До дня Великой
Победы осталось

«Чужых дзяцей не бывае», – упэўнена навагрудчанка Ала Сасім
14 апреля 2021

«Чужых дзяцей не бывае», – упэўнена навагрудчанка Ала Сасім

Сям'я – гэта месца, у якім, як у дзіцячай гульні, сказаўшы «чур, я ў доміку», можна схавацца ад самых страшных бед і праблем, дзе цябе любяць такім, які ты ёсць – і не за нешта, а проста так… Але часам здараецца так, што дзіця жыве ў сям'і, а яго законныя правы і інтарэсы парушаюцца. Тады на дапамогу прыходзяць неабыякавыя людзі. Праходзіць час – і гэтыя людзі становяцца самымі роднымі і блізкімі.

Сёння гаворка ідзе пра выдатную жанчыну з добрым сэрцам і чулай душой – Алу Аляксандраўну Сасім, сям'я якой ужо на працягу сямі гадоў з'яўляецца другім домам для выхаванца Навагрудскай спецшколы-інтэрната Глеба Макарэвіча.

Оскар Уайльд калісьці напісаў, што лепшы спосаб зрабіць дзяцей добрымі – гэта зрабіць іх шчаслівымі. А самае галоўнае ў выхаванні – любіць дзіця. І гэта сапраўды так…

Сацыяльнае сіроцтва – гэта цяжкая, ненатуральная сітуацыя, калі бацькі па розных прычынах не выхоўваюць сваіх дзяцей.

Ала Аляксандраўна з'яўляецца патранатным выхавальнікам падлетка. Яна гаворыць, што чужых дзяцей не бывае. Усе яны павінны быць любімымі.

Дзіця, перададзенае ў патранатную сям'ю, атрымлівае магчымасць знаходзіцца ў дамашніх умовах, адчуць цяпло і клопат, якога яму так не хапае. У яго з'яўляецца шанс на набыццё пазітыўнага вопыту жыцця ў сям'і, ён становіцца сацыяльнаадаптаваным.

Нарадзілася Ала Аляксандраўна 19 лютага 1962 года ў Навагрудку, у сям'і рабочых Аляксандра Фаміча і Надзеі Іосіфаўны Сініцы.

Вучылася ў сярэдняй школе №3. У дзяцінстве марыла стаць доктарам, але лёс склаўся інакш. Пасля школы паступіла ў радыётэхнічнае вучылішча ў г.Маладзечна, затым у сельскагаспадарчы тэхнікум у Навагрудку, які скончыла з чырвоным дыпломам. Але на гэтым Ала Аляксандраўна не спынілася і ў 1989 годзе паступіла ў Санкт-Пецярбургскі аграрны ўніверсітэт. Па заканчэнні вучобы працавала на заводзе «Інтэграл» у горадзе Мінску зборшчыкам мікрасхем. Затым, пераехаўшы ў Навагрудак у 1984 годзе, уладкавалася на пасаду агранома ў Дзяржсемінспекцыю. У 1987 годзе выйшла замуж. Пасля працавала вядучым і галоўным аграномам на льносемянной станцыі. Зараз Ала Аляксандраўна працуе аграномам. Яе цэняць за добрасумленнае стаўленне да сваёй справы, адукаванасць і чалавечнасць.

Ала Аляксандраўна выгадавала дачку Таццяну, якая жыве з сям'ёй у г.Гродна і працуе ў прыватнай кампаніі. На сённяшні дзень А.А.Сасім даглядае за сваёй мамай, якой споўнілася 84 гады.

У пэўны момант жыцця, калі дачка вырасла, атрымала прафесію, стварыла сваю сям'ю, Ала Аляксандраўна зразумела, што можа быць карыснай для іншых. Ёсць сілы клапаціцца аб тым, хто ў гэтым мае патрэбу, любіць, выхоўваць, перадаваць свой жыццёвы вопыт і такім чынам – зрабіць кагосьці больш шчаслівым…

Вось тады і прыйшло рашэнне ўзяць на патранатнае выхаванне дзіця са школы-інтэрната.

Любімае захапленне Алы Аляксандраўны – гатаванне ежы. Глеба яна таксама захапіла гэтым заняткам: падлетак завёў сваю кулінарную кнігу і запісвае туды рэцэпты прыгатавання розных страў. Любімы адпачынак для гэтай выдатнай жанчыны – чытанне пазнавальнай мастацкай літаратуры. Сваімі ведамі яна дзеліцца з Глебам. Шмат увагі надае яго духоўна-маральнаму выхаванню: раіць як паступіць у той ці іншай жыццёвай сітуацыі, па якім шляху пайсці, як вызначыцца з будучай прафесіяй. Прывівае яму неабходныя гаспадарча-бытавыя ўменні і навыкі, якія спатрэбяцца ў далейшым дарослым жыцці.

Калі папрасілі нашага выхаванца апісаць ў некалькіх словах душэўныя якасці патранатнай мамы, пачулі такі адказ: «Добрая, разумная, выхаваная, неабыякавая, клапатлівая, часам строгая, але з добрымі намерамі, моцная духам, мэтанакіраваная і аптыміст па жыцці!»

Хочацца ад усяго сэрца пажадаць Але Аляксандраўне, усёй яе сям'і моцнага здароўя, пазітыўнага настрою, увагі ад родных і блізкіх людзей і простага чалавечага шчасця!

Добрыя справы заўсёды вяртаюцца з большай аддачай!

Вольга Марцуль,

выхавальнік 9 «Б» класа Навагрудскай спецшколы-інтэрната