Прафесія і прызванне – служыць сваім чытачам. Сёлета спаўняецца 70 гадоў як пачалі працаваць Навагрудскія гарадскія бібліятэкі

Прафесія і прызванне – служыць сваім чытачам. Сёлета спаўняецца 70 гадоў як пачалі працаваць Навагрудскія гарадскія бібліятэкі

17 июля 2019 3123

Навагрудская гарадская дзіцячая бібліятэка пачала працаваць з 1 ліпеня 1949 года згодна з рашэннем №201 выканаўчага раённага Савета дэпутатаў працоўных ад 18 мая 1949 года «Аб адкрыцці новых культпрасветустаноў у 1949 годзе», бібліятэка для дарослых – з 1 верасня 1949 года. Сёння хочацца азірнуцца назад і расказаць чытачам газеты гісторыю гэтых бібліятэк, бо яны частка гісторыі нашага горада, у якога, дарэчы, сёлета таксама юбілей. Навагрудку – 975!

1_3.jpg

Пачатак

Агульны кніжны фонд бі­бліятэк на час іх адкрыцця наліч­ваў усяго 3130 экзэмпляраў. Зразумела, што гэтага было недастаткова і для якаснага абслугоўвання чытачоў кніг катастрафічна не хапала. Па дакументах відаць, што кніжны фонд пачаў паступова павялічвацца, калі бібліятэкі перайшлі на незалежны бюджэт. Згодна са справаздачай 1950 года, значыцца, што фонд толькі адной дзіцячай бібліятэкі складаў 4430 экзэмпляраў. На той час тут працавалі два чалавекі. Вядома, што ў 1953 годзе загадчыкам дзіцячай бібліятэкі была Н.А. Вавілава.

Пэўны час загадчыкам гарадской дзіцячай бібліятэкі была Лілія Чубіна. Калі ў ліпені 1971 года аддзел культуры і Навагрудская раённая бібліятэка праводзілі заняткі школы перадавога вопыту па прапагандзе сельскагаспадарчай літаратуры ў раёне, яна, як кіраўнік бібліятэкі, трымала там слова. Лілія Максімаўна дзялілася вопытам работы сваёй бібліятэкі. На мерапрыемстве выступіла і загадчык гарадской бібліятэкі Н.М. Пятроўская.

У 1974 годзе Навагрудская дзіцячая бібліятэка атрымала званне «Бібліятэка выдатнай работы». Усяго на той час у горадзе і раёне працавалі 72 бібліятэкі, і гэтае ганаровае званне было прысуджана 13 установам. Такая высокая ацэнка работы не выпадковая. Бібліятэка сапраўды была жаданым месцам не толькі для чытання, але і адпачынку; масавая работа вялася на высокім узроўні і была вельмі насычанай. У 1979 годзе тут было праведзена 117 мерапрыемстваў, у тым ліку 114 – для дзяцей.

1_3-13.jpg

Любімы занятак – чытанне

У 1979 годзе Навагрудскія гарадскія бібліятэкі ўвайшлі ў склад Навагрудскай ЦБС. На той час яны займалі будынак па вуліцы Мінскай, дом 31, мелі плошчу 116 м2. Яны арганізавалі ў горадзе 21 пункт выдачы кніг. Усяго бібліятэкі абслугоўвалі крыху больш за 6000 чытачоў, агульны кніжны фонд налічваў звыш 55000 экзэмпляраў. Дарослай бібліятэкай загадвала Святлана  Кійко, дзіцячай – Ганна Кузняцова.

Трэба сказаць, што 70-80-я гады былі вельмі спрыяльнымі для развіцця бібліятэк. Чытанне было любімым заняткам лю­дзей, канкурэнцыя з інтэрнэтам пакуль яшчэ адсутнічала. Да таго ж бібліятэкі добра камплектаваліся і, галоўнае, трымаліся на кваліфікаваных кадрах. На старонках раённай газеты ў 1982 го­дзе добрыя словы былі выказаны ў адрас   загадчыка гарадской бібліятэкі Ганны Алексіевіч. На той час на гэтай пасадзе яна працавала два гады. Для наведвальнікаў бібліятэкі пры яе непасрэдным удзеле арганізоўваліся тэматычныя кніжныя выстаўкі, прысвечаныя знамянальным падзеям у жыцці краіны, право­дзіліся бібліяграфічныя агляды літаратуры, чыталіся лекцыі.

