Гродзеншчына – край з багатай гісторыяй і самабытнай культурай – бярэ свае вытокі ў далёкай старажытнасці. За сваё існаванне Гродзенская зямля зведала шмат тэрытарыяльных змен. 20 верасня 1944 года была арганізавана Гродзенская вобласць з цэнтрам у горадзе Гродне. Хуткімі тэмпамі ішло развіццё краіны, вобласці і Навагрудскага раёна. Гэта адзначаюць і мясцовыя жыхары, і шматлікія госці, якія наведваюць наш раён. У апошнія дзясяцігоддзі новы сучасны выгляд набылі многія будынкі і вуліцы горада. Асаблівая ўвага надаецца развіццю прамысловага і аграрнага сектара эканомікі. Сучасны выгляд набываюць аб’екты сацыяльнай сферы. Шмат зроблена для павышэння якасці жыцця людзей.

А пачынаў свой паступовы шлях развіцця Навагрудскі раён 15 студзеня 1940 года. Гэта дата ўтварэння раёна, на той час Навагрудчына была ў складзе Баранавіцкай вобласці. З 8 студзеня 1954 года Навагрудчына ў складзе Гродзенскай вобласці. У 1956 г. былі далучаны г.п. Любча і 9 сельсаветаў скасаванага Любчанскага раёна. У 1962 г. пасёлак Бярозаўка перададзены Лідскаму раёну. У 1962-65 гг. раён уключаў таксама тэрыторыю Карэліцкага раёна, г.п. Наваельня і 4 сельсаветы Дзятлаўскага раёна. У 1963 годзе Навагрудак стаў горадам абласнога падпарадкавання, а з 1965 г. раён у сучасных межах. Згодна з Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 22 жніўня 1997 года горад і раён аб'яднаны ў адну адміністрацыйна-тэрытарыяльную адзінку.
Навагрудскі раён знаходзіцца на ўсходзе Гродзенскай вобласці. Мяжуе з Карэліцкім, Дзятлаўскім, Лідскім і Іўеўскім раёнамі Гродзенскай вобласці, Баранавіцкім раёнам Брэсцкай вобласці і Стаўбцоўскім раёнам Мінскай вобласці. Па тэрыторыі раёна працякае Нёман – трэцяя па велічыні рака ў Беларусі. Наш раён прыкметна вылучаецца сярод іншых раёнаў сваім нацыянальным і рэлігійным складам. Тут жывуць беларусы, палякі, рускія, украінцы, літоўцы, татары і людзі іншых нацыянальнасцей.
Навагрудчына – архітэктурная жамчужына Гродзеншчыны. Шырокай вядомасцю карыстаюцца Любчанскі і Навагрудскі замкі. Багацце культурнай спадчыны Навагрудчыны адлюстравана ў шматлікіх помніках архітэктуры. Сярод іх: Барысаглебская царква, Фарны касцёл, Міхайлаўскі касцёл, Свята-Мікалаеўская царква, гара Міндоўга. У горадзе знаходзіцца гістарычна-краязнаўчы музей і Дом-музей Адама Міцкевіча.
Навагрудак размешчаны на высокіх і стромкіх пагорках. З Замкавай гары на многія кіламетры адкрываецца выдатная панарама на прыгарадныя далі і лясы. Маляўнічасць гэтага кутка апета многімі паэтамі. З Навагрудчынай звязаны імёны многіх вядомых людзей, дзяржаўных, навуковых і культурных дзеячаў.

– За мінулыя пяць гадоў на працягу 2018-2022 гадоў раёнам забяспечана тэндэнцыя ўстойлівага развіцця асноўных сфер сацыяльна-эканамічнай дзейнасці раёна, – расказала першы намеснік старшыні Навагрудскага райвыканкама Алена СЯЛЕВІЧ. – Прамысловымі прадпрыемствамі раёна за перыяд 2018-2022 гады выраблена прадукцыі на суму больш як 2 млрд рублёў. За мінулыя гады валаўтваральнымі прадпрыемствамі з'яўляліся філіял «Навагрудскія Дары», ААТ «НЗГА» і СП «Леор Пластык». Рэалізаваны шэраг мер, накіраваных на выпуск інавацыйнай прадукцыі. Лідарам у гэтым напрамку з’яўляецца завод газавай апаратуры. Так, у 2022 годзе ўдзельная вага адгружанай інавацыйнай прадукцыі па дадзеным прадпрыемстве склала 16% у агульным аб'ёме адгружанай прадукцыі. Фізічны аб'ём вытворчасці прамысловых прадпрыемстваў з 2018 па 2022 год вырас больш чым на 10 %. Гэтаму ў пэўнай ступені спрыяла рэалізацыя шэрагу інвестыцыйных праектаў і мадэрнізацыя прамысловых прадпрыемстваў раёна.
