Ніна Каратай – дзіця ненавіснай вайны

Ніна Каратай – дзіця ненавіснай вайны

Ніна Каратай – дзіця ненавіснай вайны

11 апреля 2024 717
Гісторыя чалавецтва захоўвае шмат журботных дат і жахлівых падзей. Адной з самых страшных старонак чалавечай гісторыі стала гісторыя фашысцкіх канцэнтрацыйных лагераў.

У памяць аб загінулых у лагерах смерці і тых, хто выжыў, штогод 11 красавіка ва ўсім свеце адзначаецца Міжнародны дзень вызвалення вязняў фашысцкіх канцлагераў. Дзень памяці і смутку… Гэтая дата была выбрана і зацверджана не выпадкова. Яна была ўстаноўлена ў памяць аб інтэрнацыянальным паўстанні вязняў канцэнтрацыйнага лагера Бухенвальд, якое адбылося 11 красавіка 1945 года.

У гады Другой сусветнай вайны эсэсаўцы стварылі каля 14 тысяч канцлагераў, дзе мучылі, ставілі вопыты і жорстка забівалі людзей. Праз гэтыя фаб­рыкі смерці прайшлі каля 20 мільёнаў чалавек з 30 краін свету. Гэтыя трагічныя падзеі адгукаюцца болем у сэрцах беларусаў. На тэрыторыі нашай краіны налічвалася больш за 260 лагераў. Найбольш буйныя знаходзіліся ў Мінску, Азарычах, Гомелі, Полацку і Бабруйску. Там абарваліся звыш 1,5 мільёна жыццяў. Беларусы не забываюць пра пакуты свайго народа і свята шануюць памяць аб загінулых.

Фашызм нанёс чалавецтву страшны непапраўны ўдар. Вайна не шкадавала ні дзяцей, ні старых, ні жанчын – гінулі ўсе незалежна ад узросту, полу, нацыянальнасці. Больш за ўсё лю­дзей загінула не на франтах, а ў лагерах смерці...

Першы канцэнтрацыйны лагер у нацысцкай Германіі быў пабудаваны амаль адразу пасля прыходу да ўлады Гітлера ў 1933 г. Ён размяшчаўся на ўскраіне г. Дахау. Па прызнанні саміх эсэсаўцаў, вязень, працягласць жыцця якога ў лагеры складала менш за год, прыносіў нацыстам амаль паўтары тысячы рэйхсмарак чыстага прыбытку.

У 1937 г. недалёка ад г. Веймара быў створаны канцлагер Бухенвальд. Найцяжэйшыя ўмовы існавання, голад, непасільная праца і пабоі сталі прычынай масавай гібелі вязняў. На людзях ставілі бесчалавечныя медыцынскія эксперыменты. Найбуйнейшы нацысцкі канцэнтрацыйны лагер Бухенвальд, па розных даных, меў ад 66 да 130 філіялаў і знешніх рабочых каманд. Найбольш буйныя: «Дора» (блізу горада Нордхаузен), «Лаура» (блізу горада Заальфельд) і «Ордруф» (у Цюрынгіі). Акрамя Бухенвальда жорсткасцю нацызму «славіліся» Асвенцым, Майданек, Маўтхаўзен, Штутгоф, Заксенхаўзен, Трэблінка...

У 1946 г. Міжнародны трыбунал у Нюрнбергу прызнаў, што ўтрыманне ў няволі мірных грамадзян замежных дзяржаў, роўна як і выкарыстанне ў прымусовым парадку іх працы ў інтарэсах Германіі, з'яўляецца не толькі ваенным злачынствам. Яно было кваліфікавана як злачынства супраць чалавецтва: непасільная праца, жудасныя ўмовы ўтрымання, пабоі, жорсткія здзекі адбіліся на здароўі, працягласці жыцця ахвяр нацызму.

За гады Другой сусветнай вайны праз гэтую жахлівую фабрыку смерці прайшлі 18 мільёнаў чалавек, з іх пяць мільёнаў – грамадзяне Савецкага Саюза. У Навагрудку зараз пражывае 20 вязняў. Сярод іх нямала тых, хто быў выгнаны ў Германію або заключаны ў лагеры смерці на тэрыторыі Беларусі. Наша зямлячка, жыхарка аг. Уселюб Ніна Максімаўна Каратай не проста адчула жахі фашысцкага лагера смерці – яна там нарадзілася. Ненавісная вайна ўнесла страшныя наступствы ў яе жыццё. Ніна Максімаўна пранесла іх праз усё жыццё і дзеліцца ўспамінамі сёння – у асаблівы дзень для былых вязняў фашысцкіх канцлагераў.

Перш, чым пачаць нашу размову, жанчына прачытала верш, які напісала і прысвяціла матулі.

