Праект «Бацькаўшчына». Любча мае багатую гісторыю, значную культурную спадчыну і вядома не толькі ў нашай краіне, але і далёка за яе межамі

Праект «Бацькаўшчына». Любча мае багатую гісторыю, значную культурную спадчыну і вядома не толькі ў нашай краіне, але і далёка за яе межамі

Праект «Бацькаўшчына». Любча мае багатую гісторыю, значную культурную спадчыну і вядома не толькі ў нашай краіне, але і далёка за яе межамі

01 ноября 2022 873

Любча – адзін з самых вядомых і прыгожых населеных пунктаў Навагрудчыны, які размясціўся на левым беразе Нёмана, а на высокім узвышшы знаходзіцца галоўная славутасць – Любчанскі замак.

З гісторыі мястэчка Любча ўпершыню ўпамінаецца ў 1401 годзе ў нямецкіх хроніках як аб’ект паходаў крыжакоў. За доўгі час існавання мястэчка паспела пабываць ва ўласнасці розных знатных родаў: Халонеўскіх, Храптовічаў, Гаштольдаў, Кішак і нават Радзівілаў. Апошнімі гаспадарамі Любчы былі дваране Фальц-Фейны.

З 1574 года Любча належала Яну Кішку, які ў 1581 годзе заснаваў тут Любчанскі замак, школу і арыянскі храм (з XVII ст. – кальвінісцкі сабор). З 1606 года Любча належала Радзівілам, першым уладальнікам мястэчка стаў Кшыштаф Радзівіл. У 1590 годзе кароль Жыгімонт Ваза даў Любчы магдэбургскае права і герб. Радзівілы з мэтай эканамічнага ўмацавання, павелічэння і прэстыжу мястэчка запрасілі сюды мяшчан з Мінска, Навагрудка і іншых каралеўскіх гарадоў.

Менавіта пры Радзівілах замак вырашылі зрабіць каменным: знеслі драўляныя сцены і адбудавалі цагляныя, метровай таўшчыні. Таксама да замка прыбудавалі яшчэ тры вежы – крэпасць стала па-сапраўднаму непрыступнай. Дарэчы, прыкладна ў гэты час і сам гарадок дасягнуў свайго найвышэйшага росквіту.

У пачатку XVII ст. гаспадаром замка стаў Януш Радзівіл – вялікі гетман літоўскі, які паспяхова ўдзельнічаў у вайне з казакамі Багдана Хмяльніцкага. І ўсё б добра, калі б ні сумныя падзеі, якія адбыліся ў 1655 годзе – казакі вырашылі адпомсціць Янушу і напалі на горад. Дзве вежы замка разбурылі, сцены падпалілі. Гэты напад стаў фатальным як для паселішча ў цэлым, так і для замка ў прыватнасці – Радзівілы пакінулі Любчу, і замак перастаў мець такое важнае стратэгічнае і абарончае значэнне.

Жыццё забурліла ў Любчы зноў толькі ў XIX ст., калі мястэчка перайшло ў валоданне прыбалтыйскага роду Фальц-Фейнаў. Яны вырашылі аднавіць тое, што засталося ад замка, каб перыядычна там спыняцца. На месцы руін старога гаспадарскага дома быў адбудаваны новы – вялікі светлы палац у англійскім неагатычным стылі, які ўзвышаўся прама над Нёманам. Гаспадары замка таксама аднавілі разбураныя вежы і ўставілі ў іх вокны замест байніц. Абарончыя сцены вырашылі не адбудоўваць, але побач з параднай вежай узвялі гасцявы дом.

У такім выглядзе замак прастаяў да пачатку XX ст. Але спачатку Першая сусветная вайна, а потым у час Вялікай Айчыннай вайны палац Фальц-Фейнаў быў разбураны, а ад замка засталіся толькі 2 вежы.

Любча – адзін з галоўных мецэнацкіх цэнтраў
З сярэдзіны XVI ст. на Беларусі пачалося распаўсюджванне рэфармацыйнага руху, які быў падтрыманы асобнымі прадстаўнікамі феадальнай знаці. У гэты час узнікаюць рэфармацыйныя абшчыны (зборы) у шмат якіх гарадах і мястэчках. Пры абшчынах адкрываюцца цэрквы, пачатковыя школы, «шпіталі» (прытулкі для «убогіх»), пры найбольш буйных – друкарні, у тым ліку і ў Любчы.

