Разведчык Лінеўскі. З серыі нарысаў ветэрана вайны М.І. Грабёнкіна, удзельніка партызанскага руху на Беларусі (частка 4)

Разведчык Лінеўскі. З серыі нарысаў ветэрана вайны М.І. Грабёнкіна, удзельніка партызанскага руху на Беларусі (частка 4)

Разведчык Лінеўскі. З серыі нарысаў ветэрана вайны М.І. Грабёнкіна, удзельніка партызанскага руху на Беларусі (частка 4)

27 апреля 2020 1954

Як рэліквія баявой дружбы захоўваецца мною армейскі камсастаўскі рэмень – падарунак майго былога сябра Міхаіла Лінеўскага-Лумпава (ён меў двайное прозвішча). Смуглявы, з блакітнымі вачыма, са шчырым характарам, ён адразу ж выклікаў давер і сімпатыю ва ўсіх, хто з ім сустракаўся.

А яшчэ больш мы сталі яго паважаць пасля бою па разгроме варожага гарнізона ў мястэчку Рубяжэвічы Стаўбцоўскага раёна. Гэта было летам 1942 года. Наперадзе наступаючай групы Міхаіл падкраўся да будынка паліцэйскага ўчастка і кінуў у акно дзве гранаты. А затым і сам ускочыў туды. На яго кінуліся паліцэйскія, але ён чаргой з аўтамата палажыў іх на месцы. Аднак у гэтай сутычцы Міхаіл атрымаў цяжкае раненне, якое некалькі месяцаў не дазваляла яму стаць на ногі. І ўсё ж, дзякуючы моцнаму арганізму, ён змог вярнуцца ў строй.

Неўзабаве яго прызначылі начальнікам разведкі нашага атрада імя Катоўскага. Кадравы камандзір, выпускнік Омскага ваеннага вучылішча, лейтэнант Лінеўскі праявіў тут спаўна талент арганізатара. З самых смелых і знаходлівых байцоў ён стварыў узвод разведкі. Нялёгка было яму наладзіць шырокую сетку сувязных, пражываўшых у населенных пунктах Навагрудскага, Любчанскага і суседніх раёнаў. Гэтыя людзі, у большасці сяляне, давалі нам патрэбную інфармацыю аб становішчы ў акрузе. Абапіраючыся на такія звесткі, Лінеўскі нярэдка сам распрацоўваў многія баявыя аперацыі.


У перыяд блакады Налібацкай пушчы, якая працягвалася з ліпеня па жнівень 1943 года, куды для знішчэння партызан нямецкае камандаванне кінула каля 50 тысяч войск, наш атрад аказаўся ў вельмі цяжкім становішчы. У канцы ліпеня разведчыкі захапілі нямецкага штабнога афіцэра і авалодалі планамі правядзення блакады. Вывучыўшы іх, Лінеўскі прапанаваў смелы, але рызыкоўны маршрут выхаду з акружэння. 2 жніўня пасля амаль месячных жорсткіх баёў з фашыстамі (на сутыкненні пазіцый нямецкіх падраздзяленняў) па непраходных балотах наш атрад у поўным складзе выйшаў з раёна блакады каля вёскі Чапунь і хутароў Дразды. За гэта Міхаіл быў прадстаўлены да ўрадавай узнагароды.

Шмат смелых аперацый здзейснілі разведчыкі пад кіраўніцтвам свайго адважнага камандзіра. Але адна з іх была сапраўды выдатнай. Лінеўскаму стала вядома, што немцы з лідскага гарнізона робяць паездкі для дастаўкі прадуктаў харчавання і боепрыпасаў у іўеўскі, гаўеўскі і юрацішскі гарнізоны, а інтэнданцкія каманды гэтых гарнізонаў, у сваю чаргу, робяць аб’езды больш дробных падраздзяленняў. Вывучыўшы маршруты немцаў, Лінеўскі выбраў месца для засады недалёка ад вёскі Мікалаева Іўеўскага раёна. Праз яе кожны аўторак ці сераду праходзіў транспарт у суправаджэнні бронемашыны ці танкеткі.

План быў дзёрзкі. Вырашылі, што насустрач немцам паедзе матацыкл з трыма пераадзетымі ў варожыя мундзіры партызанамі: Леанідам Шасцьянам, Паўлам Бяспалавым і Аляксандрам Зубрыкам. Сустрэча павінна адбыцца на месцы засады, дзе чатыр­ма зарадамі была замініравана дарога. Сігналам для нападзення партызан павінен быць момант, калі матацыкл, мінуўшы транспарт, акажацца ў хвасце. Усё так і адбылося. Толькі на гэты момант у варожай калоне былі дзве бронемашыны. Адна – наперадзе, другая – ззаду. Гэта на нейкі момант ускладніла сітуацыю. Але ж катоўцы рашуча ўступілі ў бой, і транспарт ворага быў захоплены. Было знішчана 3 грузавікі, 2 бронемашыны, загінула 19 салдат непрыяцеля. Узятыя трафеі аказаліся патрэбнымі. Яны пайшлі на ўзбраенне паступіўшага ў атрад папаўнення.

Адважны партызан, камандзір узвода разведкі Міхаіл Лінеўскі-Лумпаў не дажыў да Дня Перамогі. Ён загінуў 5 снежня 1943 года ў час нападу партызан на вераскаўскі варожы гарнізон у Навагрудскім раёне. Упаў, скошаны кулямётнай чаргой. Яму было толькі 25 гадоў. Цяжка ўспрынялі мы страту дарагога нам чалавека і пакляліся адпомсціць за яго ворагу.

Перабіраючы ў памяці падзеі тых далёкіх дзён, я думаю аб тым, як дзіўна падобнымі бываюць лёсы людзей. Бацька Міхаіла Севасцьян Лінеўскі-Лумпаў, па нацыянальнасці беларус, у гады грамадзянскай вайны змагаўся ў Сібіры суп­раць калчакаўцаў, партызаніў на Далёкім Усходзе ў раёне станцыі Валачаеўкая і Спаскам. Сыну ж Міхаілу, сібіраку, давялося змагацца ў Беларусі, на бацькоўскай зямлі.

Калі будзеце ў Любчы, падыдзіце да абеліска, што стаіць у цэнтры пасёлка. Аддайце даніну памяці пахаваным там партызанам, загінулым у баях за свабоду нашай Радзімы. Таксама ёсць на абеліску і імя разведчыка Міхаіла Лінеўскага-Лумпава.

Паводле ўспамінаў бацькі запісаў Мікалай Грабёнкін.

Працяг будзе.

Частка 1  Частка 2  Частка 3