До дня Великой
Победы осталось

Канікулы для радасці, а не для бяды

Канікулы для радасці, а не для бяды
05 июня 2021
Вось і наступілі доўгачаныя летнія канікулы – час бестурботнага адпачынку, яркіх падзей і эмоцый. І калі для нашых дзяцей гэта магчымасць на тры месяцы забыць пра ўрокі, дамашнія заданні, цяжкія партфелі, то для бацькоў гэта перыяд асаблівай адказнасці за бяспеку сваіх дзяцей. Для выканання гэтай нялёгкай задачы неабходна максімальна адказна аднесціся да арганізацыі адпачынку свайго дзіцяці і патурбавацца аб тым, каб летнія канікулы пайшлі на карысць і без здарэнняў. Спадзяёмся, што парады і рэкамендацыі, якія па просьбе «Новага жыцця» падрыхтавалі спецыялісты розных службаў, дапамогуць дарослым арганізаваць бяспечны адпачынак для сваіх дзяцей.

Праезная частка – не для гульняў

Сур’ёзная небяспека ў адсутнасць дарослых можа чакаць дзіця не толькі дома, але і на вуліцы. Таму вельмі важна зага­дзя паклапаціцца аб тым, каб дзеці выразна разумелі: гульні паблізу дарог – небяспечныя. Варта нагадаць дзецям асноўныя правілы паводзін паблізу праезнай часткі. Бо на працягу навучальнага года падобныя прафілактычныя гутаркі з дзецьмі праводзяць настаўнікі і супрацоўнікі ДАІ. Аднак не лішнім будзе і бацькам прыняць удзел у фарміраванні элементарных бяспечных паводзін свайго дзіцяці. А найлепш на асабістым прыкладзе паказаць дзіцяці, як правільна паводзіць сябе на вуліцы і пераходзіць дарогу. Важна нагадаць дзецям, што на веласіпедах можна ездзіць толькі па тратуарах, а пераходзіць вуліцу пешшу, веласіпед жа пераводзіць у руках.

Бацькам рэкамендуецца

Пры руху па тратуары:

·                    прытрымлівайцеся правага боку тратуара;

·                    не вядзіце дзіця па краі тратуара: дарослы павінен знаходзіцца з боку праезнай часткі.

Пры перамяшчэнні ў аўтамабілі:

·                    прывучыце дзяцей сядзець у аўтамабілі толькі на заднім ся­дзенні;

·                    не дазваляйце сядзець каля ва­дзіцеля, калі пярэдняе сядзенне не абсталявана дзіцячым крэслам;

·                    не дазваляйце малалетняму дзіцяці падчас руху стаяць на заднім сядзенні: пры сутыкненні або раптоўным спыненні яно можа пераляцець праз спінку сядзення і ўдарыцца аб пярэдняе шкло;

·                    не дазваляйце дзецям знаходзіцца ў аўтамабілі без нагляду.

Пры выхадзе з дому:

·                    адразу звярніце ўвагу дзіцяці на рух транспартных сродкаў каля пад’езда і разам паглядзіце, ці не прыбліжаецца да вас аўтамабіль, матацыкл, мапед, веласіпед;

·                    калі ля пад’езда стаяць транспартныя сродкі ці растуць дрэвы, якія закрываюць агляд, прыпыніце свой рух і паглядзіце, ці няма паблізу небяспекі.

РАНС нагадвае: запалкі – не цацка

Супрацоўнікі раённага аддзела па над­звычайных сітуацыях рэкамендуюць асаблівую ўвагу ўдзяліць бяспецы дзяцей, якія падчас летніх канікул будуць заставацца дома без нагляду дарослых. Вольнага часу ў дзяцей дастаткова, баць­коў побач няма – гэта выдатная магчымасць правесці вопыт ці эксперымент або адправіцца ў падарожжа. На жаль, такія заняткі не заўсёды бяспечныя. Бацькам, нягледзячы на занятасць, важна право­дзіць больш часу з дзецьмі, арганізоўваць сумесныя паходы ў кіно, сямейныя чытанні, наведваць спартыўныя спаборніцтвы і г.д. Усё гэта дапаможа адцягнуць увагу дзіцяці ад думак аб правядзенні якіх-­небудзь эксперыментаў з выкарыстаннем запалак, свечак ці піратэхнікі.

Калі дзіця ўсё-такі вымушана заставацца дома, неабходна прыдумаць такі занятак, які будзе яму цікавым і будзе магчымасць узгадняць свае дзеянні з бацькамі, напрыклад, па тэлефоне. Такія зносіны ні ў якім разе не павінны выглядаць як чарговы кантроль ці справаздача дзіцяці перад бацькамі. Для гэтага трэба ведаць інтарэсы сваіх дзяцей, сяброў – гэта дапаможа пазбегнуць многіх праблем і пабудаваць даверлівыя адносіны з імі. Нават калі дзіця адправіцца куды-небудзь, не папярэдзіўшы бацькоў, яны заўсёды будуць ведаць, дзе яго шукаць. Увесь час дзецям трэба нагадваць, што праводзіць вольны час неабходна далёка ад будаўнічых пляцовак, пустак, не заходзіць у закінутыя і недабудаваныя дамы ці падвалы, не залазіць на гарышчы.