Як сведчаць крыніцы, збор у Любчы заснаваў Ян Кішка ў 1589 годзе.

«Паміж замкам і горадам, над Нёманам, з «наданнем пляцев» для казнадзея, школы, шпіталя і друкарні».
Кніга «Памяць. Навагрудскі раён».

Друкарню Кішка, магчыма, толькі збіраўся заснаваць, а збор у Любчы быў, хутчэй за ўсё, арыянскай накіраванасці. Тут адбываліся сіноды, на якія з’язджаліся вядомыя дзеячы антытрынітарызму з Польшчы, Літвы, Беларусі. Выдатны ідэолаг радыкальнай рэфармацыі ВКЛ і Польшчы Марцін Чаховіч спасылаўся на сваё знаёмства з «маскоўскімі кнігамі», якія пасля Лівонскай вайны захоўваліся ў міністра любчанскага збору Цімафея Кузьміча. Пасля смерці Яна Кішкі яго ўладанні перайшлі да біржанскай кальвінісцкай лініі Радзівілаў – другім мужам удавы Яна Кішкі Елізаветы Астрожскай быў кальвініст Кшыштаф Радзівіл Пярун. Арыянскія міністры былі выгнаны з яго ўладанняў. Збор у Любчы стаў кальвінісцкім, пры ім была заснавана друкарня – буйнейшая на той час у Беларусі.

У 1612 года Пётр Бластус Кміта перавёз з Вільні ў Любчу друкарскае абсталяванне, і друкарня пачала працаваць. Пераважна яна абслугоўвала патрэбы пратэстантаў, але зрэдку прымала заказы і католікаў. За 20 гадоў Кмітам было выдадзена 59 назваў кніг на польскай і лацінскай мовах па гісторыі, медыцыне, філасофіі і інш., а таксама некалькі паэтычных твораў. 3 1632 года друкарскую працу Пятра Кміты працягваў яго сын – Ян Даніэль.

Увогуле з Любчанскай друкарні выйшла больш за 100 выданняў. У час войнаў у сярэдзіне XVIІ ст. друкарня была разбурана разам з мястэчкам.

Мецэнацтва беларуска-літоўскіх магнатаў адлюстроўвала іх асабістыя густы. Біржанскія Радзівілы валодалі багатай карціннай галерэяй, якая ўключала партрэты прадстаўнікоў роду, вяльможаў, каранаваных асоб, нацюрморты, пейзажы, гістарычныя палотны, карціны на антычныя і біблейскія тэмы. Пачэснае месца ў галерэі займалі работы А. Дзюрэра і Л. Кранаха.

Напрыклад, у першай пал. XVIІ ст. у Любчанскім замку таксама размяшчалася кунцкамера, у якой разам з каштоўнымі жывапіснымі палотнамі захоўваліся экзатычныя рэчы (біўні сланоў, чучалы рыб, кракадзілаў), калекцыя зброі вельмі папулярныя ў той час, вырабы з воску, гадзіннікі, компасы, матэматычныя прылады, старажытныя кнігі і інш.

Развіццё гаспадаркі і выпрабаванні вайной
У XVII ст. у Любчы ствараюцца рамесныя цэхі. У 1795 годзе пасля трэцяга, апошняга, падзелу Рэчы Паспалітай Любча ўвайшла ў склад Расійскай імперыі. Яна становіцца мястэчкам, цэнтрам воласці Навагрудскага павета, але застаецца ва ўладанні Радзівілаў. У межах новага дзяржаўнага збудавання Навагрудчыну, у тым ліку і Любчу, чакалі значныя эканамічныя, палітычныя, культурныя змены. Цяжкія вынікі для Беларусі і Навагрудчыны мела вайна 1812 года, закранулі наш край і буйныя паўстанні 1830-1831 і 1863-1864 гг.

Паводле Першага ўсеагульнага перапісу насельніцтва Расійскай імперыі 1897 года, на на тэрыторыі тагачаснага Наварудскага раёна налічвалася 314 населеных пунктаў, з якіх 4 лічыліся мястэчкамі. Любча была самым буйным па колькасці насельніцтва мястэчкам: тут пражывала 3 239 чалавек. Напрыклад, у Дзяляцічах пражывала 1509 чал., ва Уселюбе – 1255 чал., Нягневічах – 575 чал.

У другой палове ХІХ ст. Навагрудчына з’яўлялася своеасаблівым цэнтрам малочнай жывёлагадоўлі ў Менскай губерні. Мясцовыя памешчыкі стваралі прадпрыемствы па перапрацоўцы малака. Яны дзейнічалі ў Любчы, Нягневічах, Сенна, а таксама ў Шчорсах.

