Навагрудак праз прызму графікі Валянціны Цехановіч

Навагрудак праз прызму графікі Валянціны Цехановіч

Навагрудак праз прызму графікі Валянціны Цехановіч

18 Июля 2022 361

У Доме-музеі Адама Міцкевіча праходзіць выстаўка графікі Валянціны Цехановіч. Валянціна Іванаўна – ураджэнка Навагрудка. Таму не дзіўна, што на большасці з прадстаўленых на выстаўцы работах адлюстраваны мілыя сэрцу з дзяцінства краявіды малой радзімы, роднага Навагрудка. Графічныя работы мастачкі можна разглядаць бясконца. На іх знаёмыя гарыстыя краявіды, звілістыя ціхія вулачкі, куткі старой забудовы і старажытныя будынкі.

На выстаўцы ў музеі прадстаўлена больш за 20 графічных работ. Усе работы стрыманыя па сваім каларыце, спакойныя па настроі, але нязменна блізкія кожнаму з навагрудчан, хто наведае выстаўку, якая будзе працаваць у Доме-музеі Адама Міцкевіча да 31 жніўня.

Працуе вядомая мастачка (член Беларускага саюза мастакоў) Валянціна Цехановіч пераважна ў станковай графіцы (пяро, аловак, туш, пастэль), а таксама ў манументальна-дэкаратыўным жывапісе і акварэлі. Аўтар графічных работ валодае рэдкім дарам мастацкай выразнасці, выкарыстоўвае сукупнасць сродкаў і прыёмаў. Яе работы адрозніваюцца тонкай лаканічнасцю, на іх няма нічога лішняга. Любіць Валянціна Іванаўна графіку, ёй блізкія скупыя лініі, разам з тым любіць і акварэль.

– Дзесьці звыш 75 % маіх работ напісаны і прысвечаны міламу сэрцу – Навагрудку. Тут я нарадзілася, а жылі мы ў самым цэнтры горада, на вуліцы Паштовай, – расказвае Валянціна Іванаўна. – І сёння ў памяці дзіцячыя забавы: любілі з’язджаць з гары на санках, цэлыя «цягнікі» будавалі і спускаліся так. Машын раней мала было. Навагрудак мне падабаецца тым, што ён узгорысты. Для любога мастака гэта дадатковыя ідэі для творчасці. Графікай займаюся з дзяцінства, а па-іншаму не магло быць. Мой тата – Іван Сцяпанавіч Ганчароў – выкладаў выяўленчае мастацтва ў Доме піянераў. Ён браў мяне з сабою ў гурток, разам з усімі я малявала, і гэта мне падабалася. Пасля заканчэння школы вырашыла паступаць у тэатральна-мастацкі інстытут, але не прайшла па конкурсе. Тата параіў паступіць у Ленінградскі педінстытут, куды я паспяхова паступіла. Аднак з часам зразумела, што не бачу сябе настаўнікам. Праз два гады падрыхтавалася і паступіла ў Ленінградскае вышэйшае мастацка-прамысловае вучылішча імя В.I. Мухінай, якое закончыла ў 1977 годзе.

Падчас летніх канікул Валянціна Іванаўна пазнаёмілася з будучым мужам Юрыем Яўгеньевічам (таксама творчая асоба, закончыў кансерваторыю) і пасля замужжа пераехала ў Баранавічы. Перш працавала на Баранавіцкім баваўняным камбінаце старшым інжынерам у аддзеле эстэтыкі. Менавіта яна распрацавала фірмавы знак аб’яднання, выканала дэкаратыўныя пано для ПТВ-5 тэкстыльшчыкаў (сёння – Баранавіцкі дзяржаўны прафесійна-тэхнічны каледж сферы абслугоўвання).

Значную частку жыцця Валянціна Іванаўна прысвяціла педагагічнай працы ў Баранавіцкай дзіцячай мастацкай школе, якая была арганізавана ў 1989 годзе па ініцыятыве мастачкі. Да 2005 года Валянціна Цехановіч была дырэктарам, а пасля выхаду на пенсію працуе выкладчыкам. Валянціна Іванаўна ганарыцца сваімі выпускнікамі, сярод якіх знакамітыя мастакі, якія працуюць як у Беларусі, так і за мяжой. Яе выхаванцы перамагалі на рэспублiканскiх i мiжнародных конкурсах малюнкаў. Талент матулі перадаўся і сыну Аляксандру, ён таксама мастак.

Першая выстаўка работ Валянціны Цехановіч прайшла ў Навагрудку і кінатэатры «Звязда». Будучай мастачцы тады было 15 гадоў. На выстаўцы былі прадстаўлены ў асноўным графічныя работы. У Доме-музеі Адама Міцкевіча першая выстаўка мастачкі прайшла ў 2000 годзе. Наогул, з 1994 года В. Цехановіч прымае ўдзел у мастацкіх выстаўках. У мастачкі адбылося нямала персанальных выставак, якія былі арганiзаваны ў Баранавіцкім краязнаўчым музеі, музеі Янкі Купалы ў Мінску, мастацкай галерэі ў г. Лідзе i iншых гарадах.

Падчас прэзентацыі выстаўкі муж Валянціны Іванаўны Юрый Яўгеньевіч перадаў у дар Дому-музею Адама Міцкевіча з сямейнай бібліятэкі кнігу «Пан Тадэвуш».

– Дакладна дата выдання кнігі невядома, прыкладна датуецца пач. ХХ ст. Гэта кніга была заўсёды ў нашым доме, яе чыталі мае старэйшыя брат і сястра, затым і я, – расказаў Юрый Цехановіч. – Вельмі рады перадаць кнігу ў музей, дзе яе змогуць убачыць і пачытаць наведвальнікі.

Дырэктар Дома-музея Адама Міцкевіча Ганна Апановіч падзякавала за каштоўны падарунак музею і запэўніла, што кніга зойме сваё пачэснае месца ў экспазіцыі «Пан Тадэвуш праз часы і народы».


Вольга Пісар, «НЖ».