Дзе жыць дзіцяці?

Дзе жыць дзіцяці?

Дзе жыць дзіцяці?

10 ноября 2021 845
У судовай практыцы нярэдка ўзнікаюць грамадзянскія спрэчкі асаблівай катэгорыі – спрэчкі аб выхаванні дзяцей. Да іх адносяцца спрэчкі аб вызначэнні месца жыхарства дзіцяці пры раздзельным пражыванні бацькоў. Пры вырашэнні гэтага пытання суд кіруецца арт. 74 Кодэкса Рэспублікі Беларусь «Аб шлюбе і сям’і».

Калі бацькі канфліктуюць
У бацькоў, якія пражываюць разам, як правіла такія спрэчкі не ўзнікаюць. Аднак у выпадку раздзельнага пражывання баць­коў часта ўзнікаюць канфлікты аб тым, з кім з бацькоў павінна пражываць дзіця. І ў гэтых сітуацыях можа ўзнікнуць спрэчка, якая падлягае судоваму вырашэнню.
Суды па справах дадзенай катэгорыі паказваюць, што пры ўзнікненні спрэчкі аб месцы жыхарства дзіцяці пры раз­дзельным пражыванні бацькоў (незалежна ад таго, знаходзяцца яны ў шлюбе ці не), неабходна ўлічваць узрост дзіцяці, яго прыхільнасць да кожнага з бацькоў, братам, сёстрам, іншым членам сям’і. Важнае значэнне маюць маральныя і іншыя якасці бацькоў, адносіны, якія склаліся паміж кожным з бацькоў і дзіцем, ступень клопату і ўвагі, якія праяўляюць да дзіцяці бацькі з улікам іх роду дзейнасці, рэжыму працы, іншых умоў жыцця. Немалаважнае значэнне адыгрывае і магчымасць забеспячэння кожным з бацькоў належных матэрыяльна-бытавых умоў для выхавання і развіцця дзіцяці, а таксама іншыя абставіны, якія склаліся ў месцы пражывання кожнага з бацькоў. Перавага ў матэрыяльна-бытавым становішчы аднаго з бацькоў сама па сабе не з’яўляецца безумоўнай падставай для перадачы яму дзіцяці на выхаванне. Таксама суд прымае пад увагу і жаданне дзіцяці, калі яму ўжо споўнілася 10 гадоў, за выключэннем выпадкаў, калі гэта супярэчыць яго інта­рэсам.
Судовая практыка
Каб не быць галаслоўным, варта прывесці прыклады з судовай практыкі, звязанай з разглядам такіх спраў.
У суд з заявай звярнулася грамадзянка М. у адносінах да свайго мужа А. аб вызначэнні месца жыхарства дзіцяці.
Раней маці, пакінуўшы дзіця бацьку, яго бацькам, стала пражываць асобна, рэдка бачылася з дачкой. Аднак на працягу апошняга года паводзіны маці карэнным чынам змяніліся: яна стала праяўляць клопат і ўвагу да дачкі, забірала яе на некаторы час да сябе дадому. Змяніла жанчына і свае паводзіны ў частцы парушэння адміністрацыйнага заканадаўства: на працягу апошняга года ні разу не прыцягвалася да адміністрацыйнай адказнасці. З дапамогай спецыяліста-­псіхолага ўдалося высветліць, што маці з’яўляецца для дзяўчынкі значным чалавекам. Дзіцяча-бацькоўскія адносіны адноўлены, таму суд вырашыў вызна­чыць месцам жыхарства дзяўчынкі пражыванне разам з мамай.
Бацька дзяўчынкі пасля звальнення з Узброеных Сіл, дзе праходзіў тэрміновую ваенную службу, несумненна, мае права і абавязаны прымаць удзел у выхаванні і забеспячэнні дачкі, і ў выпадку недасягнення дамоўленасці з былой жонкай можа звярнуцца ў суд з заявай аб удзеле ў выхаванні дзіцяці, бо пражывае асобна.
