Зламыснікі не дрэмлюць. Разбіраемся ў сітуацыі з старшым ўпаўнаважным групы па процідзеянні кіберзлачыннасці крымінальнай міліцыі Навагрудскага РАУС

Зламыснікі не дрэмлюць. Разбіраемся ў сітуацыі з старшым ўпаўнаважным групы па процідзеянні кіберзлачыннасці крымінальнай міліцыі Навагрудскага РАУС

Зламыснікі не дрэмлюць. Разбіраемся ў сітуацыі з старшым ўпаўнаважным групы па процідзеянні кіберзлачыннасці крымінальнай міліцыі Навагрудскага РАУС

06 июня 2021 750
Для таго, каб не стаць ахвярай махляроў у сферы інфармацыйных тэхналогій, неабходна прытрымлівацца звычайных правіл лічбавай гігіены. Усё часцей на старонках нашай газеты з’яўляецца інфармацыя аб махлярстве з банкаўскімі карткамі і рахункамі, з якіх знікаюць грашовыя сродкі, а злачынцу адшукаць не так проста, бо ўчыняюцца злачынства не фізічна, а віртуальна. Праваахоўнікі ўвесь час папярэджваюць аб тым, што нельга перадаваць свае банкаўскія даныя незнаёмым людзям, асабліва па тэлефоне. Аднак многія з нас перакананы, што іх гэта не закране, дыктуюць махлярам свае асабістыя даныя, а потым ідуць пісаць заяву ў міліцыю.

Каб разабрацца ў сітуацыі і паспрабаваць у чарговы раз папярэдзіць грамадзян аб злачынствах у сферы інфармацыйных тэхналогій, мы звярнуліся да старшага ўпаўнаважанага групы па процідзеянні кіберзлачыннасці крымінальнай міліцыі Навагрудскага РАУС Яўгенія Лагуціка.

– Яўгеній Мікалаевіч, калі да нас паступае інфармацыя аб злачынствах, якія адбыліся ў нашым раёне, складваецца ўражанне, што ў сферы-ІТ іх становіцца больш, чым тых, што нам прывычныя?

– На жаль, развіццё навукова-тэхнічнага прагрэсу, звязанае з укараненнем сучасных інфармацыйных тэхналогій, прывяло да з’яўлення новых відаў злачынстваў, у прыватнасці, да незаконнага ўмяшання ў працу персанальных камп’ютараў, інфармацыйных сістэм і камп’ютарных сетак, крадзяжу, прысваення, вымагальніцтва камп’ютарнай інфармацыі, небяспечнай антысацыяльнай з’явы, якая атрымала распаўсюджаную назву – «кіберзлачыннасць». Зразумела, што любая новая сфера жыццядзейнасці, якая з’яўляецца ў нашым жыцці, як правіла, накіравана на атрыманне пэўнай карысці, так адбываецца і з лічбавымі тэхналогіямі. Сёння мы не ўяўляем жыцця без камп’ютара, мабільнага тэлефана ці планшэта, і гэта добра разумеюць зло­дзеі, якія шукаюць лёгкага заробку і добра валодаюць новымі тэхналогіямі. Інтэрнэт іх прываблівае высокай ступенню ананімнасці: мы можам мець зносіны адзін з адным, выкарыстоўваючы пэўныя нікі, праграмныя прадукты, якія дазваляюць мяняць нумары тэлефонаў і ІР-адрасоў.

А наконт таго, што колькасць такіх злачынстваў павялічваецца, лічбы гавораць самі за сябе. У 2020 годзе ў нашым раёне зарэгістравана 87 злачынстваў у сферы інфармацыйных тэхналогій (+ 50 да ўзроўню 2019 года). На 20 мая бягучага года адбылося ўжо 32 падобныя злачынствы (+ 21 у параўнанні з адпаведным перыядам 2020 года).

– На Ваш погляд, лягчэй устанавіць злачынцу рэальнага ці віртуальнага. Наколькі Вы сёння падрыхтаваны да барацьбы з кіберзлачынцамі?

– Адразу хачу адзначыць, што любы чалавек, які ўчыняе крымінальна адказнае дзеянне, з’яўляецца злачынцам. Не важна, як ён гэта робіць: фізічна ці віртуальна. За кожным злачынствам стаіць канкрэтны чалавек. Напрыклад, злачынца ўкраў сумку, кашалёк або ўзламаў машыну, то, зразумела, праводзіцца шэраг аператыўных мерапрыемстваў, якія ўключаюць прагляд відэакамер, зняцце адбіткаў пальцаў і іншых слядоў. Тыя, хто ўчыняе злачынствы ў інтэрнэце, таксама пакідаюць сляды, толькі электронныя. За імі стаяць такія ж парушальнікі закона, як і ў рэальных умовах. Іх таксама можна ўстанавіць, аднак гэта патрабуе больш часу. Напрыклад, у глабальнай сетцы могуць учыняць злачынствы асобы, якія знаходзяцца на іншым кантыненце. Тады неабходна задзейнічаць механізмы міжнароднага супрацоўніцтва, цесна працаваць з калегамі з іншых дзяржаў.

