Персанальная выстаўка Веранікі Фраловай праходзіць у раённым Цэнтры рамёстваў

Персанальная выстаўка Веранікі Фраловай праходзіць у раённым Цэнтры рамёстваў

Персанальная выстаўка Веранікі Фраловай праходзіць у раённым Цэнтры рамёстваў

02 февраля 2023 894

«Куточак зямлі, што Радзімай завецца» – пад такой назвай у Навагрудскім раённым цэнтры рамёстваў праходзіць персанальная выстаўка ўдзельніцы народнага клуба майстроў «Каляровая альтанка» Веранікі Фраловай, прысвечаная Году міру і стварэння.

На выстаўцы прадстаўлена 21 работа, якія выкананы ў тэхніцы вырэзвання з паперы. Выцінанкай майстрыха пачала займацца з 2014 года. Акрамя работ, зробленых у традыцыйнай тэхніцы выбівання ўзораў на паперы, прадстаўлена 9 пано – выцінанак, у якіх майстрыха хацела раскрыць тэму любві да сваёй краіны, яе прыгажосці і сілы. Дажынкі, Купалле, сімвалічнае Дрэва жыцця – гэта нашы карані, памяць і будучыня. Як сімвал-­абярэг – арнаментны пояс каля кожнай работы. Адна з цэнтральных выцінанак прысвечана Году міру і стварэння.

Падчас адкрыцця выстаўкі ўсім прысутным было прапанавана ўпрыгожыць у тэхніцы выцінанкі крылы папяровым галубам. Гэта быў адначасова і майстар-клас па вырабе выцінанкі, і падарунак на памяць аб цёплай сустрэчы, і пажаданне міру і дабра.

Таленавіты чалавек – таленавіты з дзяцінства, а яшчэ вялікую ролю іграюць гены. Вераніка з дзяцінства вельмі любіла маляваць, як тата Міхаіл Іванавіч. Любоў да выцінанкі-выбіванкі ў яе ад матулі Наталлі Клімко. Усе падарункі на святы для бацькоў – размаляваныя паштоўкі, невялікія сувеніры – рабіла сваімі рукамі. У школе ўдзельнічала ў конкурсах на лепшыя плакаты і насценныя газеты. З 2011 года Вераніка – інструктар па працатэрапіі ў Навагрудскім псіханеўралагічным доме-інтэрнаце. Для таго, каб упрыгожыць сцены інтэрната, вырашыла асвоіць мастацтва выразання ўзораў на паперы. Спачатку рабіла простыя выцінанкі, а потым пераняла спосаб вырабу традыцыйнай навагрудскай выцінанкі-выбіванкі ў матулі і зараз самастойна займаецца гэтым унікальным мастацтвам. У інтэрнаце Вераніка вядзе гурток «Выцінанка-выбіванка», дзе па яе эскізах удзельнікі гуртка стварылі шмат цікавых ажурных пано, якія добра стасуюцца з афармленнем інтэр’ера. У 2021 годзе майстрыха завочна закончыла факультэт эстэтычнай адукацыі Мінскага педагагічнага ўніверсітэта імя М. Танка. Дыпломная работа «Нараджэнне Хрыстова» была выканана ў спалучэнні тэхнік выцінанкі і выбіванкі.

Як творчы чалавек, Вераніка мае свой асабісты почырк. Яе работы вытанчана-дэкаратыўныя. На ажуры сеткі жывуць яе мары, яе фантазіі. Птушкі, кветкі, галінкі – гэта песня роднай прыродзе і яе хараству ў любую пару года. Кожная выбіванка можа існаваць як асобны твор, а разам – гэта серыя гадавога кола – вясна, лета, восень, зіма.

Акрамя выцінанкі, майстрыха валодае тэхнікамі саломапляцення, бісерапляцення і рознымі відамі дэкаратыўнага мастацтва. Вучоба ва ўніверсітэце дапамагла асвоіць новыя віды народнай творчасці: вышыўку ручнікоў і пляценне паясоў.

Вераніка Фралова ўдзельнічае ў розных выстаўках і майстар-класах народнага клуба майстроў, мае шэраг узнагарод за сваю творчасць.

Завітайце ў раённы Цэнтр рамёстваў на выстаўку, упэўнена, будзеце вельмі задаволены.

Вольга Пісар, «НЖ». 


Приложения в Google Play – TelegramДалучайцеся да нашага Telegram-каналу!