Общество

У праваслаўных вернікаў пачаўся Вялікі пост

У праваслаўных вернікаў пачаўся Вялікі пост

16 марта 2021 1885

Вялікі пост – гэта час, калі вернікі рыхтуюць сябе да Вялікадня не толькі фізічна – праз асаблівыя правілы рацыёну, але і праз духоўныя выпрабаванні: малітву, добрыя справы і міласэрнасць да блізкіх. На працягу сямі тыдняў у храмах пройдуць адпаведныя набажэнствы. Папярэднічала галоўнаму посту Даравальная нядзеля, калі хрысціяне прасілі прабачэння адзін ў аднаго, каб у асаблівы час уступіць духоўна падрыхтаванымі.

Сёлета Вялікі пост пачаўся 15 сакавіка і завершыцца 2 мая. Аб сэнсе і правілах выканання самага строгага і самага доўгага посту праваслаўных хрысціян нагадвае благачынны цэркваў Навагрудскай акругі протаіерэй Анатолій ГЕРАСІМУК.

– Вялікі пост, які пачынаецца за сем тыдняў да Уваскрэсення Хрыстова, – вялікае выпрабаванне для праваслаўнага хрысціяніна. Пост – гэта доказ нашай веры і любові да Бога, час служэння Госпаду малітвай і пакаяннем. Постам прабуджаецца, ачышчаецца душа чалавека.

У час посту галоўныя прадукты харчавання, якія можна ўжываць, – хатнія нарыхтоўкі (салёная і марынаваная гародніна), свежая гародніна, сушаная або свежая садавіна, арэхі, бульба, грыбы, крупы, у асобныя дні – раслінны алей. Рыбу дазваляецца есці толькі на Благавешчанне і Вербную нядзелю. У Страсную пятніцу нельга есці ежу да вынасу Плашчаніцы.

Нельга ўжываць сметанковае масла, мяса, каўбасы, малако, яйкі, соусы і г.д. Каб не ўзнікла праблем са здароўем, з дазволеных прадуктаў гатуйце розныя стравы: салаты, кашы, запяканкі, пірагі, рагу і абавязкова ўжывайце супы.

Харчаванне па днях:

Панядзелак, серада, пятніца – сухаядзенне.

Аўторак, чацвер – гарачыя стравы без алею.

Субота, нядзеля – гарачыя стравы з алеем.

Згодна з царкоўнымі правіламі, дазваляецца не абмяжоўваць сябе ў ежы малым дзецям, цяжарным жанчынам і тым, хто корміць немаўля, цяжкахворым людзям, воінам. У некаторых выпадках дазваляецца частковае абмежаванне ў ежы. Перад пачаткам посту неабходна атрымаць благаславенне свяшчэнніка і параіцца з урачом.

Вольга ПІСАР, «НЖ»