Больш значнымі для раёна сталі наступныя праекты: «Мадэрнізацыя швейнай вытворчасці з укараненнем інавацыйнай аўтаматызаванай тэхналогіі распрацоўкі і вырабу прадукцыі з прымяненнем сучасных матэрыялаў» (ААТ «БелКрэда»), «Вытворчасць па выпуску драўнянага паліва – пелет» (Навагрудскі лясгас), будаўніцтва спартыўнага комплексу для гульнявых відаў спорту. У цяперашні час рэалізуюцца два буйныя праекты ў сферы прамысловасці: «Арганізацыя вытворчасці металаканструкцый» ААТ «Навагрудскі завод металавырабаў», «Рэканструкцыя цэха ЦМП з устаноўкай лініі па вытворчасці сыроў прадукцыйнасцю 10 тон у суткі» (філіял «Навагрудскія Дары»).
У сельскай гаспадарцы аб'ём вытворчасці валавой прадукцыі за 2018-2022 гады вырас на 14,5 %, у тым ліку жывёлагадоўля – 15,8 %, раслінаводства – 12,3 %. На працягу 2018-2022 г. рэалізавана сем інвестыцыйных праектаў сельскагаспадарчымі прадпрыемствамі. Рэалізуюцца зараз тры праекты па будаўніцтве МТФ.
За мінулыя гады актыўна развівалася і сфера гандлю. Рознічны тавараабарот гандлю ў супастаўных цэнах праз усе каналы рэалізацыі за перыяд з 2018 па 2022 год вырас на 4,8 %.
У перыяд з 2018 па 2022 год уведзена ў эксплуатацыю 50 784 кв. м жылля, у тым ліку для шматдзетных сем'яў у 2022 годзе – 5 500 кв. м.
Развіццё эканомікі рэгіёна дазволіла выканаць шэраг сацыяльных задач, забяспечыць жыхароў раёна працоўнымі месцамі і годным узроўнем аплаты працы. Дынамічна і паступальна развіваецца сацыяльная сфера, праводзіцца абнаўленне і мадэрнізацыя медыцынскага абсталяваня (у 2021 г. у Навагрудскай раённай бальніцы пачаў працаваць камп’ютарны тамограф), таксама шмат зроблена па мадэрнізацыі ўстаноў адукацыі, культуры, сацыяльнай абароны. Свой уклад у развіццё фізкультуры і беларускага спорту ўносіць і Навагрудчына, якая па праву лічыцца спартыўным краем. У 2020 годзе з'явіўся фізкультурна-спартыўны комплекс «Лідар». Тут зараз юныя спартсмены назапашваюць вопыт і працягваць гісторыю сусветных і еўрапейскіх перамог вядомых навагрудчан: Людмілы Ананька, Аляксандра Усцінава, Карыны Савосік, Таццяны Шынтар, Сяргея Антановіча, Аляксандра Грабовіка, Дзмітрыя Будзіловіча.
Безумоўна, галоўнымі летапісцамі гісторыі Навагрудскага краю былі і застаюцца мясцовыя жыхары. На старонках газеты пастаянна публікуюцца матэрыялы аб навагрудчанах, якія ўнеслі значны ўклад у станаўленне і развіццё краю. Актыўная праца навагрудчан знайшла прызнанне ў краіне. Восем жыхароў Навагрудчыны ў свой час былі ўдастоены звання Героя Сацыялістычнай Працы, 112 работнікаў узнагароджаны іншымі саюзнымі ўзнагародамі, 18 спецыялістаў сталі заслужанымі работнікамі розных галін гаспадаркі і культуры.
