До дня Великой
Победы осталось

Святлана Чубрык:  «Бібліятэка – мой лёс»
06 февраля 2022

Святлана Чубрык: «Бібліятэка – мой лёс»

Бібліятэкары – людзі, якія насуперак распаўсюджанаму меркаванню не проста наглядаюць за кніжнымі паліцамі, а вучаць асноўным навыкам пошуку інфармацыі і прывіваюць любоў да чытання. Магчыма, іх праца не такая прыкметная, як праца ўрача або настаўніка, але той уплыў, які аказвае яна на грамадства – вельмі значны. Які ж ён, сучасны бібліятэкар? Пацікавілася ў загадчыцы аддзела абслугоўвання і інфармацыі Навагрудскай раённай бібліятэкі Святланы Чубрык, якая сёлета была ўдастоена прэміі імя А.І. Дубко ў намінацыі «Бібліятэкар года».


Наша гераіня з дзяцінства любіць чытаць. Яе заўсёды вабілі выдатна ілюстраваныя кнігі з добрымі, чароўнымі героямі, а бібліятэка для яе была нейкім незвычайным, магічным месцам. Менавіта таму ў 2007 годзе яна паступіла ў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтваў на бібліятэчны факультэт.

– У гэтым годзе будзе мой маленькі юбілей – 10 гадоў, як я працую ў Навагрудскай раённай бібліятэцы. Родам я з вёскі Краснае Карэліцкага раёна, але пасля заканчэння ўніверсітэта размеркавалася ў Навагрудак. Да гэтай мясцовасці я з першых дзён прыкіпела душой. Маляўнічыя краявіды, багатая гістарычная спадчына і інфрастуктура, якая ўвесь час актыўна развіваецца, – гэты горад немагчыма не палюбіць. Я выдатна разумею Адама Міцкевіча, які прысвяціў Навагрудчыне столькі цёплых, прасякнутых любоўю радкоў. Гэта зямля, сапраўды, натхняе, – упэўнена Святлана Канстанцінаўна.

Творчы, энергічны, эрудыраваны спецыяліст, які выдатна ведае сваю справу і заўсёды імкнецца авалодаць усімі тонкасцямі бібліятэчнай справы, пачынала свой шлях простым бібліятэкарам, затым працавала бібліёграфам. І вось сёння Святлана Чубрык – загадчык аддзела абслугоўвання і інфармацыі раённай бібліятэкі – з упэўненасцю можа сказаць, што тыя людзі, якія лічаць, што праца служыцеляў кніжнага свету – гэта сядзець і выдаваць кнігі, вельмі моцна памыляюцца. Змяніўся час, змяніўся і воблік бібліятэкараў. Цяпер яны скрупулёзныя, актыўныя работнікі, валодаюць сучаснай тэхнікай, здольныя адчуваць новыя патрабаванні чытачоў і хутка на іх адгукацца.

– Час патрабуе, каб бібліятэкі мяняліся. Мяняецца, на мой погляд, у лепшы бок і стаўленне да культуры чытання. Работнікі бібліятэкі, як ніколі, ідуць у нагу з часам. Мы выкарыстоўваем разнастайныя формы і метады працы: выстаўкі, віктарыны, агляды літаратуры, сустрэчы з цікавымі людзьмі. Мы ставім спектаклі, ствараем базы дадзеных аб Навагрудчыне, праводзім квэсты, кніжныя марафоны, літаратурныя подыўмы, актыўна супрацоўнічаем з насельніцтвам. Прыярытэтным накірункам лічым працу з дзецьмі і моладдзю па выхаванні патрыятызму і любві да малой радзімы, папулярызацыі здаровага ладу жыцця, – адзначае Святлана Чубрык.

