Общество

Прыёмная маці Тамара Старыкава: «Пастаянна малюся за ўсіх дзяцей, каб яны былі здаровыя, шчаслівыя і знайшлі сваё месца ў жыцці»

Прыёмная маці Тамара Старыкава: «Пастаянна малюся за ўсіх дзяцей, каб яны былі здаровыя, шчаслівыя і знайшлі сваё месца ў жыцці»

24 июля 2020 2100

Кожнаму дзіцяці для поўнага і гарманічнага развіцця неабходна расці ў сямейным асяроддзі. Але, на вялікі жаль, ёсць дзеці, якія па розных прычынах гэтага пазбаўлены… Каб вярнуць дзецям-сіротам і дзецям, якія засталіся без апекі бацькоў, магчымасць жыць у атмасферы любві, шчасця і клопату, у нашай краіне развіты інстытут замяшчальнай сям’і. Аднак далёка не кожны чалавек гатовы паступіцца звыклым укладам жыцця – узяць на выхаванне чужое дзіця, ставіцца да яго так, як да роднага. Таму асабіста для мяне такія людзі ў нейкім сэнсе – героі.

Сям’я Старыкавых на Навагрудчыну пераехала сем гадоў таму з Казахстана. Наш край – малая радзіма бацькі Тамары Станіславаўны і яго сваякоў.

– Жыццёвыя абставіны склаліся так, што нам прыйшлося прыняць гэта складанае рашэнне і назаўсёды пакінуць краіну, дзе я нарадзілася, расла, стварыла сваю сям’ю і гадавала дзяцей, – дзеліцца прыёмная маці Т.С. Старыкава. – Вёска Навасады Валеўскага сельсавета, дзе мы жывём, стала для мяне другой радзімай. І ведаеце, што мяне здзівіла больш за ўсё? Ужо ў першыя дні пасля пераезду я адчувала сябе тут як дома.

Муж і жонка Старыкавы працаўладкаваліся ў СРДУП «Свіцязь». У сельгаспрадпрыемстве Сяргей Аляксандравіч працуе па сённяшні дзень механізатрам. Жылі ў выдзеленым гаспадаркай доме, які з часам прыватызавалі.


– Аграгарадок Валеўка з магазінамі, амбулаторыяй, школай і садам непадалёку. З другога боку – воз. Свіцязь і проста неверагодна прыгожыя мясціны, – захапляецца Тамара Станіславаўна. – У вольны час разам з дзецьмі вельмі любім хадзіць у лес па грыбы і ягады, а летам адпачываць на возеры. 

А сям’я ў Тамары Станіславаўны і Сяргея Аляксандравіча вялікая. Трое родных дзяцей (ужо дарослыя), чацвёра прыёмных і дзевяць унукаў. Рашэнне ўзяць на выхаванне дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў, стала для іх незапланаваным, але вельмі ўзважаным.


– Не меркавалі, што ў нашай сям’і могуць з’явіцца маленькія дзеці, акрамя ўнукаў. А цяпер нас на чатыры чалавекі больш, – з радасным бляскам у вачах гаворыць Тамара Станіславаўна.

З 2015 па 2017 гг. у сям’і Старыкавых выхоўваліся Анастасія, Віталій і Мікіта – родныя браты і сястра. Пасля таго, як іх маці аднавілася ў бацькоўскіх правах, дзеці былі вернуты ў біялагічную сям’ю. І ўжо на наступны дзень у прыёмную сям’ю было перададзена зноў трое дзетак. Зараз Валерыя вучыцца ў 3 класе Валеўскага дзіцячага сада-сярэдняй школы, Крысціна – першакласніца, а самая маленькая Ксенія да паступлення ў школу будзе рыхтавацца ўжо гэтым летам. Усе дзеці з адной сям’і. У канцы 2017 г. Тамара Станіславаўна і Сяргей Аляксандравіч прынялі Людмілу. Яна самая старэйшая, вучыцца ў 7 класе.


– Атмасфера цеплыні і пяшчоты, якая пануе ў сям’і Старыкавых, акружае адразу ж, як толькі ўваходзіш у дом, – уступае ў размову намеснік дырэктара Навагрудскага раённага сацыяльна-педагагічнага цэнтра Ганна Абрыцкая. Педагогі гэтай установы, а таксама школ, дзе вучацца дзеці, і спецыялісты ўпраўлення адукацыі райвыканкама непасрэдна працуюць з замяшчальнымі сем’ямі. – Дзеці бягуць насустрач з радаснымі ўсмешкамі, нягледзечы на тое, што за імі – складаная сямейная гісторыя. Не кожны чалавек можа знайсці падыход да дзіцяці, асабліва ўлічваючы, што яны ўсе вельмі розныя, са сваім характарам і звычкамі. У Тамары Станіславаўны і Сяргея Аляксандравіча ўсё атрымалася, і адаптацыя дзяцей, якія перададзены ім на выхаванне, праходзіла паспяхова.


– Мы «не выдзяляем» прыёмных дзяцей – не адносімся да іх неяк па-іншаму, і ні разу не назвалі іх чужымі, – падкрэсліла Тамара Станіславаўна. – Яны для нас такія ж родныя, як і свае ўнукі. Зрэшты, усе дзеці паміж сабой вельмі сябруюць.

