Хочаце ўбачыць краявіды Уселюбскай зямлі з вышыні птушынага палёту? Тады завітайце ў касцёл святога Казіміра, дзе сёння, 20 ліпеня, была ўрачыста адкрыта лесвіца, як сімвал «узыходжання», духоўнага ўздыму святога каралевіча Казіміра да вяршыняў святасці.
Так, на Навагрудчыне шмат цікавых гістарычных, духоўных і турыстычных месц, наведаўшы якія, хочацца ўбачыць іх яшчэ раз. Упэўнена, і лесвіца святога Казіміра стане тым аб’ектам, куды будуць прыязджаць не толькі навагрудчане, але і шматлікія госці. А ўздым па лесвіцы нікога не пакіне раўнадушным, бо на кожным ярусе абуладкавана назіральная пляцоўка, з якой можна палюбавацца непаўторнымі краявідамі. А яшчэ ўнутры – міні-галерэя, дзе прадстаўлены рэпрадукцыі карцін, калекцыя крыжоў, звон Багародзіцы і святога Юзафа, маса якога 300 кг.
Знаходзіцца лесвіца ў трох’яруснай вежы-званіцы касцёла (канец ХІХ стагоддзя). Вышыня вежы 34 метры, а падымацца давядзецца па 89 прыступках.
З раніцы ў касцёле святога Казіміра адбылася святая імша, пасля якой госці і прыхаджане прынялі ўдзел ва ўрачыстым адкрыцці лесвіцы святога Казіміра.