Па словах Святланы Канстанцінаўны, прафесія бібліятэкара вельмі творчая. І дзякуючы гэтай прафесіі, можна рэалізаваць многія творчыя амбіцыі. Яна адзначае, што асаблівае месца ў працы работнікі бібліятэкі адводзяць краязнаўству. Менавіта багаты краязнаўчы матэрыял, назапашаны ў бібліятэцы, стаў падставай для арганізацыі тут музейнага пакою міні-макетаў «Страчаная спадчына».

 – Мы прайшлі дастаткова доўгі шлях. Пачыналася ўсё з макетнай экспазіцыі, якая працуе ў бібліятэцы з 2017 года. На ёй прадстаўлены мініяцюры страчаных архітэктурных аб’ектаў Навагрудчыны. З’явіўся наш музей дзякуючы дырэктару бібліятэкі Ірыне Царук, якая стаяла ў самых вытокаў і натхняла кожнага з нас, – дзеліцца мая суразмоўца. – Хачу адзначыць зацікаўленасць, з якой турысты і навагрудчане наведвалі нашу макетную экспазіцыю. Апошнія прыносілі старыя фатаграфіі і самае галоўнае – свае ўспаміны. Такім чынам мы атрымлівалі новую цікавую інфармацыю і зараз маем магчымасць падзяліцца ўсім гэтым з людзьмі, якія да нас прыходзяць.

 Сапраўды знакавым для Навагрудскай бібліятэкі стаў 2020 год. Святлана Чубрык атрымала грант Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь на рэалізацыю ідэі стварэння рэтра-фотаатэлье пры бібліятэцы.

 – Адзенне для першых фотаздымкаў збіралі сваімі сіламі. Нешта знаходзілі самі, таксама вельмі дапамаглі калегі з краязнаўчага музея. Каб перадаць эпоху мінулага стагоддзя, выкарыстоўвалі старыя фота здымкі. Гэта была вельмі цікавая праца. Усе мы атрымалі сапраўднае задавальненне, – успамінае С. Чубрык. – Наступным крокам была фотазона з невялікай колькасцю аксесуараў. Але нам вельмі хацелася разві ваць гэты праект, у чым і дапамог грант. У нас з’явілася магчымасць ства рыць сапраўдны гардэроб жанчыны пачатку мінулага стагоддзя, які цалкам адпавядае таму часу, бо для рэканструкцыі выкарыстоўваліся фотаздымкі з сямейных архіваў Навагрудчан.

У рамках праекта набыты не толькі касцюмы, але і фотатэхніка, нават спецыяльны фотабокс. Дарэчы, калекцыю адзення плануем пашыраць. Ва ўтульнай фотастудыі, якая стылізавана пад даўніну, можна прымераць на сябе вобразы навагрудчан мінулага стагоддзя, сфатаграфавацца і імгненна атрымаць фотаздымкі. Музей макетаў і рэтра-фотаатэлье пачалі карыстацца попытам у навагрудчан і гасцей горада. Людзі прыходзілі асобна, сем’ямі, цэлымі групамі і зацікаўлена слухалі гісторыі аб людзях, аб тым, як з часам змяняўся горад. 

– Сустрэўшы такую зацікаўленасць наведвальнікаў, мы вырашылі паспраба ваць расказваць аб гісторыі больш інтэрактыўна. Я лічу, што гэта вельмі добрая тэндэнцыя – рабіць гісторыю і экспанаты больш жывымі, гаваркімі і даступнымі, далучаць да ўсяго гэтага наведвальнікаў, – адзначае Святлана Канстанцінаўна. – Мы вырашылі падысці да працэсу творча. Так і з’явілася наша інтэрактыўная праграма «Рэтра-падарожжа з навагрудскай гараджанкай». Падчас экскурсіі ў кампаніі пані Марыі нашы наведвальнікі пераносяцца на 100 гадоў назад і атрымліваюць магчымасць пазнаёміцца з жыццём горада таго перыяду.