– Як сваіх дзяцей выхоўвалі, так цяпер выхоўваем і прыёмных, – Тамара Станіславаўна ў размове неахвотна вымаўляе гэтыя словы і толькі для таго, каб я зразумела яе думку. – Вучым дабрыні, павазе да дарослых, адказнасці за свае ўчынкі і інш. Таксама праца­ваць. Дзеці, калі вырастуць, павінны ўмець паклапаціцца аб сабе. Але самае галоўнае – у любой сітуацыі заставацца чалавекам.


Гульні і забавы на свежым паветры, праца на прысядзібным участку, паездкі па Навагрудчыне, экскурсіі ў іншыя гарады… У сям’і Старыкавых ні адна хвіліна не траціцца дарэмна. Асабліва дзяўчынкі любяць дапамагаць Тамары Станіславаўне на кухні, калі яна гатуе розныя беларускія і казахскія стравы.

– На ўсе сямейныя і рэлігійныя святы рыхтуем святочны стол, віншуем адзін аднаго, дорым падарункі. Дзеці вельмі любяць маляваць і сваімі рукамі рабіць паштоўкі, – працягвае Тамара Станіславаўна.


Зараз у сям’і рыхтуюцца да вельмі важнай падзеі – Валерыя, Крысціна і Ксенія хутка прымуць таінства хрышчэння.

– Хроснай маці будзе мая дачка Яўгенія. Да слова, яна і Люду таксама хрысціла, – дадае Тамара Станіславаўна. – Жыццё такое няпростае, і нам вельмі хочацца, каб дзеці былі ўцаркаўлёныя. Я пастаянна малюся за ўсіх нашых дзяцей, каб яны былі здаровыя, шчаслівыя і знайшлі сваё месца ў жыцці.


Быць бацькамі – вялікая адказнасць для любога чалавека, бо ўсё тваё жыццё падпарадкоўваецца выхаванню сына ці дачкі. А выхоўваць  дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў, – яшчэ больш адказная і складаная праца, справіцца з якой можа далёка не кожны. 

– Хачу шчыра падзякаваць кіраўніцтву нашай школы, гаспадаркі, сельсавета, медыкам і ўсім настаўнікам, якія нам дапамагаюць і падтрымліваюць, – сказала напрыканцы Тамара Станіславаўна. – Мы з мужам ні разу не пашкадавалі, што ўзялі на сябе такую адказнасць – стаць прыёмнай сям’ёй. Наадварот, рады, што можам дапамагаць дзецям справіцца са складанасцямі ў іх жыцці.   


– Сямейнае выхаванне – неад’емная частка паспяховай сацыялізацыі дзяцей у грамадстве. Менавіта таму адным з прыярытэтных накірункаў дзяржаўнай сацыяльнай палітыкі па паляпшэнні становішча дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў, выступае развіццё інстытута замяшчальнай сям’і, – гаворыць Ганна Абрыцкая. – У Беларусі ў адпаведнасці з Кодэксам «Аб шлюбе і сям’і» існуюць наступныя формы сямейнага ўладкавання дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў: усынаўленне, апека, прыёмная сям’я, дзіцячы дом сямейнага тыпу, патранатная сям’я. Іх разнастайнасць дазваляе максімальна ўлічваць спецыфічнасць жыццёвай сітуацыі канкрэтнага дзіцяці пры вызначэнні яго далейшага жыццеўладкавання.

На сённяшні дзень у Навагрудскім раёне 5 прыёмных сем’яў, у якіх выхоўваецца 17 дзяцей, і 1 дзіцячы дом сямейнага тыпу, у якім выхоўваецца 6 дзяцей.

Так, у прыёмнай сям’і муж і жонка або адзінокія грамадзяне выкон­ваюць абавязкі па выхаванні дзяцей на падставе дагавора аб умовах выхавання і ўтрымання дзяцей і працоўнага дагавора, заключаных паміж упраўленнем адукацыі па месцы жыхарства і прыёмнымі бацькамі. На выхаванне ў прыёмную сям’ю перадаецца ад аднаго да чатырох дзяцей з улікам дзяцей, над якімі раней устаноўлена апека (папячыцельства). Дзяржава выплачвае штомесячныя грашовыя выплаты на ўтрыманне дзяцей. Захоўваюцца выплаты пенсій, якія належаць дзіцяці. Прыёмныя бацькі і бацькі-выхавальнікі (як правіла гэта адзін з дарослых) атрымліваюць заработную плату за працу па выхаванні дзяцей, прынятых у сям’ю.

Калі вы верыце, што чалавек здольны змяніць жыццё дзіцяці-сіраты, жадаеце падарыць радасць і любоў дзецям, у якіх няма бацькоў, але не ведаеце з чаго пачаць, можаце звярнуцца па пытаннях стварэння замяшчальнай сям’і да спецыялістаў Навагрудскага раённага сацыяльна-педагагічнага цэнтра па адрасе: г. Навагрудак, вул. Мінская, 75 г, альбо па тэл.: 6-06-64.

Хочацца верыць, што для ўсіх дзяцей, якім патрэбна сям’я, знойдуцца ўсынавіцелі, апекуны ці прыёмныя бацькі, бо толькі ў сям’і дзіця можа адчуваць сябе па-сапраўднаму любімым, важным і патрэбным. Няхай дзіцячыя мары спраўджваюцца…

Анастасія Пятрова, «НЖ»