До дня Великой
Победы осталось

Таццяна Яроцкая: «Сацыяльная работа – маё прызванне»

Таццяна Яроцкая: «Сацыяльная работа – маё прызванне»

01 мая 2019
Таццяна Яроцкая закончыла Навагрудскі аграрны каледж па спецыяльнасці «эканаміст» і збіралася актыўна развівацца ў атрыманай прафесіі. Аднак лёс распарадзіўся інакш. - Я выйшла замуж, і некаторы час мы з мужам жылі ў Галыні, - расказвае Таццяна. – Дачушка была маленькай, працы па спецыяльнасці ў вёсцы не было, і я вырашыла паспрабаваць сябе ў новай ролі – сацыяльнага работніка. Канешне ж, пра абслугоўванне на даму пенсіянераў і інвалідаў я ведала. Але сумненні трывожылі: «Ці атрымаецца ў мяне працаваць у сацыяльнай сферы?» Першымі падапечнымі былі двое пажылых жыхароў г.п. Любча, потым колькасць падапечных павялічылася. Прынесці прадукты, купіць лякарства, прыбрацца ў доме, дапамагчы прыгатаваць абед – гэтыя і іншыя абавязкі  аказаліся Таццяне па сілах. А з цягам часу прыйшло і разуменне: яна патрэбна гэтым людзям, і не толькі ў якасці памочніка ў хатніх справах. Ім неабходна ўвага, яны хочуць бачыць побач з сабою таго, хто выслухае, падбадзёрыць і падтрымае. - Статус сацыяльнага работніка патрабуе добрага сэрца, здольнасці разабрацца ў любой сітуацыі і аказаць неабходную дапамогу, - пераканана Таццяна Яроцкая. І яшчэ яна ведае, што цяжкім бывае толькі пачатак. Праз некаторы час сям’я Яроцкіх пераехала ў Гарадзечна. Адгэтуль на працягу пяці гадоў Таццяна ездзіла ў Любча да сваіх бабулек і дзядулек. Цяпер у яе на  абслугоўванні сем чалавек, усе мясцовыя жыхары. Людзі розныя і па характары, і па ўзросце: самаму старэйшаму 90 гадоў, малодшаму – 71. Жанчына прызнаецца, што лічыць сваіх падапечных блізкімі людзьмі, ведае іх сем’і. Ды і яны ў сваю чаргу называюць Таццяну дачушкай або ўнучкай і давяраюць сацыяльнаму работніку свае жыццёвыя сакрэты. - Кожная прафесія накладвае свой адбітак на чалавека, - лічыць Таццяна Яроцкая. - Я заўважыла, што з гадамі стала больш спагадлівай, стрыманай, тактоўнай і крыху мудрэйшай. Навучылася суперажываць, верыць, любіць і несці дабрыню. І цяпер з упэўненасцю магу сказаць, што сацыяльныя работнік патрэбныя пажылым людзям гэтак жа, як і яны нам. Мы пераймаем ад іх урокі жыццёвай мудрасці, прыслухоўваемся да жыццёвых парад, вучымся аптымізму. У мяне дзве дачушкі – Аліна і Юля. Часам, наведваючы сваіх падапечных, я бяру дзяўчынак з сабою. Хачу, каб з дзяцінства яны вучыліся дапамагаць старэйшым і з павагай адносіліся да ўзросту. Сацыяльным работнікам яна працуе ўжо дзесяць гадоў і, падобна, мяняць прафесію не збіраецца. «Час паказаў, што гэта – маё прызванне», - усміхаецца жанчына. Сёлета імя сацыяльнага работніка аддзялення сацыяльнай дапамогі на даму ДУ «Тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Навагрудскага раёна» Таццяны Яроцкай занесена на раённую Дошку гонару. Вольга Навагран, «НЖ» Варта пачытаць: Ніна Кавальчук: «Кандытар – прафесія «смачная» В центре внимания новогрудских спасателей – жилой сектор