Я вырашыла пацікавіцца ў чытачоў газеты, чаму любіце наша выданне.
Ніна Калядзюк:
– Я выпісваю газету «Новае жыццё» 47 гадоў. Мне цікава ўсё, што адбываецца на роднай Навагрудчыне, таму з задавальненнем знаёмлюся з матэрыяламі, праглядаю рэкламу і аб'явы. Прыемна чытаць на друкаваных старонках прозвішчы тых, з кім даводзілася працаваць і мець зносіны, пазнаваць нешта новае аб блізкіх сэрцу месцах. Любая рубрыка па-свойму цікавая, але самыя любімыя – гэта «Вяскоўцы», «Аб'ектыўна», «Сведкі эпохі», «Бліцапытанне». Мне імпануе неабыякавасць, шчырасць карэспандэнтаў, падабаецца тое, што і як яны пішуць, ствараюць, арганізоўваюць. Важна, калі слова падмацоўваецца справай. Чытач гэта заўважае і шануе. Прызнаюся, што адчуваю гонар за раённую газету – яркую і разнапланавую, якая вылучаецца сярод іншых выданняў. Жадаю нашай газеце пабольш добрых навін, а калектыву рэдакцыі – здароўя і поспехаў у працы.
Людміла Шапашнікава:
– Раённую газету «Новае жыццё» чытаю заўсёды, таму ў маім доме яна традыцыйна займае сярод перыядычных выданняў першае месца. На старонках выдання ёсць уся неабходная інфармацыя аб сацыяльна-эканамічным, грамадскім жыцці Навагрудчыны, а таксама шмат іншых навін, прычым не толькі раённых, але і абласных, рэспубліканскіх. З асаблівым задавальненнем чытаю артыкулы аб простых сельскіх працаўніках, ветэранах, таленавітых спецыялістах. Бо сама калісьці працавала на карысць любімага раёна. І заўсёды прыемна назіраць за поспехамі іншых. Ад усёй душы хачу павіншаваць выдатны калектыў газеты з такім значным юбілеем – 85-годдзем! Вялікі вам дзякуй за вашу няпростую і вельмі адказную працу!
Тамара Віскуб:
– Даўно з'яўляюся пастаянным падпісчыкам раённай газеты. Падабаецца, што на старонках выдання заўсёды ёсць месца як гарадскім навінам, так і гісторыям з сельскага жыцця. Кожны нумар заўсёды чакаю з нецярпеннем! Прыемна бачыць на старонках раёнкі знаёмыя твары землякоў. Адзначу важнасць прафілактычнай інфармацыі. Да прыкладу, пра спосабы і схемы ашуканцаў, бо часта ахвярамі нягоднікаў становяцца людзі сталага ўзросту. Усе рубрыкі, якія вядуць карэспандэнты, важныя і цікавыя. Мяне захапляе іх стыль, уменне невялікім лікам супрацоўнікаў ахопліваць усю палітру навін раёна, часцяком выходзячы і за яго межы.
«Новае жыццё» | Telegram | VK | OK | Facebook |
Instagram | YouTube | TikTok |