З серыі нарысаў ветэрана вайны М.І. Грабёнкіна, удзельніка партызанскага руху на Беларусі (частка 2)

З серыі нарысаў ветэрана вайны М.І. Грабёнкіна, удзельніка партызанскага руху на Беларусі (частка 2)

30 Марта 2020 538

Прапануем чытачам газеты серыю нарысаў з гісторыі партызанскага руху на Навагрудчыне, якія падрыхтаваў журналіст Мікалай Мікалаевіч Грабёнкін – малодшы сын былога партызана Мікалая Грабёнкіна.

У 1940 г. Мікалай Іванавіч Грабёнкін быў прызваны ў Чырвоную Армію, службу пачаў у Гродне ў якасці курсанта школы малодшых камандзіраў 213 палка 56 стралковай дывізіі. Пасля вераломнага нападу гітлераўцаў 22 чэрвеня 1941 г. гэты полк больш чым двое сутак трымаў абарону ў пагранічным раёне на рубяжы Аўгустоўскага канала, пазней на паўночна-заходніх подступах да Гродна. Потым было адступленне на ўсход, акружэнне войскамі вермахта савецкіх дывізій пад Навагрудкам. У асенне-зімовы перыяд 1941-42 гг. менавіта тут засталося ў вёсках і лясах шмат салдат-акружэнцаў. Гэтай жа зімой многія з іх пачалі арганізацыю падпольных структур, а вясной 1942 г. на іх аснове пачалася партызанска-дыверсійная дзейнасць.

Грабёнкін быў першым з тых, хто ў гады вайны займаўся арганізацыяй партызанскага атрада імя Катоўскага. Атрад з цягам часу ператварыўся ў грозную для акупантаў сілу і разам з іншымі атрадамі, якія ўваходзілі ў партызанскую брыгаду імя Дзяржынскага Лідскага злучэння, дзейнічаў на тэрыторыі Навагрудскага, Любчанскага і суседніх раёнаў. Мікалай Івананавіч у ваенны час прайшоў шлях ад радавога партызана да сакратара Любчанскага падпольнага райкама камсамола. Потым працаваў на выхаваўча-педагагічных пасадах у вясковых школах. За баявыя і працоўныя заслугі ён быў узнагароджаны ордэнамі Айчыннай вайны, Чырвонай Зоркі і «Знак Пашаны».


На пенсіі ветэран доўгі час жыў у г.п. Любча. На працягу многіх гадоў ён запісваў і апрацоўваў свае ўспаміны, выступаў перад моладзю з цікавымі расказамі аб партызанскай барацьбе, аб гераізме народных мсціўцаў у тыле ворага. Яго мемуары неаднаразова друкаваліся ў рэспубліканскіх часопісах, а таксама ў «Гродзенскай праўдзе». Памёр М.І. Грабёнкін у 2008 г.

Калі пачаў павялічвацца і ўдасканальвацца наш партызанскі атрад, то тая палітыка-выхаваўчая работа, што право­дзілася раней, тыя стыхійна ўзнікшыя яе формы ўжо не маглі нас задаволіць. Таму і з’яўляліся новыя, якія адпавядалі ваеннаму часу і патрабаванням камандавання.

Кожная баявая аперацыя, незалежна ад таго, якой яна была – планавая ці стыхійна ўзнікшая, – абавязкова разбіралася. Пры чым рабіліся такія аналізы дэталёва, а мэта іх была, па-першае, выхаваўчая, а па-другое, навучальная. У атрад уліваліся навічкі, і вучыць іх тактыцы вядзення аперацый было справай не лішняй. З цягам часу з’явіўся ў нас радыёпрыемнік. Стала магчымым слухаць перадачы з Масквы, даведвацца аб справах на фронце і занатоўваць гэтыя звесткі. А затым партызаны знаёмілі са зводкамі Саўінфармбюро насельніцтва, па вёсках распаўсюджваліся лістоўкі. Гэта форма прапагандысцкай дзейнасці ўжо насіла арганізаваны і мэтанакіраваны характар.

