Успаміны дзяцінства
- Я нарадзіўся ў вёсцы Лаўрышава ў 1939 годзе, - расказвае Іван Мікалаевіч. – Мае бацькі былі звычайнымі сялянамі. Трымалі сваю гаспадарку, шмат працавалі на зямлі. Калі пачалася Вялікая Айчынная вайна, бацька, як і многія яго аднавяскоўцы, быў мабілізаваны і ваяваў на 1-ым Балтыйскім фронце. Да Берліна не дайшоў: быў паранены пад Кенігсбергам і там, у Заходняй Прусіі, сустрэў Перамогу. - Нашай сям’і пашанцавала: бацька вярнуўся з вайны жывым, хоць і параненым, - кажа І.М. Качан. – Памятаю, як радаваліся яго вяртанню мы, дзеці… У 1946 годзе хлопчык пайшоў у першы клас. А ў 1948 годзе на Навагрудчыне пачалі арганізоўвацца калгасы. У калгас Звязда імя 50-годдзя СССР у ліку іншых сяльчан уступіў і бацька Івана. - Бацька працаваў конюхам. Мне падабалася яму дапамагаць і я літаральна прападаў у канюшні, - прыгадвае ён. А праз некалькі гадоў бацька цяжка захварэў і неўзабаве памёр. Маці засталася маладой удавой – адна з чатырмя дзецьмі. Цяжкая сялянская праца легла на кволыя жаночыя плечы. Пэўную частку хатніх клопатаў давялося ўзяць на сябе Івану, як старэйшаму сыну.Шлях у прафесію
Лаўрышаўскую сямігодку Іван Качан закончыў на выдатна і адразу ж паступіў у Навагрудскае педвучылішча. Выбар быў абумоўлены двума вызначальнымі для юнака фактарамі: па-першае, да горада было недалёка, па-другое, яму хацелася быць настаўнікам. З усмешкай ён прызнаецца, як правяраў сшыткі ў сваіх малодшых брата і сястры. На выбар прафесіі паўплывалі і школьныя педагогі – класны кіраўнік Ніна Лявонцьеўна Ханажэнка, дырэктар школы Іван Феліксавіч Каралевіч. Перыяд, праведзены ў вучылішчы, ён лічыць важным этапам для свайго станаўлення як асобы, так і педагога. - Ужо тады мы разумелі, наколькі нам пашанцавала з выкладчыкамі, - разважае Іван Мікалаевіч. – У педвучылішчы склаўся выдатны калектыў спецыялістаў, якія маглі даць нам, учарашнім школьнікам, не толькі веды па прадметах, але і ўрокі жыццёвай мудрасці. Матэматыку вёў Іван Андрэевіч Агароднікаў, рускую мову – Ціхан Рыгоравіч Петрашкевіч, беларускую мову – Лідзія Дзмітрыеўна Зелянеўская… Вельмі моцнай была кафедра музычнай падрыхтоўкі. Тут працавалі Леанід Мікалаевіч Дыдышка, Леанід Мартынавіч Гарляускас, а таксама Іван Васільевіч Фандыбок – кіраўнік духавога аркестра. Удзельнікам гэтага музычнага калектыва стаў і Іван Качан. - Мы выступалі на шматлікіх мерапрыемствах, якія праводзіліся ў раёне і за яго межамі, - працягвае І.М. Качан. – Я іграў на кларнэце. Вучоба, практыка, пазакласная работа, мастацкая самадзейнасць – студэнцкае жыццё было цікавым і насычаным. А ў вольны ад заняткаў час хлопец спяшаўся на вёску, да маці, якой патрэбна было дапамагаць. Маці працавала ў калгасе – спачатку ў льнаводстве, потым цялятніцай, трымала дамашнюю гаспадарку. Іван і касіў, і араў, і нарыхтоўваў для жывёлы сена і салому… Педвучылішча ён закончыў з дыпломам з адзнакай і з лёгкасцю паступіў на гісторыка-геаграфічны факультэт Мінскага педагагічнага інстытута імя М. Горкага. Гады вучобы запомніліся цікавымі практычнымі заняткамі і экскурсіямі. Мы разглядваем пажаўцелыя ад часу фотаздымкі, якія адлюстроўваюць колішнія маршруты. Масква, Арджанікідзэ, Тбілісі, Батумі, Сухумі – геаграфія паездак не абмяжоўвалася толькі Беларуссю.Настаўнік, танкіст, дырэктар