Мама и я
Мамочка в г. Витебске
Тихо и мирно жила.
Надвинулась вдруг ненавистная,
Проклятая всеми война.
          Ужасная война,
          Смертельная она,
          Ненавистная всеми война.
И на лихую чужбину
Война тебя унесла.
Для жизни – война не причина –
Меня ты там родила.
        Дочку ты там,
        Ниночку там,
        Меня ты там родила.
Грудью меня ты вскормила,
Всё, что могла, отдала,
Выхаживала, нежно любила,
В муках меня сберегла.
      Ждала меня,
      Любила меня,
      В муках меня сберегла.
Я ведь с тобою, родная,
Только три года жила.
И после долгой разлуки
Увидеть тебя не смогла.
      Только во сне,
      Однажды во сне,
      Видела мама тебя.
Долго о тебе я не знала,
Надеждой на встречу жила.
Также отца не видела
Отняла у меня вас война.
       Только война,
       Отняла война,
       Любимую мать и отца.
Добротой ты меня наделила –
Буду такая, как мать.
И всё, что ты мне подарила,
Никому ни за что не отнять.
      Нет, ни за что
      И никогда,
      Никому не отнять.
Строки тебе посвятила,
Мама, родная моя,
В сердце имеется сила,
Забыть не смогла я тебя!
     Мама моя, родная моя,
     Пока я живу,
     Ты будешь со мною всегда.

  – Як вы ўжо зразумелі, мая матуля да вайны жыла ў Віцебску. У 1943 годзе яе разам са старэйшым маім братам вывезлі на прымусовыя работы ў Германію. У двух дамах у Віцебску (у адным з іх жыла матуля), фашысты зрабілі штаб. Яны здзекаваліся над нашымі жанчынамі… Затым вывезлі ў Германію і там мучылі. Мама Матрона Піліпаўна Каралёва працавала ў адным з філіялаў канцлагера «Бухенвальд», канцлагеры «Лаура», які размяшчаўся недалёка ад горада Заальфельд, – дзеліцца ўспамінамі Ніна Максімаўна.

Ніна Каратай (Каралёва) – дзіця ненавіснай вайны. Яе лёс не проста пакалечыла вайна, а перакрэсліла. Ніне Максімаўне было ўсяго тры гады, калі апошні раз бачыла матулю. І гэта ўжо было на Ра дзіме, куды яны разам вярнуліся. Аднак дзяўчынку не прыняў айчым. І суседзі, ратуючы ад яго здзекаў, аддалі маленькую Ніну адразу ў дзіцячы дом у Віцебску, затым былі Будслаўскі і Гальшанскі дзіцячыя дамы. Творчыя здольнасці дазволілі дзяўчыне паступіць ў Маладзечанскае музычнае вучылішча.

– Падчас вучобы ў музычным вучылішчы пачала шукаць родных. Мне ўвесь час здавалася, што не магу быць на гэтым свеце адна, – адзначае падчас нашай размовы гераіня. – Дзякую Богу, што на свеце шмат добрых людзей, якія пачалі дапамагаць мне. У Маладзечне звярнулася ў арганізацыю Чырвоны крыж, пашпартны стол, былі дадзены запыты ва ўсе дзіцячыя дамы, дзе вучылася, у Віцебск. Доўга ішлі пошукі, але ўсё атрымалася. Мяне выклікалі ў пашпартны стол і расказалі, дзе шу каць родных. Адразу ж паехала ў Віцебск. На жаль, матулі ў жывых ўжо не было. Сустрэла толькі старэйшага брата Васіля, былі яшчэ малодшыя чацвёра дзяцей. Матуля памерла пры родах, зусім маладой, так расказалі суседзі.

Ва Уселюб, дзе большую частку жыцця пражыла, Ніна Максімаўна прыехала разам з мужам Аляксандрам Паўлавічам. Яны разам вучыліся ў Маладзечанскім музычным вучылішчы. Ва Уселюбе за 20 гадоў жанчына працавала выхавальніцай у дзіцячым садзе, затым па стане здароўя вымушана была перайсці на пошту. Яшчэ 10 гадоў дастаўляла карэспандэнцыю мясцовым жыхарам.

28 красавіка Ніна Максімаўна адзначыць 80-гадовы юбілей. З надыходзячым днём нараджэння віншуюць матулю дачка Таццяна і сын Віктар. Жадаюць любімай матулі моцнага здароўя і шчасця.

Нягледзячы на нягоды лёсу, на тое, што было перажыта ў дзіцячыя гады, жанчына не страціла веры ў людзей, надзеі на шчасце. На пытанне знаёмых, як можна быць такой добрай па жыцці, Н.М. Каратай заўсёды адказвае: «У Германіі трэба нарадзіцца, у дзіцячым доме выхоўвацца – тады будзеш добрай, навучышся многае цаніць».

З моманту заканчэння Другой сусветнай вайны прайшло шмат гадоў, здаецца, гэта было вельмі даўно. Але толькі не для вязняў, якія асабіста прайшлі скрозь жахі фашысцкіх засценкаў. Біяграфіі гэтых людзей – гэта сапраўдныя ўрокі мужнасці для прадстаўнікоў падрастаючага пакалення.

Вольга Пісар, «НЖ».

#ДЕНЬ_ПОБЕДЫ_НА_ГРОДНЕНЩИНЕ

«Новае жыццё» | Telegram | VK | OK | Facebook |
Instagram | YouTube | TikTok |