Пасля ўз’яднання ў маі 1943 г. нашага партызанскага атрада з атрадам «Чырвоны мсціўца» былі ўведзены партыйна-палітычныя пасады. Камісарам атрада быў прызначаны М.І. Чанцоў. Да вайны ён працаваў у Навагрудскім райвыканкаме. Была створана і камсамольская арганізацыя. Мяне абралі яе сакратаром. У верасні 1943 г. у атрадзе з’явілася новая пасада – намеснік камісара па камсамольскай рабоце. Ім быў прызначаны Ю.Г. Баранаў – чалавек самай мірнай прафесіі – артыст.

У кастрычніку 1943 г., калі наш атрад увайшоў у склад партызанскай брыгады імя Дзяржынскага Лідскага злучэння, з’явіліся пасады палітрукоў рот. Імі сталі С.М. Іліца і Д.А. Казюмінскі. Абодва былі кадравымі армейскімі камандзірамі. Неўзабаве Іліца змяніў мяне на пасадзе сакратара камсамольскай арганізацыі атрада, а я быў прызначаны намеснікам камісара замест Баранава. Праводзімая ў ротах выхаваўчая работа насіла канкрэтны, мэтанакіраваны характар і адпавядала патрабаванням партызанскага побыту і барацьбы.

Жыццё ў атрадзе ішло, як і належыць. Баі змяняліся момантамі зацішша, вайсковай вучобай, адпачынкам. Неўзабаве ў нас з’явіліся свае музыканты. Гэта былі Б. Бахар, Г. Глушкоў, браты Антон, Андрэй і Іван Антановічы. Добра ігралі на гітары і спявалі камандзір узвода І. Вінаград, партызан В. Дранічкін. Песні і народная музыка згуртоўвалі людзей у калектыве, злучалі ў барацьбе.


У кастрычніку 1943 г. у партызанскім атра­дзе была створана пярвічная партыйная арганізацыя Кампартыі Беларусі. Узначаліў яе М.І. Чанцоў. Стварэнне партыйнай ячэйкі дазволіла больш дасканала каардынаваць усю выхаваўчую работу, планаваць яе, рабіць больш змястоўнай і мэтанакіраванай. Упарадкавалася правядзенне палітінфармацый, камсамольскіх сходаў у ротах і атрадзе. Па ініцыятыве камандзіра аддзялення В. Бульбенкі з’явілася паходная партызанская бібліятэка.

У правядзенні выхаваўчай работы сярод партызан і мясцовай моладзі значную ролю адыгрывалі вершы. Іх пісаў беларускі паэт Валянцін Таўлай (пад псеўданімам Алесь Шыпшына). Яго вершы «Сон Гітлера», «Яго, бандыта, на прыцэл вазьмі», «Рыбак» і іншыя, заклікалі моладзь уступаць у рады народных мсціўцаў і бязлітасна біць акупантаў.

Аднойчы з Валянцінам Сялецкім і Уладзімірам Зелянкевічам мы прыехалі ў вёску Валковічы. Гэта было вечарам у пачатку кастрычніка 1943 г., у нядзелю. Таксама сабралася тут моладзь і з Руткі. Пачаўся сход. Я зачытаў зводкі Саўінфармбюро аб стане на франтах. Валянцін расказаў пра барацьбу, якую вядуць мясцовыя партызаны. Уладзімір прачытаў і пракаменціраваў новыя вершы Алеся Шыпшыны з трапнай сатырай на акупантаў. Усе жартавалі, смяяліся. Закончылася сустрэча тым, што хлопцы загарэліся жаданнем стаць партызанамі і біць ворага. На наступны ж дзень шэсць юнакоў з Валковіч і пяць з вёскі Рутка прыйшлі ў наш атрад. Падобны сход быў праведзены і ў вёсцы Суляцічы. І адтуль прыйшло да нас папаўненне.

Жыццё не стаяла на месцы. Неўзабаве рады партарганізацыі атрада папоўніліся маладымі камуністамі. Нібы зарубка ў памяці, застаўся незабыўным адзін са сходаў у сакавіку 1944 г. Толькі што вярнулася з баявога задання група партызан, а тут каманда:

– Камсамольцы, на сход!

