Праект «Бацькаўшчына». Сядзіба Храптовічаў у аграгарадку Шчорсы

Праект «Бацькаўшчына». Сядзіба Храптовічаў у аграгарадку Шчорсы

Праект «Бацькаўшчына». Сядзіба Храптовічаў у аграгарадку Шчорсы

30 августа 2022 770

Ёсць у нашай краіне такія месцы, ад якіх дух захоплівае. Вось і сядзіба Храптовічаў у аграгарадку Шчорсы, на першы погляд, проста руіны, якія захаваліся да нашых дзён. Але ёсць нешта такое, што не дазваляе назваць гэта месца проста руінамі. Бо гэтая сядзіба калісьці жыла зусім іншым жыццём. На фотаздымках з калекцыі Уладзіміра Ліхадзедава можна ўявіць сабе, наколькі прыгожым быў палац Храптовічаў і што за жыццё тут працякала?

З гісторыі Шчорсаў
Вёска Шчорсы ўпершыню ўпамінаецца ў 1265 годзе і звязана гэта з заснаваннем Лаўрышаўскага манастыра. Затым Шчорсы з’яўляюцца ў Метрыцы Вялікага Княства Літоўскага як уладанне Храптовічаў. У сярэдзіне XV ст. падзелена паміж Багданам, Васілём і Міткам Яцкавічамі-Храптовічамі. Некаторыя прадстаўнікі гэтага старажытнага роду, асабліва Ян Літавор-Храптовіч, у канцы XV – пачатку XVI ст. адыгрывалі прыкметную ролю ў палітычным жыцці дзяржавы. У 1784 годзе маёнтак наведаў нават апошні кароль польскі і вялікі князь літоўскі Станіслаў Панятоўскі.

Вёска знаходзілася ва ўладаннях Храптовічаў да канца ХІХ ст., затым да 1939 года ва ўласнасці Храптовічаў-Буцянёвых.

Шчорсы часта ўпамінаюцца ў сувязі з рознымі гістарычнымі падзеямі, якія адбываліся на беларускіх землях. Так, у 1660 годзе мястэчка было спустошана расійскімі войскамі падчас вайны Расіі з Рэччу Паспалітай. У час паўстання 1830-1831 гадоў двор Шчорсы быў захоплены паўстанцамі, павешаны ўпраўляючы Дэмбскі. Пасля адмены прыгоннага права ў 1865 годзе шчорсаўскія сяляне супрацьстаялі дзеянням праверачнай камісіі, якая адмовілася вярнуць ім раней адабраныя лугі і павялічыць надзелы. У 1870 го дзе Шчорсы лічыліся воласцю, дзе былі тры сельскія грамады, налічвалася 28 паселішчаў, 1780 сялян-уласнікаў.

Маёнтак Шчорсы з’яўляўся ўзорнай гаспадаркай не толькі па ўзроўні культуры, але і перадавых метадах гаспадарання – упершыню ў ВКЛ тут быў уведзены севазварот. У маёнтку працавалі майстэрні: кузня, слясарная, сталярная, рымарная, ліцейная, знаходзіліся чатыры вадзяныя млыны, лесапільня, два цагляныя заводы, паравая вінакурня.

Дзякуючы Храптовічам, у маёнтку расчыніла свае дзверы прыходская школа, якая адкрыла сялянам сапраўдны свет ведаў. Іаахім Храптовіч быў чалавекам усебакова развітым. У сваёй сядзібе ён наладзіў вытворчасць сыроў па швейцарскіх рэцэптах. Гэтыя сыры пастаўлялі ў Санкт-Пецярбург. Піва і хлеб з вёскі Шчорсы былі вядомыя далёка за межамі Беларусі. Племянныя коні з мястэчка былі таксама вельмі добра вядомыя.

Славілася сядзіба яшчэ і тым, што яе гаспадар з павагай ставіўся да сялян. Ён здаваў ім зямлю ў арэнду і дапамагаў наладжваць сваю справу. Гэта спрыяла таму, што жыхары вёскі Шчорсы жылі нябедна і былі шмат у чым вольныя ў сваіх правах. Нездарма на будынку сядзібы Храптовічаў красаваўся надпіс «Мір і Свабода». Гэта быў асноўны пастулат і прынцып жыцця людзей, якія імкнуліся зрабіць жыццё іншых лепшым.

У 1897 годзе ў Шчорсах дзейнічалі дзве царквы, карчма, валасное праўленне.

Пры царкве, пабудаванай у імя святога велікамучаніка Дзмітрыя Салунскага, якая адначасова будавалася разам з палацам, захоўвалася рукапіснае Евангелле 1545 года ўладальніка Шчорсаў – Багдана Марціновіча-Храптовіча.

