Касцёл Святога Казіміра ва Уселюбе – адзін з самых старажытных у Беларусі

Касцёл Святога Казіміра ва Уселюбе – адзін з самых старажытных у Беларусі

Касцёл Святога Казіміра ва Уселюбе – адзін з самых старажытных у Беларусі

30 Сентября 2020 727

За 13 кіламетраў на поўнач ад Навагрудка ў аграгарадку Уселюб вось ужо амаль шэсць стагоддзяў стаіць адзін з самых старажытных касцёлаў Беларусі, асвечаны ў гонар Святога Казіміра і з нядаўняга часу прысвечаны Маці Божай Новага Жыцця. Храм з’яўляецца месцам яднання веры з гісторыяй і культурай Уселюбскай зямлі і ўсёй Навагрудчыны, славутасцю, якую наведваюць шматлікія паломнікі і турысты з Беларусі і замежжа, тэрыторыяй дабрыні, міру і любові да Бога і бліжняга.


– Касцёл ва Уселюбе – выдатны помнік сапраўднай готыкі, адзін з самых старажытных храмаў на землях Беларусі. Упершыню касцёл упамінаецца ў 1422 г. на пячатцы Яна Няміры, які быў канюшым Вітаўта Вялікага. Каменны будынак касцёла, верагодна, быў пабудаваны самім Янам Нямірам альбо яго сынам Андрэем у першай палове ХV ст. Храм быў асвечаны ў гонар Яна Хрысціцеля, а першае пісьмовае сведчанне пра ўзнікненне парафіі датуецца 1489 г., – знаёміць з гісторыяй храма старшы навуковы супрацоўнік Навагрудскага гістарычна-краязнаўчага музея Галіна Кавальчук. – На жаль, першапачатковы выгляд святыня не захавала, але хутчэй за ўсё гэта быў прамавугольны ў плане бязвежавы храм з пяціграннай апсідай і з адной сакрыстыяй (памяшканне, у якім захоўвалася вопратка святара і касцёльны інвентар) з паўночнага боку. У канцы ХVІ ст. мястэчка Уселюб перайшло ў рукі Мікалая Радзівіла Рудога, і ён, як шчыры кальвініст, ператварыў уселюбскі касцёл у кальвінскі збор. За перыяд знаходжання храма ў кальвіністаў храм быў значна перабудаваны. У 1642 г. ён быў вернуты католікам і асвечаны ў гонар Святога Казіміра. У канцы ХVІІІ – пачатку ХІХ ст., пасля рэканструкцыі, касцёл набыў сучасны, неагатычны выгляд. Тады ж над уваходам, на хорах, з’явіўся арган на дзесяць галасоў.



У 1930 г. касцёл Святога Казіміра рэканструяваны на сродкі графа О’Рурка. Дах касцёла быў пакрыты бляхай, а ўчастак вакол яго абнесены агароджай.

З 1937 г. пробашчам парафіі быў ксёндз Юзаф Кучынскі, якога ў 1942 г. расстралялі фашысты за ўкрыванне яўрэйскіх дзяцей.  


– У гады савецкай улады ўселюбская парафія была знятая з рэгістрацыі, касцёл выкарыстоўваўся як збожжасховішча, затым як склад ільнонасеннай станцыі, а пазней як спартыўная і танцавальная зала, у плябаніі (доме святара) размяшчаўся спачатку дом інвалідаў, затым дзіцячы садок, – расказвае Галіна Тадэвушаўна. – У 1962 г. у касцёле адбыўся пажар, які знішчыў верхні ўзровень вежы, дах, сістэму перакрыццяў асноўнага аб’ёму, прэзбітэрый (частка храма, прызначаная для святароў) і паўночную сакрыстыю. У 1980-я гг. праводзіліся архітэктурныя і археалагічныя даследаванні помніка. У 1988 г. касцёл быў перададзены вернікам, якія пад кіраўніцтвам тагачаснага пробашча навагрудскай парафіі ксяндза Антоніа Дзям’янкі адбудавалі святыню. Рэстаўрацыя працягвалася да 1991 г.


– У 2002 г. перад уваходам у касцёл была пабудавана каплічка-грот з фігураю Маці Божай Люрдскай і фігурай Святой Бернадэты. У 2005 г. адноўлены алтары касцёла: галоўны – з Укрыжаваннем, і левы бакавы – з Маці Божай. У 2017 г. храму ахвяравана фігура Маці Божай Фацімскай, прывезеная з Партугаліі. У гэтым жа годзе падапечныя лячэбна-працоўнага прафілакторыя намалявалі копію вобраза Маці Божай з Балоньі (Італія), – расказвае настаяцель касцёла Святога Казіміра ксёндз Віталій Цыбульскі, які нясе сваё служэнне на Уселюбскай зямлі амаль чатыры гады. – У 2018 г. ахвяравальнікі з Польшчы падаравалі нашаму прыходу правы бакавы алтар у гонар Святога Казіміра. Дзякуючы вернікам з Партугаліі, з’явіліся абраз Маці Божай, якая развязвае вузлы, фігуры Святой Рыты, Святога Антоніа Падуанскага, Святога айца Піа, а таксама абраз Святой Фаўстыны Кавальскай.