DaGnVCmV4AAmXyn.jpg

Усё – для чытача

Напрыканцы 80-х, а дакладней у 1988 годзе, гарадскія бібліятэкі змянілі свой адрас: з вуліцы Мінскай пераехалі на вуліцу Міцкевіча ў будынак былога ашчаднага банка. Вось так, дзякуючы клопату мясцовай улады, якасна палепшыўся стан бібліятэчнага абслугоўвання ў Навагрудку. Дарослая бібліятэка размясцілася на другім паверсе, дзіцячая – на трэцім. Зразумела, што ў сувязі з пераездам бібліятэкі значна пашырылі свае плошчы. На той час у іх па-ранейшаму налічвалася каля 6000 чытачоў, як, зрэшты, і цяпер: па выніках 2018 года чытачамі бібліятэкі з’яўляецца больш за 5600 чалавек. Загадвалі бібліятэкамі Наталля Максімовіч і Таісія Гурко – член Саюза пісьменнікаў Беларусі, добра вядомая навагрудчанам як Таіса Супрановіч. У жніўні 1992 года гарадскія бібліятэкі выйшлі з ЦБС у падпарадкаванне Навагрудскага гарадскога аддзела культуры. Пяць гадоў доўжылася іх самастойнае жыццё. А з 1 кастрычніка 1997 года на падставе Указа Прэзідэнта РБ №438 ад 22 жніўня 1997 года «Аб аб’яднанні раёнаў і гарадоў» і рашэння №202 Навагрудскага раённага выканаўчага камітэта абедзве гарадскія бібліятэкі зноў сталі філіяламі Навагрудскай ЦБС (з 1 сакавіка 2016 года – ДУК «Навагрудская раённая бібліятэка»).

У свой час у дзіцячай бібліятэцы працавалі і з’яўляліся доб­рымі дарадцамі падрастаючага пакалення Галіна Новік, Віктар Бялушка, Ірына  Дударэвіч, Валянціна Арсюкова, Анжэла Піваварчык, Ірына Мелехавец, Людміла Макусь. З канца 2008 года бібліятэкай загадвае Святлана  Дзмітрыевіч. Бібліятэкарамі дарослай бібліятэкі ў розныя гады працавалі і працуюць Галіна Петрукевіч, Людміла Коцелева,  Валянціна Малышчык, Ірына Бузук,  Наталля Матруніч, Ала Бузук, Ганна Апановіч і інш. На паса­дзе загадчыка доўгі час працавала Ганна Ільіна, зараз бібліятэку ўзначальвае Ларыса Касцюк.

DnS_pvyXcAIZi-R.jpg

Не кнігай адзінай

Сучасная бібліятэка ўжо не тая, якая была нават у 70-80-я гады. Гэта не дом, не школа, не работа, а нейкае трэцяе месца: абавязкова інтэлектуальна насычанае, дзе свой вольны час можна бавіць з сапраўднай асалодай, напаўняць яго чытаннем, сустрэчамі з літаратурнымі героямі. Там дзяцей займаюць карыснымі і адначасова лёгкімі, ненапружанымі заняткамі. А для дарослых гэта месца зносін, самастойнай работы і цікавых адкрыццяў.

Кніжны фонд гарадскіх бібліятэк даволі багаты, амаль 45000 выданняў. Бібліятэкі атрымліваюць 17 найменняў газет і 60 часопісаў. Змест перыядычных выданняў здольны забяспечыць любыя густы, што асабліва важна для чытачоў старэйшага ўзросту, якія выраслі на кнігах і ўсё жыццё правялі ў чытанні. У бібліятэцы можна не толькі пачытаць цікавую літаратуру, але і паўдзельнічаць у масавых мерапрыемствах. Іх, дарэчы, у 2018 годзе праведзена каля 300.

