Штуршком для гэтага паслужыў чарговы прыезд у Навагрудак сына Адама Міцкевіча Уладзіслава 13 мая 1922 г. Было яму на той час 86 гадоў. Пад уплывам гэтага візіту ў Навагрудку было створана добраахвотнае навуковае таварыства – «Камітэт ушанавання памяці Адама Міцкевіча» (Міцкевічаўскі камітэт) пад кіраўніцтвам ваяводы Уладзіслава Рачкевіча і пад апекай прэзідэнта Польшчы Станіслава Вайцяхоўскага.
Першай справай, якую пачаў ажыццяўляць камітэт, стала будаўніцтва помніка Міцкевічу. Паколькі ў пасляваенны час былі пэўныя складанасці з пабудовай высокамастацкага скульптурнага помніка, было вырашана ўзвесці помнік у выглядзе насыпанага кургана, згодна даўняй славянскай традыцыі. На добраахвотныя ахвяраванні навагрудчан у мясцовага землеўладальніка быў куплены на Малым замку пляц для будучага кургана.
27 мая 1924 года адбылася вялікая ўрачыстасць з нагоды пачатку работ па яго ўзвядзенні. Біскуп Зыгмунт Лазінскі зачытаў перад прысутнымі Устаноўчы акт, складзены прафесарам Віленскага ўніверсітэта Станіславам Піганем і падпісаны членамі Міцкевічаўскага камітэта. У ім, у прыватнасці, гаварылася: «На вечнае сведчанне павагі і любові, якую польскі народ уваскрашае для свайго прарока Адама МІцкевіча, сына гэтай зямлі, узнесенага веліччу сваёй геніяльнасці над людзьмі і часам, каралеўскага духу <…> Навагрудскі камітэт увекавечвання памяці Адама Міцкевіча пастанавіў узвесці Курган у Навагрудку на Замкавай гары, каб ён праз вякі перадаваў удзячную памяць землякоў». Затым гэты акт, які быў падпісаны на пергаменце, падпісалі ўдзельнікі ўрачыстасці, паклалі ў алавяную скрынку і забетаніравалі на месцы будучага кургана-помніка. Першую жменю зямлі ў яго аснаванне кінуў прэзідэнт Польшчы С. Вайцяхоўскі, а за ім астатнія прысутныя.
Зямлю для насыпання Кургана бралі ў асноўным з суседняй Замкавай гары. На ёй у 1924-1930-х гадах праводзіліся раскопкі рэшткаў замкавых умацаванняў і работы па іх кансервацыі. Ва ўзвядзенні Кургана ўдзельнічала моладзь, работнікі розных устаноў і арганізацый, салдаты. Прывозілі зямлю са сваіх родных мясцін і шматлікія турысты, якія наведвалі радзіму А. Міцкевіча. Жаданне прыняць удзел ва ўзвядзенні Кургана было такім вялікім, што адзначаліся і выпадкі, калі зямлю дасылалі поштай з розных рэгіёнаў, робячы на пасылцы надпіс «Навагрудак. Зямля для ўшанавання памяці Адама Міцкевіча».
У лістападзе 1930 г. навагрудчане адзначылі 75-ю гадавіну са дня смерці А. Міцкевіча. У Навагрудку адбылася прадстаўнічая канферэнцыя з удзелам вучоных, пісьменнікаў, паэтаў з Вільні, Варшавы, Торуня, Кракава і іншых гарадоў. Тады ж у Фарным касцёле Навагрудка была ўстаноўлена мармуровая памятная дошка з надпісам аб хрышчэнні тут 12 лютага 1799 г. Адама Міцкевіча.
У сувязі з гэтай памятнай датай ваявода Зыгмунд Бэчковіч прыняў рашэнне аб завяршэнні насыпу Кургана ў наступным годзе. З мэтаю прыцягнуць грамадскасць да гэтай акцыі было вырашана правесці ў чэрвені 1931 г. Міцкевічаўскія дні. Адкрыліся яны 1 чэрвеня мітынгам каля падножжа Кургана. На працягу ўсяго чэрвеня шматлікія турыстычныя групы і жыхары Навагрудчыны актыўна ўдзельнічалі ў завяршэнні работ па насыпанні Кургана. Кожны з іх запісваўся ў спецыяльную памятную кнігу і атрымліваў трохвугольны картонны значок зялёнага колеру з надпісам: «Удзельніку насыпання Кургана Адама Міцкевіча ў Навагрудку 1-31.VI.1931. 1855-1930».
Звяршыліся ўрачыстасці Міцкевічаўскіх дзён 28 чэрвеня. У Навагрудак у гэты дзень прыехалі прадстаўнікі ўрада, вучоныя, пісьменнікі, прадстаўнікі многіх арганізацый і ўстаноў. У Фарным касцёле, дзе калісьці хрысцілі А. Міцкевіча, прайшла ўрачыстая служба. Пісьменнік Вацлаў Серашэўскі ўвёз на Курган апошнюю ганаровую каляску зямлі, і ўзведзены Курган-помнік быў перададзены пад апеку горада. Вышыня яго склала 17 м, а шырыня каля падножжа – 30 м. У гэты ж дзень у будынку Навагрудскага ваяводства адбылася выстаўка, прысвечаная жыццю і творчасці Адама Міцкевіча, на якой было прадстаўлена 512 экспанатаў. Сярод іх – рукапісы, пераклады яго твораў на замежныя мовы, нотныя запісы да паэзіі А. Міцкевіча, пісьмы філаматаў, партрэты А. Міцкевіча, кнігі, у тым ліку найважнейшая з іх – парафіяльная кніга з Фарнага касцёла з запісам аб хрышчэнні Адама Міцкевіча. Мерапрыемствы гэтага дня закончыліся ўрачыстым пасяджэннем у зале гарадскога тэатра і народнымі гуляннямі на замку. На наступны дзень госці Міцкевічаўскіх дзён наведалі мясціны Навагрудчыны, звязаныя з жыццём Адама Міцкевіча.
Цікавыя факты
Курганы ў гонар Адама Міцкевіча ёсць у двух польскіх гарадах – Санак і Вадавіца. Будаўніцтва кургана ў г. Санак пачалося ў 1898 годзе з нагоды стагоддзя са дня нараджэння паэта. Вышыня кургана складае 9 метраў, а дыяметр асновы 35 метраў. Курган, які ўшаноўвае памяць Адама Міцкевіча ў г. Вадавіца, быў узведзены ў 1934 годзе.
Мікалай Гайба,
старшы навуковы супрацоўнік Дома-музея Адама Міцкевіча