Навагрудчане адзначылі дзень нараджэння Адама Міцкевіча

Навагрудчане адзначылі дзень нараджэння Адама Міцкевіча

Навагрудчане адзначылі дзень нараджэння Адама Міцкевіча

24 декабря 2020 1327

Навагрудчына – самы мілы на зямлі, самы дарагі сэрцу край, дзе назаўсёды засталася часцінка душы паэта. А колькі любві,  болю, тугі ў словах яго прызнання: «І вечна сняцца мне Навагрудак і Туганавічы…» Чытаючы яго творы, яго пісьмы, успаміны аб ім сучаснікаў, здаецца, не было ў жыцці Адама Міцкевіча ні аднаго дня, каб ён не ўспамінаў Радзіму. Навагрудская зямля таксама памятае свайго славутага сына. На малой радзіме нямала робіцца для ўшанавання памяці Адама Міцкевіча.

24 снежня, у дзень нараджэння славутага земляка, навагрудчане сабраліся каля помніка Адаму Міцкевічу, каб выказаць пашану генію сусветнай літаратуры і ўскласці жывыя кветкі.



24  снежні І798 г., напярэдадні вялікага хрысціянскага свята Раства Хрыстова, у сям’і Мікалая і Барбары Міцкевічаў нарадзілася другое дзіця. Як сведчыла сямейнае паданне, акушэрка Барбара Маладзецкая паклала немаўля на старонкі разгорнутай кнігі з запісамі судовых працэсаў, а па іншай версіі – з творамі Ігнація Красіцкага, тым самым як бы прадвызначыўшы далейшы лёс дзіцяці.

Першым дакументам, які засведчыў асобу Адама Міцкевіча, стаў запіс у рэгістрацыйнай кнізе навагрудскага Фарнага касцёла аб яго хрышчэнні 12 лютага І799 г.

Творчасць і грамадская дзейнасць Адама Міцкевіча прысвечана перш за ўсё роднай беларускай зямлі, яе людзям, якіх ён хацеў бычыць вольнымі і шчаслівымі.


На Навагрудчыне ўшаноўваецца памяць Адама Міцкевіча. У гонар паэта ў нашым горадзе адкрыты і працуе Дом-музей Адама Міцкевіча, насыпаны Курган Бесмяроцця, у 1998 годзе ўзведзены помнік Адаму Міцкевічу скульптара В. Янушкевіча, а таксама адна з цэнтральных вуліц горада названа ў гонар генія паэзіі.

У Доме-музеі да 222-годдзя са дня нараджэння Адама Міцкевіча прайшла літаратурна-музычная імпрэза «Ты нарадзіўся ў сэрцы Беларусі».

Прысутныя з задавальненнем слухалі паэтычныя творы паэта, музычныя кампазіцыі Ф. Шапэна – сябра Адама Міцкевіча.


На выстаўцы з фондаў музея «Спадчына Міцкевіча ў выданнях 19 стагоддзя» прадстаўлены 22 кнігі з творамі А. Міцкевіча, якія, безумоўна, вядомыя ва ўсім свеце: паэма «Пан Тадэвуш», «Дзяды», «Гражына», «Конрад Валенрод», «Кнігі народа польскага і польскага пілігрымства», курс лекцый па славянскіх літаратурах, а таксама літаратурныя і палітычныя артыкулы і зборнікі розных твораў – гэта  балады і рамансы,  санеты, вершы рознага кшталту. 


Так атрымалася, што жыў Адам Міцкевіч у нашым горадзе Навагрудку толькі да 17 гадоў, пазней прыязджаў да матулі толькі ў госці. Апошні раз быў у родным доме ў 22-гадовым узросце. Доўгі час паэт жыў за мяжою. Адам Міцкевіч стаў вядомым ва ўсім свеце паэтам, але, дзе б ні жыў наш зямляк, ён заўсёды хацеў вярнуцца ў родны Навагрудак.

 

Вольга Пісар, «НЖ»