Бацькам рекамендуецца:

·         часцей нагадваць дзіцяці аб бяспецы гульняў з агнём;

·         не пакідаць на відным месцы запалкі ці запальнічкі;

·         расказваць, як правільна весці сябе ў надзвычайнай сітуацыі – не хавацца, а пакідаць памяшканне;

·         навучыць правільна карыстацца бытавымі электрычнымі і газавымі прыборамі;

·         дапамагчы вывучыць дзіцяці нумары тэлефонаў усіх экстранных службаў: 102, 104, 103, 101, 112;

·         выходзячы з дому, праверыць, ці схаваны запалкі, выключаны газ, ці няма агню ў печцы.

Вокны дома ўяўляюць небяспеку

Падзенне з вышыні – адна з самых распаўсюджаных прычын траўміравання дзяцей, некаторыя выпадкі могуць закончыцца трагічна. Па статыстыцы падзенне дзяцей з вокнаў у летні перыяд займае чацвёртае месца сярод усіх выпадкаў траўматызму. Пры гэтым часта дзеці падаюць з вокнаў сваіх кватэр, калі бацькі знаходзяцца дома: для трагедыі парой хапае ўсяго некалькіх секунд, на якія адцягнулася ўвага бацькоў. Пазбегнуць падобных няшчасных выпадкаў не цяжка, калі своечасова патурбавацца аб бяспецы і прыняць неабходныя меры.

Бацькам рэкамендуецца:

·         не прывучайце дзіця стаяць на падаконніку нават у вашай прысутнасці;

·         прыбярыце ўсю мэблю, якой можа скарыстацца дзіця, каб узлесці на падаконнік;

·         пастаўце каля створкі, якую можна адкрыць, такі прадмет, які пры падзенні гучна падасць вам сігнал, што малыш імкнецца пазнаць свет без вашай прысутнасці;

·         дзіцяці, старэйшаму за тры гады, можна растлумачыць бяспеку вышыні. Напрыклад, паказаць яму гравітацыйныя ўласцівасці цацкі. У даступнай форме растлумачыць, што падаць вельмі балюча;

·         памятайце самі і растлумачце дзіцяці, што маскітная сетка нетрывалы элемент апоры – яна вылятае пры малейшым націску на яе;

·         абавязкова ўсталюйце на шкло спецыяльны фіксатар (блакіруючы замок, ручку з ключом), які дазваляе адкрываць створку толькі ў рэжыме праветрывання;

·         драўляныя вокны неабходна закрываць на верхнія і ніжнія шпінгалеты;

·         пасля закрыцця блакіратара акна на ключ абавязкова прыбярыце яго ў недаступнае для дзіцяці месца;

·         нават на хвіліну не пакідайце дзіця любога ўзросту каля адчыненага акна;

·         ніколі не акрыквайце дзіця, якое ўжо стаіць на акне і глядзіць уніз. Крык можа яго напалохаць. Спакойна пазавіце яго і папрасіце падысці да сябе.

Вадаёмы вабяць прахалодай

Неад’емнай часткай летняга адпачынку з’яўляецца наведванне вадаёмаў, куды ў спякотныя дні з радасцю напраўляюцца і дарослыя, і дзеці. Акунуцца ў ваду і пагуляць на пляжы – гэта не толькі прыемна, весела, але і карысна. Аднак варта памятаць, што, акрамя велізарнай карысці і задавальнення, плаванне і гульні на ва­дзе пры незахаванні правілаў бяспечных паводзін могуць несці пагрозу здароўю ці нават жыццю дзяцей. Прычыны няшчасных выпадкаў на вадзе з дзецьмі вядомыя ўсім: няведанне правілаў паводзін, невыкананне мер бяспекі, недастатковы кантроль з боку дараслых.

Бацькам рэкамендуецца:

·         не адпускаць дзяцей купацца без нагляду дарослых, строга забараніць адпраўляцца на вадаём, не папярэдзіўшы дарослых;

·         не даручаць прыглядваць за малодшымі сваім старэйшым дзецям, асабліва непаўналетнім;

·         калі дзіця ў вадзе, не спускаць з яго вачэй – яно ўвесь час павінна быць пад вашай пільнай увагай;

·         абавязкова растлумачце дзецям, што яны не павінны купацца ў адзіночку, а таксама ныраць у незнаёмым месцы;

·         дарослы, які прыглядвае за дзецьмі, якія купаюцца, павінен сам добра плаваць, умець ака­заць першую дапамогу, валодаць прыёмамі правядзення штучнага дыхання і непрамога масажу сэрца.

Алена Ермакова, «НЖ»

Фота мае ілюстрацыйны характар