Яўгеній Малуха захоўвае памяць пра брата Аляксея

Яўгеній Малуха захоўвае памяць пра брата Аляксея

28 Августа 2022 337

Вялікая Айчынная вайна даўно закончылася, але людзі, не губляючы надзеі, да гэтага часу шукаюць магілы загінулых блізкіх. Шмат гадоў шукаў месца пахавання роднага чалавека навагрудчанін Яўгеній Макаравіч Малуха.

У сям’і Малуха выхоўвалася васьмёра дзяцей – сямёра хлопцаў і дзяўчына. Жылі яны ў в. Чарэшля. Не абмінула Вялікая Айчынная вайна і сям’ю Яўгенія Малухі.

– Для нашай сям’і вайна – гэта вялікае гора і трагедыя. Я не хачу, каб такое паўтарылася. Спадзяюся, што гэтыя страшныя падзеі стануць урокам для многіх людзей. Гады Вялікай Айчыннай вайны, калі краіна ваявала, не забудуцца ніколі. Гэта наша гісторыя, памяць сэрца. Хочацца пакланіцца ўсім тым, хто ваяваў і загінуў на франтах Вялікай Айчыннай вайны для таго, каб працягвалася мірнае жыццё, каб спакойна спалі дзеці, каб радаваліся, былі шчаслівыя людзі, – гаворыць Яўгеній Макаравіч. – Наш чарашлянскі край быў партызанскі, у атрадзе Катоўскага ў гады вайны ваяваў мой старэйшы брат Аляксей. Менавіта яго месца пахавання я доўгі час шукаў. Трэба сказаць, што мы ведалі месца яго гібелі, аднак усё ж узніклі складанасці. Раскажу ўсё папарадку. Перш Аляксей прымаў удзел у вызваленні Любчы, дзе быў паранены. Граната разарвалася на дробныя асколкі, але ў шпіталь не лёг, з іншымі землякамі пайшоў на фронт. У снежні 1944 г. ён яшчэ раз быў ранены. У шпіталі пад г. Молатаў (зараз Перм) быў да студзеня 1945 г. Адтуль брат прыслаў фотаздымак, які ў нашай сям’і захоўваецца вельмі беражліва. На жаль, гэта адзінае, што засталося ў нас у памяць пра брата. Затым служыў ён у пяхоце ў 261-й дывізіі генерала Панфілава. Падчас бою ў сяле Вельцэн у Аўстрыі 15 красавіка 1945 г. васямнаццаць чырвонаармейцаў загінулі, у тым ліку і мой брат. 18 красавіка на Любчанскі ваенкамат прыйшла пахавальная, дзе гаварылася, што быў пахаваны з адданнем воінскіх ушанаванняў у сяле Вельцэн. Пасля вайны мы разам з матуляй хацелі паехаць на магілу брата, але атрымлівалі адказы, што ў спісах загінулых на той магіле не значыцца імя Аляксея Малухі. Куды мы толькі ні звярталіся на працягу доўгіх гадоў… І сёння для мяне загадка, чаму нам адмоўна адказвалі аб месцы пахавання брата. І мае сыны неаднаразова шукалі імя брата ў спісах загінулых. Усё было дарэмна. І толькі ў мінулым годзе выпадкова пляменнікі ў спісах загінулых у Аўстрыі ўбачылі імя Аляксея. На помніку трэцім у спісе значыцца імя Аляксея Малухі. Не перадаць той радасці, якую я адчуў, калі даведаўся, дзе пакоіцца брат. Шкада, што не збылася мара матулі…

Яўгеній Макаравіч расказаў, што брат Аляксей быў вельмі здольным хлопцам. Да вайны яму давялося працаваць і вучыцца. Летам ён пасвіў авечкі ў багатай сям’і Місюра з Плісы (у іх быў свой млын, трымалі шмат хатняй жывёлы), а зімой вучыўся ў гімназіі ў Навагрудку. Падчас вучобы ў гімназіі Аляксей з горада прывозіў малодшым братам газеты, кнігі, па яго канспектах пазней вучыўся і Яўгеній Макаравіч. Памятае Яўгеній Малуха і апошні дзень, калі брат ад’язджаў на фронт. Ніколі не забудзе і дзень, калі матуля атрымала пахавальную – маладая жанчына пасівела ў адзін момант. Яшчэ адзін брат Яўгенія Макаравіча Мікалай у 15-гадовым узросце быў вывезены ў Германію. Брат Мікалай пасля вайны вярнуўся дадому, але без пальцаў на руцэ.

Зараз Яўгеній Макаравіч жыве марай пабываць на магіле брата, каб ушанаваць памяць героя. Тады яго душа будзе спакойная.

Вольга Пісар, «НЖ»


Присоединяйтесь к нашему Telegram-каналу