Шчорсаўскі палаца-паркавы ансамбль
Пабудова палаца ў Шчорсах адносіцца да 1776 года. Яго ўзводзілі лепшыя еўрапейскія майстры – італьянец Джузэпэ Сака і француз Карла Спампані. У XIX ст. побач з палацам з’явілася мноства розных жылых і адміністрацыйных будынкаў, вытворчых памяшканняў і майстэрняў, аб’яднаных у адзіны гаспадарчы двор. Гэты двор таксама выглядаў вельмі незвычайна – быў абнесены масіўнай сцяной з чырвонай цэглы, увянчанай круглымі вуглавымі вежамі, і ўяўляў сабой суцэльны архітэктурны ансамбль у замкавым стылі.

Цэнтрам кампазіцыі быў палац. Перад парадным фасадам палаца невялікая пляцоўка з кустамі і кветнікамі ў англійскім стылі. На захад ад палаца знаходзіўся парк, у паўднёва-заходняй частцы размясціўся суцэльны паркавы масіў з вадаёмамі і кальцавой дарожкай. Перад тытульным фасадам палаца знаходзілася адкрытая пляцоўка з асобнымі групамі дрэў, ланцугом вадаёмаў.

Пабудаваныя ў 1777 годзе сіметрычныя бакавыя карпусы мелі службовае прызначэнне і сціплае архітэктурнае аблічча. У пачатку ХІХ ст. цэнтральна-восевая кампазіцыя ансамбля была развіта ў глыбіню прыбудаванай з усходняга боку двара флігеля, у якім размяшчалася стайня і жыллё конюха, а з заходняга боку знаходзіліся службовыя будынкі ў выглядзе карэ, якое прадстаўляла замкнуты квадрат з аднапавярховымі будынкамі па перыметры. У іх жылі ўпраўляючыя, кучары, майстры, слугі. Двор замыкала агароджа з барочнай брамай, да якой вяла шырокая ўязная алея, абсаджаная ліпамі. Яна складалася з моцных варот чыгуннага ліцця, падвешаных на мураваных пілонах, злучаных фігурным гербавым шчытом. Шырокія слупы прастакутнага сячэння мелі па краях руставаныя лапаткі, у верхняй частцы завяршаліся карнізам з пастаўленымі на ім літымі скульптурнымі групамі ў выглядзе антычных кампазіцый, са сцягоў і ваенных атрыбутаў. Аўтарам гэтых скульптурных кампазіцый быў Карла Спампані. Ансамбль палаца ўключаў і фантан. У час археалагічных раскопак былі выяўлены рэшткі керамічнага водаправода ХVIII ст.

У другой палове ХІХ ст. маёнткам валодаў граф Буцянёў-Храптовіч, і ў гэты час да дома далучыўся пабудаваны ганак-тэраса. Мабыць, у гэты час на плоскасці франтона з’явіўся рэльефны надпіс на лацінскай мове PACI ET LIBERTATI, што азначае «Мір і Свобода». У афармленні інтэр’ераў прымалі ўдзел мастакі Т. Манькоўскі і А. Смуглевіч, былі выкарыстаны карціны Ю. Карчэўскага. У столі цэнтральнай залы быў змешчаны вялікі акварыум.

Усё гэта знешняе хараство выклікала як захапленне, так і зайздрасць па ўсёй акрузе і нават за яе межамі.

Шчорсы – цэнтр еўрапейскай культуры
Бібліятэка Храптовічаў таксама была вядома за межамі Беларусі. У канцы XVIII ст. спецыяльна для бібліятэкі ўзведзены двухпавярховы будынак у стылі класіцызму. Над уваходам размяшчалася шырокая тэраса на 4-х калонах.

Дзякуючы ўладальнікам, сядзіба Шчорсы ператварылася ў сапраўдны цэнтр еўрапейскай культуры. Кніжны збор Храптовічаў уключаў не менш за 10 тысяч тамоў (па некаторых крыніцах – каля 20 тысяч), архіўныя дакументы і рукапісы, геральдычныя зборнікі, матэрыялы аб магдэбургскім праве, геаграфічныя карты, археалагічную калекцыю. Унікальнай бібліятэкай карысталіся знакамітыя дзеячы свайго часу: вядомыя навукоўцы, філосафы, паэты, у тым ліку Ян Чачот, Адам Міцкевіч, Уладзіслаў Сыракомля, астраном Пачобут-Адляніцкі і іншыя.

Падчас Першай сусветнай вайны палацава-паркавы комплекс і самі Шчорсы моцна пацярпелі. У 1915 годзе тут стаяў фронт: за Нёманам – руская армія, у маёнтку – германская. Галоўная частка палаца згарэла. Згарэлі абодва флігелі, засталіся сцены. Як гэта выглядала ў рэальнасці, ілюструюць фотакарткі пачатку ХХ ст., якія захавалі сумныя наступствы баявых дзеянняў у Шчорсах: ахвярай аднаго з артылерыйскіх абстрэлаў стала Дзмітрыеўская царква, якая страціла званіцу і атрымала іншыя значныя пашкоджанні. Яна пацярпела ад пажару і ў 1930-я гады, але была адбудавана. Сёння царква дзейнічае і з’яўляецца помнікам рэспубліканскага значэння.



Присоединяйтесь к нашему Telegram-каналу!