1_2.jpg

Папулярны ў навагрудчан арт-куток «Эфект», які арганізаваны ў дарослай бібліятэцы. За тры гады яго работы жыхары горада мелі магчымасць наведаць 18 выставак мясцовых мастакоў і майстроў народных промыслаў. Гэта так важна для невялікага горада накшталт нашага Навагрудка, бо бібліятэка дала магчымасць не толькі дакрануцца да творчасці сваіх землякоў, але і, што не менш важна, прадставіла таленавітым людзям пляцоўку для дэманстрацыі сваіх талентаў. А яшчэ ў бібліятэках працуюць клубы па інтарэсах: дзіцячая навучае дзетак у Акадэміі Добрых Навук «АДН», дарослая аб’яднала маладых жанчын у «Чараўніцы». Клуб па інтарэсах «Залаты ўзрост», экалагічны клуб «Флора»,  мэтавая праграма сумесна з праваслаўнай царквой «Духоўнасць і кніга» –  мінулы і сённяшні дзень гарадскіх бібліятэк. А яшчэ гэта падмурак будучыні. Якая яна, будучыня? Якія перспектывы ў гарадскіх бібліятэк? Іх супрацоўнікі на гэтае маё пытанне адказалі: «Будзем па-ранейшаму служыць людзям, сваім чытачам».

p1080169.jpg

У гарадской дзіцячай бібліятэцы мне расказалі пра Ганну Тышко. Усё жыццё жанчына працавала і жыла ў Навагрудку. У гарадскую дзіцячую бібліятэку прыводзіла сваіх дзяцей і ўнукаў, а сёлета прыйшла з праўнучкай Дамінікай Грынько. Дзяўчынцы ўсяго два гады, але яна цягнецца да кніжак, просіць бацькоў і бабулю пачы­таць. А дзе самыя лепшыя і прыгожыя кніжкі? Вядома, у гарадской дзіцячай бібліятэцы! Таму Дамініка разам з прабабуляй наведвае бібліятэку, а калі падрасце, напэўна, стане яе чытачом! Расці, Дамініка! Чытай добрыя кніжкі! Яны дапамогуць табе стаць разумнай і добрай дзяўчынкай!

А вось загадчыца гарадской бібліятэкі для дарослых Ларыса Касцюк марыць стварыць пры бібліятэцы музей лялек і нават назву для музея ўжо прыдумала – «Карагод». Яна добрая майстрыха, вырабляе лялькі. Сваю калекцыю лялек у 2018 годзе выстаўляла на ІV Шчорсаўскіх чытаннях і мела неверагодны поспех. А ў сярэдзіне мінулага года Ларыса Касцюк заняла другое месца ў абласным конкурсе самаробнай лялькі «Героі кніжных старонак». Яе Свіцязянка з балады Адама Міцкевіча была лепшай. Няхай жа мара Ларысы Львоўны здзейсніцца. І няхай нашы гарадскія бібліятэкі жывуць доўга і служаць людзям!

Слова – чытачу

1_1.jpg

Таццяна Бірук – пастаянны чытач і сябар бібліятэкі са школьных гадоў. Будучы вучаніцай пачатковых класаў, яна хадзіла ў дзіцячую бібліятэку, затым у старэйшых класах амаль штодня наведвала дарослую. Сціплая і старанная дзяўчынка марыла звязаць свой лёс з журналістыкай. І мара яе здзейснілася – зараз Таццяна займае пасаду дырэктара дырэкцыі інтэрнэтвяшчання тэлеканала СТБ.

– Калі бываю дома, у Навагрудку, заўсёды з задавальненнем наведваю гарадскую бібліятэку, – прызнаецца яна. – Утульны інтэр’ер і цёплыя адносіны да кожнага чытача дазваляюць адчуваць сябе вельмі камфортна. Менавіта тут, сярод кніг, часопісаў і газет, пры падтрымцы бібліятэкараў я вызначылася з выбарам прафесіі. Таму з упэўненасцю магу сказаць, што  гарадская бібліятэка дала мне сапраўдную пуцёўку ў жыццё.


Ф. Малюжэнец,

загадчык аддзела бібліятэчнага маркетынгу

ДУК «Навагрудская раённая бібліятэка»

Фота ўстановы і адкрытых крніц