Дакладна невядома, хто быў першым кандытарам. Магчыма, індзейцы племені майя, якія адкрылі дзіўныя ўласцівасці шакаладу. А, можа, жыхары старажытнай Індыі, якія змаглі спазнаць смак трасніковага цукру і згатаўляць з яго салодкія палачкі.
Па вялікім рахунку, гэта няважна. Галоўнае, што салодкія дэсерты вельмі папулярныя ва ўсім свеце. А майстры кандытарскай справы ствараюць неверагодныя па смаку і па прыгажосці вырабы.
Ніна Кавальчук пераканана, што знайшла сваё прызванне менавіта ў прафесіі кандытара.
– Я нарадзілася ў вёсцы Сямкова, – расказвае яна. – У сям’і было чацвёра дзяцей: тры дачкі і сын. Бацька працаваў у калгасе трактарыстам, мама – жывёлаводам. Хапала работы і дома: агарод, гаспадарка. Мы, як маглі, дапамагалі дарослым у хатніх справах.
У сям’і была традыцыя – на святы пячы пірагі. Водар тых маміных пірагоў і сёння для Ніны Уладзіміраўны самы прыемны. «Так пахне маё дзяцінства», – усміхаецца яна і прызнаецца, што ў маленстве лічыла працэс выпечкі сапраўдным чараўніцтвам. Магчыма, таму рана пачала асвойваць сакрэты кулінарнага майстэрства.
– Разам з братам Валодзем мы пасля школы пяклі пернікі, коржыкі, пячэнне, – прыгадвае жанчына. – Атрымлівалася не заўсёды ўдала, але елі ўсе ахвотна і з задавальненнем.
Пасля школы Ніна паступіла ў Баранавіцкі тэхналагічны тэхнікум на спецыяльнасць «тэхнолаг хлебапякарнай вытворчасці».
– Мне хацелася пячы хлеб, гэта вельмі важная прафесія, – прызнаецца яна.
Першае працоўнае месца – майстар на хлебазаводзе ў Дзятлаве, куды маладога спецыяліста накіравалі па размеркаванні. Але там яна працавала нядоўга. Пасля нараджэння дачкі Алесі сям’я Кавальчук пераехала ў Навагрудак, дзе з цягам часу пабудавалі свой дом. Муж Аляксандр Іванавіч працаваў вадзіцелем, а Ніна Уладзіміраўна ў райспажыўтаварыстве: спачатку кандытарам, потым тэхнолагам грамадскага харчавання. З 2006 года яна брыгадзір кандытарскага цэха ў кафэ «Маладзёжнае». Працай сваёй задаволена.
– Калектыў працавіты, кіраўнік – кампетэнтны і справядлівы, заробак неблагі – што яшчэ трэба, каб адчуваць упэўненасць у заўтрашнім дні? – сцвярджае Ніна Кавальчук.
Прафесія кандытара – не з лёгкіх. У ёй спалучаецца ўсё: і цяжкая фізічная праца, і творчы палёт, і пастаяннае навучанне і развіццё. У суткі кандытары з «Маладзёжнага» выпякаюць да 180-200 кілаграмаў розных вырабаў. Гэта 5-6 відаў булачак, коржыкі, пернікі, кексы, пірожныя.
– Мы з’яўляемся падраздзяленнем камбіната школьнага харчавання, і наша прадукцыя ў асноўным разлічана на дзяцей, – тлумачыць Ніна Уладзіміраўна. – Ніякіх хімічных дабавак не выкарыстоўваем, усе кампаненты – натуральныя. Такія ж якасныя вырабы наш цэх выпякае і для рознічнага гандлю. Тарты, пірагі, кулічы – смачная выпечка на любы густ.– Больш за ўсё мне падабаецца працэс аздаблення вырабаў, – працягвае Ніна Кавальчук. – Афармленне – магчымасць праявіць сваю фантазію і крэатыўнасць, асабліва пры выкананні заказаў. Не сакрэт, што пакупнік ацэньвае кандытарскія вырабы не толькі па смаку, але і па знешнім выглядзе.
Маміна выпечка – любімы ласунак для мужа, а таксама для дачкі Алесі і яе сям’і. Асабліва падабаюцца піражкі з тварагом, мясам і капустай.
– Дачка закончыла эканамічны ўніверсітэт, жыве ў вёсцы Кашалева і працуе бухгалтарам у мясцовай гаспадарцы. Зяць Уладзімір па прафесіі зваршчык, – расказвае Ніна Уладзіміраўна. – У мяне двое ўнукаў – Рувім і Мацвейка. Амаль кожныя выхадныя мы збіраемся разам, і гэта для мяне вялікая радасць.
– Ніна Уладзіміраўна – адказны і добрасумленны работнік, – гаворыць дырэктар ААТ «Навагрудскі камбінат школьнага харчавання» Валянціна Бондар. – У яе абавязкі ўваходзіць афармленне заявак, кантроль над працэсам вытворчасці, распрацоўка новых вырабаў сумесна з тэхнолагам. Акрамя таго, яна вельмі творча афармляе тарты і пірожныя – работа проста ювелірная. Трэба сказаць, што спецыялісты па афармленні такога высокага ўзроўню сустракаюцца нячаста.
Вольга Навагран, «НЖ»
Варта пачытаць:В центре внимания новогрудских спасателей – жилой секторРебенок – главный пассажир! Новогрудские госавтоинспекторы проводят рейды по предупреждению детского травматизма на дорогах