З кнігі «Памяць. Навагрудскі раён»: «Большасць навагрудскіх уладальнікаў або займалася збытам малака ў гарадскія малочныя крамы, або здавала жывёлу на так званы «пахт» (здача жывёлы ў арэнду). Сярод пахтароў Навагрудчыны вылучаліся прадпрымальнікі Гаўза і Саладуха. Першы наймаў да 20 пахтаў не толькі ў Навагрудскім, але і ў Слуцкім і Менскім паветах. Другі жыхар мястэчка Любча пабудаваў сумесна з тэхнікам па малочнай гаспадарцы масларобны завод у суседнім Ашмянскім павеце Віленскай губерні. Штодзённа завод выпускаў больш за 10 пудоў сметанковага масла вышэйшага гатунку».

Сапраўдным выпрабаваннем для жыхароў Навагрудчыны стала Першая і Другая сусветныя вайны.

У 1921-1939 гг. Любча знаходзілася ў складзе Польшчы, цэнтр гміны Навагрудскага павета і ваяводства. З 1939 года пасля ўз’яднання Заходняй Беларусі ўвайшла ў склад БССР, а з 1940 года Любча з’яўлялася цэнтрам раёна Баранавіцкай вобласці.

Напярэдадні Вялікай Айчыннай вайны ў Любчы 90 % насельніцтва складалі яўрэі – каля 3000 чал. Нямецкія войскі занялі пасёлак 26 чэрвеня 1941 года, і акупацыя працягнулася да 8 ліпеня 1944 года. За гады акупацыі большая частка насельніцтва Любчы, уключаючы яўрэяў, была знішчана – гэта быў сапраўдны генацыд супраць нашага народа.

З 1954 года Любча знаходзілася ў складзе Гродзенскай вобласці, а з 1956 года ўвайшла ў склад Навагрудскага раёна.

Пасёлак спрыяльны для жыцця
Статыстыка сведчыць аб тым, што кожны дзясяты жыхар нашай краіны заняты ў аграпрамысловым сектары. Таму і намаганні для развіцця галіны з боку ўлад прыкладаюцца вялікія. Адным з важных фактараў з’яўляецца стварэнне годных умоў жыцця, развіццё сацыяльнай і культурнай сфер. Пасёлак Любча – адно з такіх месцаў, дзе гэтыя пераўтварэнні відавочныя.

Сёння г.п. Любча з’яўляецца цэнтрам сельсавета, які ўключае 24 населеныя пункты. На 1 студзеня 2022 года тут пражывала 2 527, у тым ліку ў Любчы 1004 чал. Галоўным прадпрыемствам з’яўляецца ААТ «Прынёманскі», дзе працуе большая колькасць жыхароў. Больш за палову з іх – моладзь, актыўная і любіць працу на зямлі. Маладыя людзі не імкнуцца ў горад, а ствараюць сем’і і плануюць жыць у гэтым маляўнічым мястэчку.

Паспяхова працуе сырцэх філіяла «Навагрудскія Дары» ААТ «Лідскі малочна-кансервавы завод». У Любчы шырока прадстаўлена сетка гандлёвых аб’ектаў – 6 магазінаў, кафэ. Развіта і сфера паслуг: функцыянуе баня, 2 уласныя цырульні, аддзяленне АСБ «Беларусбанк», аддзяленне паштовай сувязі, комплексна-прыёмны пункт і г. д. У Любчы таксама працуе бальніца, паліклініка, аптэка, функцыянуюць сярэдняя школа, у якой размяшчаецца «Народны музей Любчанскага краю», Дом культуры, дзіцячая школа мастацтваў.

Вяртаецца жыццё і ў Любчанскі замак. На працягу многіх гадоў дзякуючы валанцёрскаму руху, пачатак якому паклаў ураджэнец Любчы Іван Антонавіч Пячынскі, замак аднаўляецца. Гэта першая ў гісторыі нашай краіны спроба рэстаўрыраваць замак уласнымі сіламі з дапамогай энтузіястаў. Сіламі беларускіх валанцёраў, якія стварылі фонд Любчанскага замка, паспяхова вядуцца работы па аднаўленні старажытных вежаў і ператварэнні гістарычнай славутасці ў аб’ект міжнароднага турызму.



Далучайцеся да нашага Telegram-каналу!