Размясціліся на паляне, пад соснамі. Старшынствавала на сходзе Людміла Сечка. Яна аб’явіла парадак правя­дзення сходу. Абмяркоўвалі ў той дзень Зварот ЦК камсамола Беларусі аб пашырэнні ўдараў па ворагу і ўзмацненні палітыка-выхаваўчай работы сярод камсамольцаў і мясцовай моладзі. Прысутнічалі на сходзе сакратар Баранавіцкага падпольнага абкома камсамола Ф. А. Башкінцаў і сакратар Любчанскага падпольнага райкама камсамола М.Г. Макулік. У канцы Людміла прапанавала абмерка­ваць некалькі заяў камсамольцаў, якія вырашылі ўступіць кандыдатамі ў члены партыі. Іх падалі М. Чайкоўскі, К. Думбасар, С. Іліца, Л. Сечка, В. Бульбенка і я – М. Грабёнкін.

Усе мы хваляваліся. Але пытанняў шмат нам не задавалі. Лепш за ўсе нас характарызавалі баявыя справы кожнага. Хто не ведаў нашага Міхаіла Чайкоўскага – заснавальніка партызанскага атрада? Такімі ж была і большасць кандыдатаў. Таму рашэнне камсамольскага сходу было адзіным: «Рэкамендаваць кандыдатамі для ўступлення ў партыю...».

Праз тыдзень партыйны сход адбыўся ў штабе атрада. І зноў падобнае рашэнне камуністаў:

– Прыняць кандыдатамі! Вартыя!..

І яшчэ адна глыбокая зарубка ў памяці. Яна ўчэпіста трымае дату: 22 сакавіка 1944 г. Атрад імя Катоўскага разам з іншымі атрадамі брыгады імя Дзяржынскага ў той дзень разграміў варожы гарнізон у вёсцы Лугамавічы Іўеўскага раёна. У гэтым баі праявілі мужнасць і гераізм і загінулі Міхаіл Чайкоўскі, Мікалай Шэнін, Людміла Сечка і Віктар Бульбенка.

Помста за парушанае жыццё, за родзічаў, за сяброў вяла нас у наступленне і тады, калі Налібацкая пушча была блакіравана ворагам. Кальцо аблавы сціскалася. Амаль штодня вяліся баі, змянялася месца стаянак. Усё гэта вымотвала партызан, падрывала апошнія сілы. Але кожны з нас памятаў такое рашэнне: змагацца ў любых умовах, без панікі, праяўляючы баявую кемлівасць і самаадданасць. Прыходзілася днямі сядзець у балотных зарасніках, па горла ў вадзе, без ежы. Мы вытрымалі, выйшлі з акружэння і не страцілі ў блакадных баях ніводнага партызана.

Партыйная і камсамольская арганізацыі задавалі тон ва ўсёй баявой дзейнасці, у правядзенні выхаваўчай работы. Не раз у наш атрад прыязджалі і выступалі з гутаркамі сакратар Любчанскага падпольнага райкама партыі Д.Д. Дземяншчонак, камісар партызанскай брыгады імя Дзяржынскага Я.П. Ляхаў. Наогул, атрад імя Катоўскага ў брыгадзе лічыўся адным з баявых. Ён валодаў добра падрыхтаванымі кадрамі армейскіх камандзіраў з ліку сярэдняга і малодшага каманднага саставу. У складзе атрада налічвалася 11 камуністаў, 106 камсамольцаў, 7 партыйных і савецкіх работнікаў. Палітыка-выхаваўчая дзейнасць уносіла ў паходнае жыццё партызан элементы вайсковай арганізаванасці, дысцыплінаванасці, здаровых узаемаадносін.

Перамога была здабыта неверагодным напружаннем людскіх сіл, цяжкімі ахвярамі. Але наша народная ідэалогія аказалася мацнейшай за гітлераўскую прапаганду. Гэта было высновай таго, што савецкі народ стаў пераможцам у ходзе Вялікай Айчыннай вайны.

Паводле ўспамінаў бацькі запісаў Мікалай Грабёнкін

Працяг будзе. Першая частка публікацыі.