Безумоўна, для таго, каб супрацьстаяць кіберзлачынцам, неабходна валодаць спецыяльнымі ведамі ў ІТ-сферы. Паколькі гэта адносна новая сфера дзейнасці, неабходна займацца самаадукацыяй, праходзіць перападрыхтоўку. Дарэчы, я не так даўно прайшоў чарговыя курсы павышэння кваліфікацыі. Для паспяховай работы мала мець вопыт і пэўныя навыкі, трэба ісці ў нагу з часам, дадаткова вывучаць новыя тэхналогіі.

– Як Вы думаеце, чаму грамадзяне так часта трапляюць у пастку кіберзлачынцаў?

– Нашы людзі яшчэ да канца не ўсвядомілі, што ў інфармацыйным асяроддзі таксама адбываюцца правапарушэнні. Людзі старэйшага пакалення ўспрымаюць лічбавыя тэхналогіі з нейкай баязлівасцю, многія баяцца таго, да чаго не могуць дакрануцца. А сустракаюцца выпадкі, калі чалавек вельмі самаўпэўнены, што ён усё добра разумее і не трапіць на «вуду» кіберзлачынцаў. Прывяду прыклад: жыхар нашага горада, мужчына сярэдняга ўзросту, уступіў у размому праз месенджар «Viber» нібыта з супрацоўнікам банка. Потым у размове прызнаўся, што з першых хвілін зразумеў, што размаўляе з махлярамі, але вырашыў праверыць – што ж будзе далей. Размова цягнулася больш чым гадзіну. Неяк ненавязліва яму сказалі, што яго картачка можа мець пэўныя пашкоджанні, што будзе перашка­джаць правядзенню банкаўскіх аперацый. Мужчына, каб даказаць, што картачка ў поўным парадку, уключыў відэавыклік, пераключыўся на заднюю камеру мабільнага тэлефона і на хвіліну паказаў махлярам банкаўскую картку. Гэтага аказалася дастаткова, каб з карт-рухунку было спісана каля 800 рублёў. І падобныя выпадкі адбываюцца амаль кожны дзень.

Як дзейнічаюць махляры? Для сваіх мэт яны прыцягваюць кваліфікаваных псіхолагаў, якія прафесійна націскаюць на тыя балючыя кропкі, якія хвалююць. Напрыклад, чалавеку сталага ўзросту, які вельмі хвалюецца за свае сродкі, – гэта балючая тэма яшчэ з савецкіх часоў, калі людзі пазбаўляліся сваіх зберажэнняў – раптам тэлефануе «супрацоўнік банка» і паведамляе, што з яго рахунку спрабуюць скрасці грошы, ён можа проста механічна прадыктаваць свае персанальныя даныя. Акрамя таго, у нас вельмі змяніўся рытм жыцця, мы вельмі занятыя, кудысьці спяшаемся, а ў гэты час паступае паведамленне нібыта ад супрацоўніка банка, што пэўны час не будзе працаваць інтэрнэн-банкіг і патрэбна праверыць яго персанальныя даныя: чалавек, хвалюючыся, што не зможа аператыўна праводзіць банкаўскія аперацыі, таксама можа падзяліцца з махлярамі персанальнымі данымі.

Але часцей за ўсё пазбаўляюцца сваіх сродкаў людзі, якія маюць дастаткова нізкі ўзровень лічбавай адукаванасці і грэбуюць усімі правіламі лічбавай гігіены.

– А што такое лічбавая гігіена?

– Так, мы добра ведаем правілы асабістай гігіены, а ёсць яшчэ і лічбавая гігіена. Каб не трапіць у пастку махляроў, неабходна выконваць пэўныя правілы. Галоўнае правіла – перадача любой інфармацыі аб вашых рахунках недапушчальная, асабліва па тэлефоне ці праз інтэрнэт. Усе зносіны, якія датычацца вашых электронных сродкаў, павінны адбывацца толькі ў банкаўскай установе з супрацоўнікам, якога вы бачыце. Пры заключэнні дагавора на банкаўскае абслугоўванне банк прымае на сябе абавязкі па захаванні вашых сродкаў. І што б ні адбылося з вашымі грашыма, ён нясе адказнасць, у выпадку несанкцыянаванага доступу да вашых сродкаў – за іх вяртанне. А вось калі сам чалавек дасць зламыснікам ключы і паролі, іншыя сродкі доступу, то банк ніякай адказнасці не нясе.

Хачу адзначыць, што, дзякуючы прафілактычнай рабоце і інфармацыі, якая паступае ў СМІ, людзі становяцца больш дасведчанымі. Так, былі праведзены прафілактычныя гутаркі з работнікамі ва ўсіх установах адукацыі нашага раёна, бо выпадкі махлярства з банкаўскімі карткамі сярод дадзенай катэгорыі работнікаў сталі адбывацца часцей, чым у іншых сферах. І падобная практыка будзе працягвацца. Людзі становяцца больш дасведчанымі, але і зламыснікі мяняюць тактыку. Калі раней яны прадстаўляліся супрацоўнікамі банка, то цяпер часта называюць сябе супрацоўнікамі праваахоўных органаў. І людзі, якія ўжо ўсвядомілі, што нельга даваць асабістыя даныя банку, зноў у разгубленасці.

У любым выпадку кожнаму чалавеку трэба быць больш абачлівым і асцярожным, калі гэта датычыцца сферы інфармацыйных тэхналогій. Зламыснікі не дрэмлюць.

Падрыхтавала Алена Ермакова, «НЖ»

Фота мае ілюстрацыйны характар