Канікулы – не толькі час адпачынку, але і час карысных спраў. А як жа арганізаваць свае канікулы, каб яны прайшлі цікава і творча? Для таго, каб расшырыць кругагляд, даведацца больш пра гісторыю сваёй малой радзімы, пазнаёміцца з культурай старажытнага горада Навагрудка, вучні 5-х класаў Сярэдняй школы №3 г.Навагрудка імя В.Г.Гаховіч адправіліся на экскурсію ў Навагрудскі гісторыка-краязнаўчы музей, бо музей – гэта скарбніца інфармацыі.
Музей размешчаны ў цэнтры горада на маленькай вулачцы. Вакол рэстаўраваныя дамы. А сам музей месціцца ў будынку ХІХ стагоддзя. Ён адлюстроўвае і старажытную гісторыю, і ваенныя гады, і сучаснасць. Вучні пад час экскурсіі атрымалі звесткі аб тым, што фонд музея налічвае каля 22 тысяч прадметаў, якія маюць музейнае значэнне.
У першай зале ўвагу прысутных прыцягнулі археалагічныя знаходкі: прадметы побыту, розныя ўпрыгожванні. Вучні былі ўражаны тым, якое адзенне насілі нашы продкі, якія былі паясы.
Цудоўны экскурсавод паведаміла пра замак, які быў самым вялікім у Беларусі, меў 7 вежаў. А якое ўражанне было, калі даведаліся, што ў сярэдзіне ХІІІ стагоддзя Навагрудак стаў месцам каранацыі князя Міндоўга! Экспазіцыя «Беларуская хатка» нікога з прысутных не пакінула абыякавым.
Закрануў душу музейны пакой, прысвечаны падзеям Вялікай Айчыннай вайны, які сведчыць пра мужнасць і стойкасць навагрудчан. Таксама звярнулі ўвагу на асобную экспазіцыю, якая расказвае пра генацыд беларускага народа.
А вось наступная зала ажывіла вучняў. Яны пазналі прадукцыю нашых сучасных прадпрыемстваў, дзе працуюць іх таты і мамы.
Час праляцеў хутка, вучні і настаўнікі атрымалі шмат прыемных уражанняў. Матэрыял глыбокі і багаты, экскурсія цікавая і змястоўная.
Зоя Белуш, класны кіраўнік 5 «А» класа Дзяржоўнай установы адукацыі «Сярэдняй школы № 3 г. Навагрудка імя В.Г. Гаховіч»
«Новае жыццё» | Telegram | VK | OK | Facebook |
Instagram | YouTube | TikTok |