Штогод уклад навагрудчан у развіццё раёна, вобласці і краіны адзначаецца на самым высокім узроўні. У 2022 годзе медалём «За працоўныя заслугі» ўзнагароджаны трактарыст-машыніст ААТ «Прынёманскі» Сяргей Буляк, начальнік Любчанскага сырцэха Алеся Ненартовіч, кіраўнік МТФ «Харосіца» Міхаіл Бажко, майстар Навагрудскага хлебазавода Галіна Драчылоўская. Кіраўнік народнага аматарскага калектыву Рэспублікі Беларусь клуба майстроў народнай творчасці «Каляравая альтанка» Навагрудскага раённага цэнтра рамёстваў Наталля Клімко ўдастоена спецпрэміі за плённую працу па захаванні традыцый вырабу беларускай выцінанкі. Сёлета медалём Францыска Скарыны ўшанавана настаўнік гісторыі і грамадазнаўства Валеўскай сярэдняй школы Тамара Сурага.
Навагрудчына працягвае дынамічна і паступальна развівацца, славіцца сваімі дасягненнямі. Значная ўвага надаецца захаванню і аднаўленню гісторыка-культурнай спадчыны. Навагрудчане ўносяць значны ўклад у сацыяльна-эканамічнае развіццё Гродзенскай вобласці і краіны.
З успамінаў сучаснікаў.
(Па старонках газетных публікацый).
У лютым 1990 года Георгій Яўстаф’евіч Бака ўзначаліў гарадскі выканаўчы камітэт.
– Горад рос, расшыраўся, гарадскі бюджэт дазваляў ажыццяўляць многія праекты і задумкі. Актыўна вялося будаўніцтва: сярэднія школы №№ 5, 6, 7, вучэбны корпус СПТВ-193, тры дзіцячыя сады на 280 месцаў кожны, рэанімацыйны корпус бальніцы, раённая і стаматалагічная паліклінікі, закладзены фундамент дзіцячай паліклінікі, – узгадваў Георгій Бака. – Штогод здавалі па 10-15 тысяч квадратных метраў жылля для навагрудчан.
На пасадзе старшыні Любчанскага пасялковага Савета дэпутатаў Аляксандр Паўлавіч Машчар адпрацаваў 29 гадоў. Важкі адрэзак часу, які вымяраецца не столькі працягласцю, колькі справамі. А іх на рахунку А.П. Машчара багата.
– Ужо ў першыя гады працы ў Любчы было заасфальтавана 11 кіламетраў вуліц. Сёння гэта лічба можа падацца не такой і вялікай, але ў пачатку 80-х мінулага стагоддзя гэта было сапраўднай перамогай над бездарожжам. Акрамя таго, у пасёлку была пашырана водаправодная сетка, абуладкаваны дзве артсвідравіны, пабудавана станцыя абезжалезвання, узведзены 20-кватэрны жылы дом. І гэта далёка не поўны пералік зробленага па ініцыятыве і пры непасрэдным удзеле мясцовай улады.
У студзені 1980 года Іван Міхайлавіч Пярко быў прызначаны начальнікам сельгасупраўлення Навагрудскага райвыканкама. У раёне тады было 22 калгасы. На гэтай пасадзе ён адпрацаваў сямнаццаць гадоў.
– Сельская гаспадарка – складаная сфера, дзе вынік працы чалавека часам перакрэсліваецца прыроднай стыхіяй. Выпадковы чалавек працаваць тут не зможа: не справіцца з цяжкасцямі. Каб усё атрымлівалася, трэба любіць сваю справу, – сцвярджаў Іван Міхайлавіч. – Менавіта такімі і былі старшыні калгасаў І.А. Жукоўскі, В.С. Кунашка, У.А. Дзяшук, І.М. Урбановіч, І.І. Барысевіч, Я.С. Аляшкевіч, В.М. Добрук, М.А. Гіга, М.І. Сурага і іншыя. Я вось думаю: чаму яны працавалі так добра? Відаць, таму, што шчыра «хварэлі» за сваю справу і імкнуліся да таго, каб гаспадарка стала больш моцнай, каб людзям жылося лепш. Не толькі ідэя рухала кіраўніком, але і сумленне.


















