Абмеркаваць праблемы і дапамагчы

Абмеркаваць праблемы і дапамагчы

17 августа 2024 914
Работа ў выбарчай акрузе – важны аспект дзейнасці дэпутатаў любога ўзроўню. Аналіз сітуацыі на месцах, непасрэдны кантакт з выбаршчыкамі дазваляюць убачыць праблемы, акрэсліць шляхі іх вырашэння і ацаніць правільнасць прынятых рашэнняў. 

Дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Аляксандр Сонгін на гэтым тыдні працаваў у выбарчай акрузе. Парламентарый наведаў шматдзетную сям’ю навагрудчаніна Аляксандра Мароза, які адзін выхоўвае траіх сыноў. Гэтай сям’і Аляксандр Сонгін на працягу некалькіх гадоў рэгулярна аказвае падтрымку. Дзецям былі ўручаны сертыфікаты на набыццё школьных тавараў і салодкія падарункі.
Разам з намеснікам старшыні Навагрудскага райвыканкама Людмілай Мароз дэпутат пабываў у сярэдняй школе №7 і гімназіі №1, азнаёміўся з ходам падрыхтоўкі ўстаноў адукацыі да новага навучальнага года.
Разам са сваім памочнікам Аляксандр Генрыхавіч наведаўся ў ААТ «Шчорсы» і пацікавіўся, як вядуцца ўборачныя і пасяўныя работы ў гаспадарцы. Аграгарадок Шчорсы нядаўна сур’ёзна пацярпела ад стыхіі.
– У рамках работы ў выбарчай акрузе я заўсёды стараюся наведаць максімальную колькасць арганізацый і прадпрыемстваў, каб даведацца, чым жыве раён. Цікавіць літаральна ўсё: і ход уборачнай, і работа гандлю на сяле, і падрыхтоўка школ да навучальнага года. Абавязкова сустракаюся з людзьмі, каб абмеркаваць праблемы і аказаць дапамогу ў іх вырашэнні, – адзначыў Аляксандр Сонгін. 
Парламентарый прыняў удзел у адзіным дні інфармавання, у рамках акцыі «Збяром дзяцей у школу» сустрэўся з сем’ямі, дзе выхоўваюцца дзеці, азнаёміўся з работай службы «Адно акно».

«Новае жыццё» | Telegram | VK | OK | Facebook |  
Instagram | YouTube | TikTok |
Автор: Вольга Навагран, «НЖ»