы! Шэраг хат у Валеўцы пабудавана талакою.

Мая вёска мае незвычайна фантастычную гісторыю. Уладзімір Караткевіч у кнізе нарысаў “Зямля пад белымі крыламі” ўзгадвае:

“Валеўка. Гэта вёска сучасная, але і тут ёсць старажытнасць.

У прыватнасці курганы, гарадзішча, трохсотгадовая драўляная царква (раней яна была касцёлам, і гэта ў ёй, згодна паданню, вянчаўся з Зосяю Міцкевічаў пан Тадэвуш), а ў ёй іконы работы… В. М. Васняцова. Так-так, вывезеныя калісьці з Варшавы ў Баранавічы і ў некалькі вёсак. У прыватнасці, у Валеўку… Тут багатыя фермы і будынкі, школа з музеем, ледзь не самым багатым сярод усіх школьных музеяў на Беларусі: ад палеаліта да нашых дзён. У школе ёсць і свой цікавы батанічны сад з мноствам экзатычных раслін. А ў садзе невялікія сажалкі, у якіх дзеці разводзяць рыбу і куды яны выпусцілі чарапах.”

А якая ў нас прыгожая прырода! Ад шумных магістраляў і горада вёску аддзяляе лес. Ён як бы абдымае яе з усіх бакоў, як маці сваё любае дзіця.

Валеўка знаходзіцца побач з возерам, апетым шматлікімі легендамі, – Свіцяззю. Вада тут такая, што, кажуць, калі нават проста выкупацца -  валасы рыпяць дні два. На беразе возера знаходзіцца аднайменны санаторый  “Свіцязь”, куды прыязджаюць турысты не толькі з Беларусі, але і з-за мяжы, каб адпачыць і аздаравіцца. Нездарма славуты наш А. Міцкевіч пісаў:

Калі навагрудскія ўбачыш прасторы,

Ракітнік разгалісты, нізкі,-

Каня супыні ля плужынскага бору,

Каб глянуць на возера зблізку.

Часта мне хочацца вярнуцца ў тую пару, калі я была маленькай дзяўчынкай і разам з брацікам, басаногія, гойсалі па гэтым чароўным кутку прыроды. Тады ўсё было інакш. Кожнае дрэва, кожная сцежка былі нечым цікавым і патаемным. Здавалася, перад табой адкрыты ўсе дарогі.  Ды і цяпер, гледзячы на гэта ўсё, ты разумееш, што не пра ўсе таямніцы расказала табе маці-прырода. Лес так і запрашае цябе: «Зайдзі, пачастуйся свежай ягадкай ці грыбочкам, а я табе нешта  цікавае раскажу!».

Нягледзячы на тое, што Валеўка – сучасны аграгарадок з камфортнымі ўмовамі для пражывання  і мае мноства пазнавальных аб’ектаў гісторыі, яму ёсць да чаго імкнуцца. Ініцыятыўныя жыхары Валеўкі сфармавалі шэраг перспектыў для далейшага росквіту нашага любага куточка. Мы прапануем адрадзіць сядзібу Чамброў і стварыць там музей “Пана Тадэуша” (шляхецкую сядзібу), дзе можна было б прадставіць інтэр’ер жылога памяшкання шляхты тых часоў. Наведвальнікі маглі б акунуцца ў мінулае жыццё герояў паэмы “Пан Тадэуш” А. Міцкевіча, таму што большасць даследчыкаў лічыць, што правобразам Сапліцова быў менавіта Чамброў. У пакоях размясціць габелены, партрэты, бібліятэку, якімі славіўся маёнтак у свой час. Такі б музей мог бы стаць філіялам дома-музея А.Міцкевіча.

Наша школа падтрымлівае сувязі з выхадцамі маёнтка Чамброў, якія таксама зацікаўлены ў яго адраджэнні. І калі б была такая магчымасць – адрадзіць гэты маёнтак, то яны змаглі б перадаць дакументы, цікавыя фотаздымкі былых уладальнікаў.

Дарэчы, сядзібу Чамброў мы прапануем ператварыць у турыстычны цэнтр. У якасці атэля раім выкарыстаць будынак раённай турыстычнай базы (пасля пэўнай рэканструкцыі), сыраварню ператварыць у карчму, дзе вас пачастуюць не толькі стравамі нацыянальнай кухні, але і знакамітымі сырамі “Байко”, якія прадавалі за мяжу. Аднавіць стайню з шырокім выбарам конных прагулак па ваколіцах Чамброва і возера Свіцязь.

У такой сядзібе можна было б арганізаваць літаратурныя вечары, таму што менавіта тут адбылася сустрэча Міколы Міцкевіча і Барбары Маеўскай.

На жаль, час не стаіць на месцы, зараз мы ўжо выраслі, хутка разляцімся па свеце, як тое насенне. Кожны недзе пусціць свае карані.  Але не забудземся, будзем прыязджаць сюды, у родную вёску. А яна чакае нас, чакае, як маці сваіх дзяцей, такая ж прыветлівая, утульная, родная, ласкавая, да болю знаёмая. Так, як чакала  сваіх дзяцей Ганна, гераіня апавядання В. Карамазава “Дзяльба кабанчыка”. Здаецца, яна будзе чакаць заўсёды: і ў зімовую сцюжу, і ў спякотны летні дзень… І куды б цябе не занеслі віхуры жыцця, як бы ты сябе не адчуваў, добра ці дрэнна, заўсёды павінен ведаць, што недзе ёсць куточак, твайму сэрцу мілы. Напэўна, таму што тут мы пакідаем частку сябе, свайго жыцця, якую не выкінеш, не сатрэш, пакідаем нешта важнае, што дапамагае жыць, марыць, верыць у светлую будучыню і радавацца кожнаму дню…

Нездарма 2018-2020 гады ў Беларусі аб’яўлены Годам малой радзімы, бо гэта яшчэ адна нагода для нас успомніць, дзе нашы карані, дзе нашы вытокі. Ва ўсе часы светлыя ўспаміны пра родныя мясціны дапамагаюць людзям ісці па жыцці, пераадольваючы цяжкасці і перашкоды. І самы час аддзячыць малой радзіме ўвагай, клопатам і дапамогай.

Як крэда для мяне ў жыцці і напамінак пра родную зямлю гучаць словы Таісы Трафімавай:

Зямля бацькоў – цудоўная зямля!

Пашчасціла і мне тут нарадзіцца.

Да скону дзён, і зблізку, і здаля

Табою, любы край, мне ганарыцца!

Юлія Лісіца,

вучаніца 11 класа Валеўскага дзіцячага сада-сярэдняй школы