Таццяна Мантуш: «Калі не ведаеш, як зрабіць, зрабі па-людску…»

Таццяна Мантуш: «Калі не ведаеш, як зрабіць, зрабі па-людску…»

Таццяна Мантуш: «Калі не ведаеш, як зрабіць, зрабі па-людску…»

14 октября 2024 442

Мама і тата… У гэтыя словы кожны ўкладвае свой сэнс, сваё разуменне. Для адных – надзейная апора і падтрымка ў розныя моманты жыцця, для другіх – любоў і клопат, блізкія людзі, з якімі ўтульна і хораша. Але для мільёнаў людзей – прадстаўнікоў розных культур і народаў – сямейныя каштоўнасці з’яўляюцца самымі важнымі. Невыпадкова ў многіх краінах свету ў ліку святочных дат ёсць свае, асаблівыя дні, прысвечаныя самым блізкім і дарагім людзям – бацькам. Як даніна павагі ўсім матулям краіны, 14 кастрычніка ў Беларусі адзначаецца Дзень маці. А праз тыдзень, 21 кастрычніка, словы ўдзячнасці і віншаванняў будуць прымаць таты. Са святамі вас, паважаныя! І няхай у вашых сем’ях заўсёды будзе цёплае і сонечнае надвор’е!


Таццяна Мантуш усміхаецца, і я разумею прычыну, па якой у яе закахаўся муж Аляксандр. Цёплая, шчырая, прыгожая – гэтая маладая жанчына не можа не падабацца. Жонка, маці, дачка. І яшчэ сястра – медыцынская. Мне здаецца, што прафесія як найлепш падыходзіць да яе складу характара і мяккай, прывабнай знешнасці.

І Таццяна, і Аляксандр – мясцовыя, нарадзіліся і выраслі ў Навагрудку. Сюды, у горад свайго дзяцінства, яны вярнуліся пасля вучобы і працы, каб будаваць сумеснае сямейнае жыццё і гадаваць дзяцей.

– Мы вучыліся ў розных школах, а пазнаеміліся, як і многія ў нашай маладосці, на дыскатэцы, – расказвае Таццяна Віктараўна. – Потым на працягу пяці гадоў сустракаліся, сябравалі і адначасова атрымлівалі адукацыю – я ў Слонімскім медыцынскім вучылішчы, Саша – у Навагрудскім сельгастэхнікуме.

Яна прызнаецца, што з дзяцінства не ўяўляла сябе ў іншай прафесіі: толькі медыцына. Заўсёды хацелася дапамагаць людзям. Магчыма, пэўную ролю сыграў і прыклад дзядзькі, які працуе ў Мінску ўрачом. Так ці інакш, але цяпер, маючы за плячыма больш чым дваццацігадовы стаж работы, Таццяна пераканана ў правільным выбары свайго жыццёвага шляху. Першым і адзіным месцам яе работы стала кардыялагічнае аддзяленне Навагрудскай бальніцы. Доўгі час была паставой медсястрой, а ў 2017 годзе прызначана на пасаду старшай медсястры аддзялення.

Кардыялагічнае аддзяленне – адказны ўчастак. Складаныя дыягназы і часам вельмі няпростыя сітуацыі. Медыцынскія работнікі павінны быць гатовыя ў любую хвіліну аказаць неабходную дапамогу. Лёгкія, спрытныя рухі, укол, кропельніца – і суцішаецца боль. Пацыент выздараўлівае – хіба гэта не цуд?

Пра асаблівасці сваёй працы Таццяна Віктараўна гаворыць мала.

– З людзьмі заўсёды складана, асабліва калі гэта – хворыя. Калі не ведаеш, як зрабіць, зрабі па-людску, – пераканана яна.

Па такіх жа прынцыпах будуюцца адносіны і ў іх дружнай сям’і.

– Павага, каханне, узаема разуменне, – пералічвае жанчына сакрэты сямейнага шчасця і дадае, што не менш важна ўмець гаварыць аб праблемах і прыслухоўвацца да меркаванняў адзін аднаго. За 21 год сумеснага жыцця Таццяна і Аляксандр Мантушы навучыліся гэтай жыццёвай мудрасці.

Аляксандр Паўлавіч па адукацыі аграном. Але ў свой час ён узважыў усе «за»і «супраць» і вырашыў заняцца ўласнай справай. Сфера самая што ні ёсць мужчынская – аўтазапчасткі. Гледзячы на бацьку, тэхнікай цікавяцца і дзеці.

У сям’і Мантуш двое сыноў. Старэйшы Павел – сапраўдны гонар не толькі сям’і, але і Навагрудка. Сёлета ён закончыў гімназію №1 і па выніках цэнтралізаванага экзамена атрымаў максімальныя 100 балаў адразу па двух прадметах – хіміі і беларускай мове. Цяпер юнак вучыцца на лячэбным факультэце Мінскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта, куды паступіў з агульнай сумай балаў 398.


– Працавіты, настойлівы, мэтанакіраваны, – так характарызуюць Паўла бацькі і расказваюць, што высокія балы – гэта вынік яго сур’ёзнай і ўдумлівай працы. Медыцыну юнак выбраў сам. І я не сумняюся, што з яго атрымаецца выдатны спецыяліст сваёй справы.

Сямікласнік Глеб – непаседлівы, актыўны, гарэзлівы, жвавы. І ўсе самыя вялікія дасягненні ў яго яшчэ наперадзе. Галоўнае, што ў яго ёсць дастойны прыклад бацькоў і старэйшага брата.

– Мы любім быць разам, нам гэта цікава, – дзеліцца Таццяна Віктараўна.

Разам на футбол – падтрымліваць каманду, у якой гуляе Павел. Разам – на квадрацыклах па лясным бездарожжы. Разам – у Купіск, на бераг Немана. Разам радавацца простым і звычайным рэчам – новаму дню, сонечнаму надвор’ю, смачнаму сняданку… І няхай так будзе заўсёды!

«Новае жыццё» | Telegram | VK | OK | Facebook |
Instagram | YouTube | TikTok | 


Автор: Ольга Новогран «НЖ»