Самай вялікай святыняй прыхаджане лічаць фігуру Маці Божай Новага Жыцця (на здымку). Такіх скульптур у Беларусі больш няма. Фігуру Багародзіцы ў цяжарным стане з ліпавага дрэва вырабіў польскі майстар Марк Козак ра­зам са сваімі паплечнікамі, якія пакрылі ўсе выдаткі. 14 жніўня 2018 г. арцыбіскуп Адам Шаль асвяціў святыню ў Пуцлаўскай Кальварыі (Польшча). А 4 сакавіка 2019 г. падчас урачыстасці ў дзень успамінаў Святога Казіміра фігура заняла сваё пачэснае месца ва ўселюбскім храме ў спецыяльна падрыхтаванай для яе нішы. Біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч абвясціў аб распачацці культу Маці Божай Новага Жыцця.


– На працягу многіх стагоддзяў наш касцёл быў месцам малітвы і паломніцтва, і мы імкнёмся, каб такім ён і заставаўся. Уселюбскі храм – сапраўдная святыня не толькі Навагрудчыны, але і ўсёй Беларусі, прысвечаная апекуну Вялікага Княства Літоўскага і сучаснай Гродзенскай дыяцэзіі – Святому Казіміру, каралевічу з дынастыі Ягелонаў і вялікаму ўшанавальніку Маці Божай, – з гонарам гаворыць святар. – Сёння наша парафія налічвае каля 200 вернікаў. Для мяне самае важнае – гэта духоўнае жыццё прыхаджан. Калі ў сэрцы верніка няма Езуса, то нельга гаварыць аб тым, што святар нясе сваё служэнне правільна. І нашым вернікам, і паломнікам, і любому чалавеку, які мэтанакіравана ці выпадкова завітаў да нас, я гавару, што «глядзець» трэба не адзін на аднаго, а на Бога. Тады ўсе будуць жыць у міры і згодзе.

Стараннямі ксяндза Віталія, які за кароткі час здолеў аб’яднаць вакол сябе неабыякавых людзей, архітэктурны комплекс касцёла значна абнавіўся, каардынальна змянілася і тэрыторыя вакол храма, якую назвалі «Даліна Эйн-Керэм» (у перакладзе «Крыніца вінаградніка»). Тут абуладкавалі невялікі вадаём з пірсам, устанавілі арэлі, вялікую альтанку з лаўкамі і столікамі, драўляныя вулічныя гульні, пасадзілі вінаграднік, маліну, заклалі сад і нават пабудавалі цэлы жыллёвы комплекс для птушак. 



Закансервавана таксама капліца-пахавальня О’Руркаў. Праведзены рамонтныя работы і ў плябаніі, дзе таксама размясціўся «Дом Пілігрыма».



Настаяцель уселюбскага храма разам са сваімі памочнікамі арганізуе паломніцтвы і экскурсіі. Пры касцёле пастаянна ладзяцца рэкалекцыі (духоўныя практыкаванні) для моладзі і дарослых, маладых сямейных пар і сямей з дзецьмі. У жніўні 2019 г. адбыўся Казіміраўскі фэст #РАЗАМ, які сабраў больш за 250 чалавек. Арганізатарамі свята выступілі парафія Святога Казіміра, аддзел культуры райвыканкама і Уселюбскі сельвыканкам. Зараз ксёндз Віталій разам з валанцёрамі рыхтуе першы хрысціянскі «NOVAFEST», які запланаваны на жнівень 2021 г. Для таго, каб прыцягнуць як мага больш паломнікаў і турыстаў, а таксама знайсці памочнікаў у добрай справе адраджэння парафіі і духоўна-асветніцкай дзейнасці, створаны сайт касцёла www.natusest.com і старонка ў  Instagram @wseliub_church_belar.

«Мая спроба аб’яднаць веру, моладзь і старэйшае пакаленне, творчасць, ежу, спевы і гульні не такая ўжо беспаспяховая. Я вельмі хачу, каб людзі будавалі не высокія платы, а масты паміж сэрцамі. Мая мара – стварыць ва Уселюбе духоўна-турыстычны комплекс, каб людзі з усяго свету даведаліся аб нашым выдатным месцы, касцёле, святынях і гісторыі тутэйшых месц.»

Ксёндз Віталій Цыбульскі



Сёння пры ўселюбскім касцёле збіраюцца вернікі, каб праславіць Бога, ушанаваць Маці Божую, прасіць заступніцтва Святога Казіміра. А яшчэ яго наведваюць людзі, якія хочуць збегчы ад штодзённай мітусні, пабыць сам насам ці са сваімі блізкімі. Бо ў гэтым месцы, здаецца, час замірае… І не важна, якой вы веры, магчыма, і зусім ніякай – у касцёле Святога Казіміра рады вітаць кожнага. Гэта асаблівае месца, якое нікога не пакіне абыякавым.

Анастасія Пятрова, «НЖ»