Стаўка на моладзь

Стаўка на моладзь

Стаўка на моладзь

24 июля 2021 1014
У нашай краіне вядзецца планамерная работа па замацаванні маладых спецыялістаў. Яна накіравана на стварэнне ўмоў для вытворчай дзейнасці выпускнікоў, іх хутчэйшай адаптацыі ў працоўных калектывах, забеспячэнне нармальных жыллёва-бытавых умоў. Аднак праблема дэфіцыту прафесійных кадраў сёння актуальна для многіх сфер эканомікі, асабліва востра яна адчуваецца ў сельскай гаспадарцы. Аб тым, што робіцца для паспяховага замацавання маладых спецыялістаў у арганізацыях, іх сацыяльнай абароны, колькі выпускнікоў застаецца на першым рабочым месцы пасля размеркавання і іншых пытаннях, наша размова з начальнікам аддзела арганізацыйна-кадравай работы Навагрудскага райвыканкама Ірынай Бачынскай.

Прафарыентацыя і мэтавая падрыхтоўка

Па словах Ірыны Бачынскай, важным накірункам у дзейнасці кадравай службы раёна з’яўляецца работа з маладымі спецыялістамі. – Практыка паказвае, што маладыя спецыялісты – адна з галоўных крыніц камплектавання высокакваліфікаванымі кадрамі прадпрыемстваў рэальнага сектара эканомікі, а таксама фарміравання дзейснага рэзерву на кіруючыя пасады. Таму работа па паскарэнню адаптацыі ўчарашніх выпускнікоў навучальных устаноў да патрабаванняў сучаснай вытворчасці займае важнае месца ў арсенале форм і метадаў дзейнасці аддзелаў кадраў, – падкрэсліла Ірына Генрыхаўна. – Ва ўмовах рынку, які патрабуе структурнай перабудовы вытворчасці, прымянення новых тэхналогій, якія садзейнічаюць выпуску новай прадукцыі, запатрабаванай на сусветным рынку, працэс старэння атрыманых у ВНУ ведаў паскорыўся.

Зыходзячы з гэтага, аддзелы кадраў павінны стварыць такія адаптацыйныя ўмовы, пры якіх маладыя спецыялісты змогуць з дапамогай сваіх непасрэдных кіраўнікоў за максімальна кароткі тэрмін не толькі арганічна ўліцца ў новы калектыў, але і навучыцца эфектыўна прымяняць на практыцы сваю тэарэтычную падрыхтоўку.

На працягу 2018-2020 гадоў у раён прыбыло пасля заканчэння вышэйшых і сярэдніх спецыяльных навучальных устаноў 412 маладых спецыялістаў. Больш за 50 % маладых спецыялістаў – гэта ўраджэнцы Навагрудчыны.

У раёне прымаюцца пэўныя меры па замацаванні маладых спецыялістаў, і ў апошнія гады намецілася станоўчая дынаміка ў гэтым пытанні: сёння каля 70 % маладых спецыялістаў застаюцца працаваць пасля адпрацоўкі на сваіх першых рабочых месцах.

На замацаванне маладых спецыялістаў уплывае шмат фактараў. У раёне праводзіцца разнапланавая дзейнасць, накіраваная на стварэнне неабходных умоў для замацавання маладых спецыялістаў. Штогод праходзяць сустрэчы з кадравым папаўненнем. На іх асвятляюцца актуальныя пытанні рэалізацыі маладзёжнай палітыкі, гарантыі працоўных адносін, ільготнага крэдытавання і іншыя моманты.

З мэтай замацавання спецыялістаў па месцы размеркавання пасля заканчэння абавязковага тэрміну адпрацоўкі ў большасці арганізацый у калектыўныя дагаворы ўведзены раздзел «Сацыяльная абарона моладзі», згодна з якім прадугледжаны разнастайныя меры матэрыяльнага стымулявання і іншых відаў дапамогі. Важная роля ў замацаванні кадраў адведзена наймальнікам, якія ў першую чаргу павінны быць зацікаўлены ў тым, каб утрымаць спецыялістаў. Таму важна даць магчымасць маладым праявіць свае таленты і здольнасці. Часта прадастаўляецца магчымасць завочна скончыць ВНУ, некаторыя прадпрыемствы часткова альбо цалкам бяруць на сябе аплату навучання сваіх кадраў.

Замацаванню маладых спецыялістаў дапамагае таксама прафарыентацыйная работа сярод навучэнцаў школ з далейшым заключэннем мэтавых дагавораў па найбольш запатрабаваных спецыяльнасцях. Мэтавыя дагаворы на падрыхтоўку спецыялістаў не першы год паспяхова практыкуюць у сферы адукацыі, аховы здароўя, сельскай гаспадарцы.