І яшчэ адзін прыклад з практыкі. Рашэннем суда па заяве маці А. у адносінах да бацькі К. месцам жыхарства сыноў вызначана разам з маці.
Паколькі маці пакінула ранейшае месца жыхарства па прычыне выпадкаў неаднаразовага сямейнага гвалту з боку мужа. Пасля сыходу яе з кватэры муж пера­шкаджаў яе зносінам з дзецьмі, не пускаў у кватэру, аказваў на дзяцей псіхалагічнае ўздзеянне, імкнучыся парушыць дзіцяча-­бацькоўскія адносіны паміж імі, сфарміраваць у дзяцей негатыўны вобраз маці.
Названыя прыклады наглядна ілюструюць, што давядзенне спрэчак аб месцы жыхарства дзяцей да суда з’яўляецца следствам канфлікту паміж бацькамі, які зацягнуўся і ў яго былі ўцягнуты непаўналетнія дзеці.
Пры разглядзе спраў судом асабліва старанна даследуюцца асабістыя якасці бацькоў, хто з іх можа забяспечваць належны ўзровень выхавання, праяў­ляць належныя клопат і ўвагу да дзяцей. Акрамя гэтага, належаць высвятленню і прычыны скасавання шлюбу паміж мужам і жонкай, ці мелі месца ў сям’і факты гвалту, ці аказваецца з боку бацькоў псіхалагічнае ўздзеянне на дзяцей, ці парушае адзін з бацькоў правы дзяцей, у тым ліку права на зносіны з бацькам, які пражывае асобна.
Суд – крайняя мера
Хочацца асобна спыніцца на тым, што працяглая напружаная псіхаэмацыйная сітуацыя ва ўзаемаадносінах паміж бацькамі прыводзіць да парушэння кантакту, дэзадаптуе і неўруе дзіця. Яно становіцца скаваным і насцярожаным, не цікавіцца навакольным становішчам. Часта пры псіхалагічным даследаванні дыягнастуецца дэпрэсіўная пазіцыя, выяўляецца пачуццё трывогі, адзіноты, непаўнавартаснасці сямейнай сітуацыі, патрэба ў апоры.
Неабходна адзначыць, што інтарэсы дзяцей носяць прыярытэтны характар. Аднак паводзіны некаторых бацькоў паказваюць на зусім іншае – яны кіруюцца толькі ўласнымі эгаістычнымі інтарэсамі, імкнуцца дапячы былому мужу (жонцы), выкарыстоўваючы дзяцей, якія становяцца «інструментам» высвятлення адносін. Акрамя гэтага, маюць месца і такія нявартыя праяўленні ў дачыненні да дзяцей, як маніпуляванне іх меркаваннем з дапамогай набыцця розных цацак, гаджэтаў, абяцанняў і г.д. Усё гэта робіцца з мэтай схілення іх на свой бок. Такія маніпуляцыі дзіцячым меркаваннем з поспехам выяўляюцца псіхалагічнымі даследаваннямі і не з лепшага боку характарызуюць баць­коў, якія гэтымі метадамі карыстаюцца.
Зразумела, што любы канфлікт паміж бацькамі па вызначэнні месца жыхарства дзяцей можна вырашыць, але вельмі важна, калі бацькі будуць улічваць і інтарэсы сваіх дзяцей. Прасцей вырашаць праблемы мірна ці з ўдзелам органа апекі і папячыцельства. Суд – крайняя мера.
Перш за ўсё трэба кіравацца інтарэсамі дзяцей, а зніжэнне напружанасці ва ўзаема­адносінах паміж былымі мужам і жонкай, несумненна, пазітыўна паўплываюць на ўзаемаадносіны з імі. Паколькі, маючы агульнае дзіця, нельга не падтрымліваць адносіны з былымі мужам (жонкай) нават пры ўмове, што ў кожнага з іх можа быць новая сям’я.

І. ВАЎЧОК,
суддзя Навагрудскага суда.