Найлепшая мова – родная! 21 лютага юныя навагрудчане адзначаюць Міжнародны дзень матчынай мовы

Найлепшая мова – родная! 21 лютага юныя навагрудчане адзначаюць Міжнародны дзень матчынай мовы

Найлепшая мова – родная! 21 лютага юныя навагрудчане адзначаюць Міжнародны дзень матчынай мовы

21 февраля 2023 1040

«У любiмай мове, роднай, наскай, ах, якiя словы: «Калi ласка!..». Як звiняць яны сардэчнаю струною, праз усё жыццё iдуць са мною», – так пранікнёна пра матчыну мову пісаў Пятрусь Броўка. Мова – гэта тое, што нас аб’ядноўвае i робiць унiкальнымi. У кожнага чалавека свая родная мова – сакавітая, бацькоўская, пачутая ад матулі і таты, настаўнікаў, у меладычных песнях, прачытаная на старонках любімых кніг. 21 лютага прыхільнікі роднага беларускага слова адзначаюць Міжнародны дзень матчынай мовы.

Напярэдадні святочнага дня я завітала да першакласнікаў сярэдняй школы № 4 г. Навагрудка. 1 «В» клас – беларускамоўны. І так прыемна было, зайшоўшы ў клас, пачуць беларускае слова. А з дзіцячых вуснаў «добрай раніцы, заходзьце, калі ласка, дзякуй і да пабачэння» гучыць па-асабліваму мілагучна. І так радасна за юных навагрудчан, якія з задавальненнем, не саромеючыся, размаўляюць на роднай мове. Беларуская мова нам падабаецца тым, што яна самая родная, прыгожая і меладычная, наперабой гавораць дзеці. І хочацца верыць, што матчына мова стане спадарожніцай на ўсё жыццё для маленькіх беларусаў.

А адчыняе юным навагрудчанам дзверы ў свет ведаў, у свет жыцця, знаёміць з беларускімі традыцыямі настаўніца Людміла Бузук. Разам яны робяць упэўненыя крокі ў вялікі свет беларускамоўных зносін, чытаюць і размаўляюць, пішуць, ладзяць конкурсы і святы на роднай мове.

– Гэта мой трэці набор у клас з беларускай мовай навучання. І шчыра скажу: душа радуецца за такіх дзяцей, яны мая аддушына. Усе добра чытаюць, пішуць, – расказвае Людміла Андрэеўна. – Перавага вялікая для дзяцей, у класе займаецца 9 вучняў, можна сказаць, індывідуальнае навучанне. А таксама беларускамоўны клас вучыцца заўсёды ў першую змену. Бацькі задаволены поспехамі, жаданнем і ахвотай вучыцца па-беларуску. Беларуская мова дапамагае дзецям думаць нестандартна, дысцыплінуе, падштурхоўвае да пазнання новага, нязведанага, роднага.

– Трэба сказаць, што бацькі маюць магчымасць выбраць для сваіх дзяцей адну з дзвюх дзяржаўных моў для навучання. І радасна, што з 1989 года ў нашай школе адкрываюцца беларускамоўныя класы. Вось і сёлета 9 першакласнікаў распачалі займальнае падарожжа ў краіну роднага слова. Яшчэ ў пачатковай школе 4 «Г» клас таксама беларускамоўны. У новым навучальным годзе таксама будзе набор у першы клас з беларускай мовай навучання, – расказвае намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Марына ЖЫДКО. – Упэўнена, што любоў і павагу да мовы продкаў трэба выхоўваць з маленства. А моўная культура беларускага народа надзвычай багатая i самабытная. Чалавек, які ведае родную мову, самавыхаваны. Дзецям веданне беларускай мовы дае добрыя перавагі – ім лягчэй даеццца ўспрыманне матэрыялу як па беларускай мове, так і па іншых прадметах. Заўважылі яшчэ такую заканамернасць: вучні беларускамоўнага класа часцей становяцца пераможцамі алімпіяд і па іншых прадметах. У нас ёсць і свае традыцыі ў школе – з 2017 года ладзіцца творчая ініцыятыва, прысвечаная роднай мове, – «Маладзічок». Вучні пачатковых класаў спрабуюць сябе ў якасці дэкламатараў, спевакоў, акцёраў і музыкантаў спачатку ў сваіх класных калектывах, а далей лепшыя з лепшых заяўляюць аб сабе на ўзроўні школы. Выступаюць на сцэне з тэатральнымі пастаноўкамі, дэманструюць свае ўменні і крэатыў, творчасць і акцёрскае майстэрства. Сёлета «Маладзічок» пройдзе 25 лютага, прымуць удзел не толькі дзеці, але і іх бацькі. Тэматыка творчай ініцыятывы штогод мяняецца – прымеркавана часцей да юбілейных дат беларускіх пісьменнікаў і паэтаў. Разам з тым, «Маладзічок» пашырае свае межы, прымаюць удзел у творчай ініцыятыве і старшакласнікі. Усе, без выключэння, удзельнікі адзначаюцца дыпломамі і памятнымі значкамі. Любоў да роднага слова, крэатыў, садружнасць дарослых і дзяцей дазваляюць расці «Маладзічку» і станавіцца поўняй.

Мова – душа народа, векавая памяць многіх пакаленняў, наш галоўны нацыянальны скарб. Сёння гонар і абавязак усіх нас – шанаваць родную мову!

Кацярына Юр’еўна, матуля першакласнiка беларускамоўнага класа Аляксея Шпілені, расказвае, што рашэнне аб тым, што сын будзе навучацца на роднай мове, сям’я прыняла свядома.

– У нашай сям’і ёсць добрая традыцыя, якой мы не здраджваем ужо не адзін дзясятак гадоў – навучанне на роднай мове. Лічу, што трэба ведаць перш за ўсё мову сваіх продкаў, а пасля вывучаць і іншыя. Мае бабулі і дзядулі, бацькі, мы з братам заканчвалі беларускамоўныя класы. Асаблівая любоў да беларускай мовы ў мяне ад бабулі, настаўніцы Лаўрышаўскай школы Раісы Цімафееўны Літвін. Не толькі я пасля заканчэння школы выбрала вучобу на філалагічным факультэце, але і многія вучні таксама ўдзячны маёй бабулі за своечасова прывітую любоў да роднай мовы. У сярэдняй школе № 4 вучыўся мой тата, я, а зараз вучыцца мой сын. Усе ў беларускамоўным класе. Асаблівыя словы ўдзячнасці адрасую маёй любімай настаўніцы Ларысе Анатольеўне Дзедавец. Радуемся з мужам за сына, што яму цікава вучыцца і пазнаваць родную мову. Таксама імкнёмся дома размаўляць па-беларуску і кнігі, і мультфільмы сыну прапануем на роднай мове.


Вольга Пісар, «НЖ».


Приложения в Google Play – TelegramДалучайцеся да нашага Telegram-каналу!