Сацыяльныя гарантыі і матывацыя

У нашай краіне прадугледжана шмат ільгот і прэферэнцый для маладых спецыялістаў, але і прадпрыемствы і агранізацыі ў калектыўных дагаворах прадугледжваюць дадатковыя стымулы. У якасці станоўчага прыкладу можна прывесці ДЛГУ «Навагрудскі лясгас», дзе ў раздзеле «Дадатковыя ўзнагароджанні, гарантыі і кампенсацыі» прадугледжаны дадатковыя выплаты, у тым ліку і маладым спецыялістам пры адыходзе ў працоўны адпачынак. Таксама на працягу трох гадоў маладым спецыялістам, якім арганізацыя прадаставіла першае працоўнае месца, часткова кампенсуюцца выдаткі па найму жылля ці пражывання ў інтэрнаце, пры заключэнні кантракту з маладымі спецыялістамі прадугледжаны дадатковы водпуск не менш трох дзён і г.д

Прадугледжаны шэраг прэферэнцый для маладых спецыялістаў у калектыўных дагаворах сельскагаспадарчых прадпрыемстваў нашага раёна. Так, у ААТ «Шчорсы» маладым спецыялістам, якія прыбылі на работу па накіраванні пасля заканчэння навучальнай установы, пры заключэнні кантракту ўстанаўліваецца павышэнне тарыфнага акладу на 50 % і дадатковы заахвочвальны адпачынак не менш за 3 каляндарныя дні. Прадугледжана таксама прадастаўленне жылля ці поўная кампенсацыя выдаткаў па найме жылля. Студэнтам, якія накіраваны на навучанне арганізацыяй, выплачваецца стыпендыя, а потым яны вяртаюцца ў арганізацыю і павінны пэўны час тут адпрацаваць.

Па меркаванні Ірыны Бачынскай, маладым спецыялістам таксама неабходна дапамагчы адаптавацца ў працоўных калектывах. У апошнія гады ў розных сферах актывізавалася настаўніцтва. Знаўцы сваёй справы бяруць пад апеку маладых, дапамагаюць ім хутчэй стаць на ногі, паверыць у свае сілы. Нездарма многія юнакі і дзяўчаты, адпрацаваўшы некалькі гадоў, паспяваюць праявіць сябе на прафесійнай ніве і становяцца пераможцамі раённага спаборніцтва «Лепшы па прафесіі». Тыя ж, хто прадэманстраваў арганізатарскія здольнасці, уносяцца ў перспектыўны рэзерв кадраў.

У перспектыўны кадравы рэзерв уключаны 33 чалавекі ва ўзросце да 31 года. У мінулым годзе двое, а ў бягучым – трое ўзначалілі працоўныя калектывы раёна.

Куды пайсці працаваць?

Гэтым пытаннем задаюцца многія, але варта адзначыць, што агульная сітуацыя на рынку працы Навагрудскага раёна сёння спрыяльная для тых, хто шукае работу і хоча працаваць.

Топ-10 найбольш запатрабаваных прафесій у Навагрудскім раёне:

трактарысты, вадзіцелі – 38;

швачкі – 32;

рабочыя будаўнічых спецыяльнасцей – 21;

жывёлаводы, аператары машыннага даення – 16; прадавец – 14;

педагогі (псіхолаг, сацыяльны, педагог-арганізатар) – 14;

урачы-спецыялісты – 14; повар – 10; ветурач – 8; медсястра – 8.

Напрыклад, адна з асноўных праблем у сельгасарганізацыях – недастатковая забяспечанасць спецыялістамі заатэхнічнага і ветэрынарнага профілю. Тут робяць стаўку, у тым ліку і на маладых спецыялістаў. У гаспадарках разлічваюць, што з прыходам маладых кадраў многія вакансіі будуць закрыты. Найбольшая колькасць вакансій заяўлена і ў будаўнічай галіне раёна, чакаюць маладыя кадры і ў сістэме аховы здароўя, на швейнай вытворчасці.

ДАВЕДКА «НЖ»

На 1 студзеня 2021 года ў Навагрудскім раёне зарэгістравана 42318 чалавек: з іх 23247 – працаздольнае насельніцтва (54,9 %), маладзейшых за 18 гадоў – 7728 (18,3 %), старэйшых за працаздольны ўзрост – 12268 (29 %). У арганізацыях, прадпрыемствах, установах і інш. – 19400 чалавек.

А. Ермакова, «НЖ»