Прапанаваная работнікамі бібліятэкі праграма ўключае ў сябе наведванне музея міні-макетаў, рэтра-фотаатэлье і захапляльную прагулку па гістарычным цэнтры Навагрудка. А колькі цікавых гісторый можна пачуць ад цудоўнай пані Марыі! Такога вы ніколі не прачытаеце ў падручніку або інтэрнэце. Святлана Чубрык упэўнена, што зацікавіць наведвальнікаў можна нечым сваім, нацыянальным, тым, што адбывалася менавіта ў гэтай мясцовасці.

 – Адна з маіх любімых гісторый, якой я дзялюся з турыстамі, гісторыя аб хлебабулачным магазіне, які больш за 100 гадоў таму знаходзіўся на плошчы. Кожную раніцу сюды збягаліся дзеці, якія чакалі, калі адчыняцца дзверы магазіна. І ведаеце чаму?! Адразу пасля адкрыцця на парозе з'яўляўся кошык з выпечкай, якую не паспелі прадаць за мінулы дзень. Дзецям яе аддавалі бясплатна. Такая вось цёплая і кранальная гісторыя, – дзеліцца жанчына. – На самой справе мы не бяромся супернічаць з работнікамі музеяў, але тым не менш у нас таксама ёсць свае маленькія дасягненні. Наша рэтра-падарожжа працуе толькі з мая, таму нам ёсць над чым працаваць. Мы вучымся, робім высновы.

Супрацоўнікі бібліятэкі заўсёды прыдумваюць нешта новае, стараюцца спрабаваць розныя інтэрактывы. Нашы бібліятэкары таксама паступова становяцца гараджанамі і рознымі персанажамі. Яны нібы незнарок перасякаюцца з турыстамі, і ствараецца непаўторнае адчуванне, што ты сапраўды трапіў у мінулае стагоддзе.

 – У нас атрымаўся вельмі цікавы бібліятэчна-турыстычны прадукт. І гэта заслуга не аднаго чалавека, а вынік карпатлівай працы ўсяго творчага калектыву і вялікай падтрымкі начальніка аддзела культуры Марыны Шабановіч, калег з упраўлення спорту і турызму Кацярыны Ківач і Людмілы Федарчук, – з удзячнасцю адзначае Святлана Канстанцінаўна. – Усе яны стаялі ля вытокаў зараджэння праграмы, дапамагалі развіваць яе.

Па словах Святланы Чубрык, інфармацыю для сваіх праграм калектыў бібліятэкі збірае па крупінках. Ва ўстанове вельмі багаты краязнаўчы фонд, а вопытныя, прафесійныя бібліятэкары вельмі добра валодаюць усімі гэтымі крыніцамі. Яны стараюцца знайсці любую цікавую інфармацыю. Вывучаюць розную літаратуру на іншых мовах. Крыніцы і рэсурсы сеткі Інтэрнэт таксама не ігнаруюць.

 – Мне здаецца, наша прафесія на сённяшні дзень перажывае вельмі сур'ёзную трансфармацыю. І вельмі важна яе любіць. Толькі ў такім выпадку ты будзеш расці, развівацца і прыносіць карысць грамадству, – падкрэслівае С. Чубрык. – Я лічу, што наша ўзнагарода – пацвярджэнне таму, што мы на сваім месцы і рухаемся ў правільным напрамку. Хачу сказаць дзякуй усім, хто ўнёс свой уклад у гэтую справу. Гэта наша агульная заслуга. Пасля цырымоніі ўручэння прэміі імя А.І. Дубко засталіся вельмі цёплыя і душэўныя эмоцыі. Захапляльны канцэрт, цікавыя і прыгожыя нумары – атмасфера ў зале была натхняльнай, узнёслай. На сцэне мяне падтрымлівалі артысты нашага народнага ансамбля «Свіцязь». Я чытала вершы, а яны танцавалі. Гэта быў вельмі цікавы вопыт.

Карына Вальшонак, «НЖ»