Неадпраўленыя пісьмы. З серыі нарысаў ветэрана вайны М.І. Грабёнкіна, удзельніка партызанскага руху на Беларусі (частка 3)

Неадпраўленыя пісьмы. З серыі нарысаў ветэрана вайны М.І. Грабёнкіна, удзельніка партызанскага руху на Беларусі (частка 3)

13 апреля 2020 1845
Учарашнія прызыўнікі, якія прыбылі ў воінскую часць, праходзілі санапрацоўку і атрымлівалі новае абмундзіраванне. Да вялікага люстэрка, якое вісела на сцяне, не прабіцца – так шмат жадаючых паглядзець на сябе: ці ж пасуе новая форма? Калі першыя групы адышлі ад люстэрка, да яго падышоў Мацвей Бяляеў. Глянуў на адлюстраванне і не пазнаў сябе: вельмі змяніла яго салдацкая форма!


Так пачалася служба ў Чырвонай Арміі дваццаці­гадовага валагодскага хлопца, былога ветэрынарнага фельчара Мацвея Назаравіча Бяляева. Ён быў залічаны па спецыяльнасці – ветэрынарным інструктарам 119-га інжынерна-будаўнічага батальёна 128-й стралковай дывізіі, якая дыслацыравалася ў мястэчку Сэрэя Літоўскай ССР.


На працягу года службы Мацвей перапісваўся са сваёй нявестай Ганначкай. У суботу, 21 чэрвеня 1941 года ён атрымаў ад яе вялікае пісьмо. А фатаграфія дзяўчыны перахо­дзіла з рук у рукі. Хлопцы любаваліся і захапляліся яе прыгажосцю. А на прывале, у перапынку паміж заняткамі, таварышы па аддзяленні папрасілі :

– Мацвей, раскажы пра сваю дзяўчыну!

Крыху саромеючыся, Мацвей пачаў:

– Мая Ганначка – з суседняй вёскі. Яна вучылася ў медыцынскім вучылішчы, прыехала да нас на практыку. Там і сутрэліся, пазнаёміліся. Калі б не прызыў у армію, то згулялі б восенню вяселле. Але, паверце, сябры, што яно адбудзецца, калі закончу службу у арміі.

Вечарам таго ж дня Мацвей пісаў каханай і сваім бацькам пісьмы. У нядзелю збіраўся апусціць іх у паштовую скрынку. Але не суджана было гэтаму збыцца. Пісьмы так і засталіся неадпраўленымі… Раніцай 22-га пачалася вайна. Налётам фашысцкай авіяцыі батальён, у якім служыў Мацвей, падвергся бамбёжцы, а дывізія пасля цяжкіх баёў аказалася ў акружэнні. Больш месяца ішоў на ўсход Мац­вей лясамі і балотамі. У няроўнай схватцы з гітлераўцамі каля Шчучына іх група была рассеяна. З сябрам-аднапалчанінам зноў пайшлі балотамі, а восенню спыніліся ў вёсцы Суляцічы пад Навагрудкам. Тут да вясны 1942 года жылі на нелегальным становішчы. У маі таго ж года Мацвей Бяляеў быў залічаны ў атрад імя Катоўскага.

Аднойчы партызаны хадзілі аж пад Ліду для вышуквання зброі. А вярнуліся адтуль толькі з дзвюма вінтоўкамі. Боепрыпасаў не хапала, таму іх пошукі былі на той час важнай задачай. Вечарам сустрэліся з моладдзю вёскі Брацянка Навагрудскага раёна. Ад вяскоўцаў даведаліся, што летам 1941 года, група салдат, якія адыходзілі на ўсход, везла на возе параненых і каля дзесяці вінтовак. Боепрыпасы яны схавалі ў возеры ля моста побач з млынам. Калі сцямнела, партызаны падаліся да ўказанага месца. Мацвей раздзеўся, пайшоў у ваду. Абшукаўшы ўсё возера, ўсё ж наткнуўся на зброю. І на бераг адна за другой клаліся вінтоўкі, жасцяныя каробкі з патронамі. Затым намацаў і выцягнуў скрынку з гранатамі. Так за адну ноч ён узброіў цэлае аддзяленне.

У верасні 1943 года ў партызанскі атрад прыбыў Іосіф Арысман, па мянушцы Мятліцкі, па спецыяльнасці электраманцёр. Ён уцёк з мінскага яўрэйскага гета. Хлопцы хутка сышліся па характары, пасябравалі. Арысман выказаў жаданне стаць мінёрам, і Мацвей з ахвотай абучаў яго гэтай складанай справе. У сярэдзіне студзеня 1944 года камандзір пад­рыўнікоў Леанід Шасцьян паведаміў аб тым, што яны хутка пойдуць на дыверсію. Неўзабаве пачалі да яе падрыхтоўку. У склад групы ўвайшлі: Леанід Шасцьян, Мацвей Бяляеў, Іосіф Арысман, Сяргей Быт і Віктар Пранкевіч. 20 студзеня, пагрузіўшы амуніцыю і ўзрыўчатку на сані, хлопцы адправіліся на заданне. Правялі разведку, вывучылі мясцовасць.

24 студзеня падышлі да чыгуначнага палатна непадалёку ад станцыі Наваельня. Прапусцілі нямецкія патрулі, якія прайшлі ўздоўж рэльсаў. Затым Мацвей і Іосіф, узяўшы тол, забраліся на чыгуначнае палатно. Мінёры прыступілі да справы: выкапалі ямку, заклалі тол. Цягнік ужо на падыхо­дзе. Вось промні паравозных фар разарвалі цемру, а ў мінёраў нешта не атрымліваецца… Цягнік ужо побач, і раптам – выбух вялікай сілы! Падчас дыверсіі загінулі сябры Мацвей і Іосіф. Цягнік зваліўся з насыпу. Загарэліся бочкі з палівам і дашчатыя вагоны. Партызанам удалося забраць загінулых таварышаў, каторых выбухам адкінула на снег. Разам з мясцовымі людзьмі яны пахавалі Мацвея Назаравіча Бяляева і Іосіфа Яфімавіча Арысмана (Мятліцкага) на сельскіх могілках.

Прайшоў час і праўленне калгаса «Усход» устанавіла на партызанскай магіле помнік, а камсамольцы з вёскі Восава Кашалеўскага сельсавета Навагрудскага раёна высадзілі тут кветкі і даглядалі за пахаваннем. Школьнікі знайшлі адрасы месца жыхарства малодшых братоў Бяляевых. З Беларусі пайшлі ў Расію пісьмы, у якіх апавядалася аб эпізодах партызанскай барацьбы. Была адноўлена разарваная вайной сувязь з родзічамі Мацвея.

У маі 1984 года ў Восава прыязджалі з Ленінграда два браты Мацвея Бяляева. Яны сустракаліся з былымі партызанамі, з сялянамі, якія ўдзельнічалі ў пахаванні брата і яго сябра. Сустрэча была хвалюючай і незабыўнай для прысутных.

Паводле ўспамінаў бацькі запісаў Мікалай Грабёнкін

Працяг будзе.

Частка 1.   Частка 2.