Сённяшняя моладзь у большасці сваёй па размеркаванні імкнецца трапіць у буйны горад, а найлепш – застацца ў сталіцы. А ў пачатку 60-х гадоў мінулага стагоддзя для выпускнікоў педагагічных ВНУ лічылася справай гонару паехаць на працу ў вёску. Вучыць менавіта сельскіх дзяцей імкнуўся і малады настаўнік Іван Качан. Яго працоўны шлях пачаўся ў вёсцы Суднікі Вілейскага раёна. - Там я адпрацаваў толькі адну вучэбную чвэрць, а потым прыйшла павестка ў армію, - працягвае ўспаміны ён. Служыць давялося ў танкавых войсках. На памяць пра армію засталіся фатаграфіі сяброў, а таксама фота каля сцяга часці як узнагарода «за выдатныя поспехі ў баявой і палітычнай падрыхтоўцы, прыкладнасць у воінскай дысцыпліне» - напісана на здымку. Настаўнік з вышэйшай адукацыяй, які прайшоў суровую армейскую школу – спецыялісты такога ўзроўню былі каштоўнымі і запатрабаванымі. Таму, калі ў 1964 годзе пасля дэмабілізацыі І.М. Качан прыйшоў уладкоўвацца на працу, загадчык Навагрудскага раённага аддзела народнай адукацыі Павел Трафімавіч Марчанка ўзрадаваўся і выдаў накіраванне ў Навінскую васьмігадовую школу - дырэктарам. - Еду туды, а дарога пясчаная, лес кругом, прыгожа, - прыгадвае Іван Мікалаевіч першыя ўражанні ад наведвання Навін. – Хваляваўся: як складуцца адносіны з людзьмі, з працай?.. Як аказалася, хваляванні былі дарэмнымі. Маладога дырэктара калектыў школы прыняў добра. Спадабалася і сама вёска. - У Навінах мелася не толькі школа, але і ўчастковая бальніца з амбулаторыяй, клуб, магазін. Словам, вялікая вёска, - Іван Мікалаевіч на хвілінку задумваецца і працягвае. – Самае галоўнае – людзі цудоўныя. У школе займалася 102 дзіцяці, працавала 12 настаўнікаў. Дырэктару даводзілася вырашаць многія гаспадарчыя пытанні. У вёску электрычнае святло правялі толькі ў 1967 годзе. А да гэтага ў класах карысталіся газавымі лямпамі. Часта дырэктар сам прыносіў з магазіна газу. Калектыў Навінскай васьмігодкі быў маладым, таму ім разам было цікава і не сумна. У мастацкай самадзейнасці разам з настаўнікамі ўдзельнічалі работнікі бальніцы і праўлення калгаса.Лёс па імені Шура
Тут, у Навінскай школе, сустрэў Іван Мікалаевіч сваё каханне, свой лёс, сваю Шурачку.
Аляксандра Аляксандраўна родам з Поўберага. Закончыла Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт, факультэт прыкладной матэматыкі. - Па спецыяльнасці я інжынер, а ўвесь час працавала настаўніцай, - усміхаецца яна. – Спачатку ў Бердаўскай школе, потым перавялі ў Навіны. Выкладала матэматыку. Іван усё стараўся загрузіць мяне справамі: вясці піянерскую работу, афармляць наглядную агітацыю. А потым пачалі сустракацца, у 1965 годзе пажаніліся. У Навінах маладыя жылі на кватэры, сваёй хаты не мелі. Тут нарадзілася старэйшая дачка Тамара. Сваё жыллё сям’я Качан атрымала амаль праз дзесяць гадоў – у Лаўрышаве, куды Іван Мікалаевіч быў прызначаны дырэктарам школы. - Школа ў вёсцы была старая, пабудаваная яшчэ пры польскім часе, - удакладняе ён. – Таму вялося будаўніцтва новага будынка школы на 180-200 вучняў. Калі я прыйшоў сюды працаваць, у памяшканні былі ўзведзены толькі сцены. Будаваўся чатырохкватэрны дом для настаўнікаў, у якім атрымалі кватэру і мы. Шмат дапамагаў мясцовы калгас, старшынёй якога тады быў Сямён Георгіевіч Шарэцкі. У той перыяд у Лаўрышаве многае было зроблена з дапамогай гаспадаркі: узведзены клуб, пакладзены асфальт, добраўпарадкавана вёска. А ў сям’і Качан нарадзілася другая дачка – Ірына.



















