Аляксандр Сонгін: «Для мяне важны давер выбаршчыкаў»

Аляксандр Сонгін: «Для мяне важны давер выбаршчыкаў»

Аляксандр Сонгін: «Для мяне важны давер выбаршчыкаў»

10 марта 2025 273

Дэпутата Палаты Прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Аляксандра Сонгіна на Навагрудчыне добра ведаюць. Ужо другое скліканне ён прадстаўляе наш раён у Парламенце і не толькі
ўдзельнічае ў парламенцкіх сесіях і падрыхтоўцы законапраектаў, але і шмат працуе ў выбарчай акрузе. Прыёмы грамадзян, асабістыя сустрэчы, прамыя тэлефонныя лініі, сустрэчы па месцы жыхарства,
пасяджэнні райвыканкама, сесіі раённага Савета дэпутатаў, дыялогавыя пляцоўкі – дэпутат актыўна ўдзельнічае ў жыцці раёна і пастаянна знаходзіцца на сувязі з выбаршчыкамі.


У чарговы раз мы сустрэліся, каб абмеркаваць вынікі мінулага дэпутацкага года.

– За перыяд дзейнасці Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь восьмага склікання праведзены 24 пасяджэнні, у тым ліку парламенцкія слуханні па тэме «Развіццё лічбавага права ў Рэспубліцы Беларусь». Дэпутатамі падрыхтавана да разгляду і прынята на сесіях больш за 64 законапраекты, з іх 37 — аб ратыфікацыі міжнародных дагавораў і пагадненняў. Сярод іх – новая рэдакцыя Закона «Аб ветэранах», якой устаноўлены дадатковыя льготы для асобных катэгорый ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны, былых вязняў фашызму, ветэранаў баявых дзеянняў за мяжой, а таксама для мужа і жонкі загінулых воінаў, – расказвае Аляксандр Генрыхавіч.

У ліку ключавых – змяненне закона па пытаннях дзяржаўных дапамог сем'ям, якія выхоўваюць дзяцей, па пытаннях дзяржаўнай рэгістрацыі нерухомай маёмасці, прафілактыкі безнагляднасці і праванарушэнняў непаўналетніх,

занятасці насельніцтва, адукацыі.

– Наколькі актыўнай была міжнародная дзейнасць?

– Развіццё міжнароднага партнёрства – важны складнік работы Парламента. Я з'яўляюся членам рабочых груп Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па супрацоўніцтве з Парламентамі Азербайджанскай Рэспублікі, Карэйскай Народна-Дэмакратычнай Рэспублікі, Рэспублікі Таджыкістан. У перыяд святкавання 80-годдзя з дня вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў суправаджаў членаў дэлегацыі Рэспублікі Таджыкістан, якія наведалі месцы воінскай славы, аддалі даніну памяці загінулым воінам, удзельнічалі ў парадзе.

Напярэдадні Дня народнага адзінства прыняў удзел у сустрэчы Прэзідэнта з прадстаўнікамі нацыянальнасцей, якія пражываюць у нашай краіне. Рэгулярна ўдзельнічаю ў пасяджэннях Кансультацыйнага міжэтнічнага савета пры Упаўнаважаным па справах рэлігій і нацыянальнасцей Рэспублікі Беларусь, дзе абмяркоўваюцца пытанні нацыянальна-канфесійнай дзейнасці, а таксама ў рабоце іншых грамадскіх аб’яднанняў рэспублікі.
 

Прыняў удзел у сустрэчы з польскім пісьменнікам і публіцыстам Т. Грыгучам у Гродне. Мы абмеркавалі сітуацыю, якая склалася паміж нашымі краінамі, а таксама абмяняліся думкамі аб магчымых напрамках узаемадзеяння.

– Аляксандр Генрыхавіч, Вы з'яўляецеся намеснікам старшыні Пастаяннай камісіі па адукацыі, культуры і навуцы. Гэта сур’ёзная адказнасць і новыя абавязкі. На чым сканцэнтравана Ваша ўвага?

– Мінулы год адзначыўся мэтанакіраванай работай па ўдзеле ў падрыхтоўцы законапраекта «Аб змяненні кодэксаў па пытаннях адукацыі». У чэрвені адбылося выязное пасяджэнне на базе БДУІР, на якім абмяркоўваліся сучасныя тэндэнцыі ў арганізацыі адукацыйнага працэсу і развіцці кадравага патэнцыялу ва ўстановах вышэйшай адукацыі. Удзельнічаў у семінары-нарадзе па тэме «Развіццё сістэмы адукацыі на сучасным этапе: праблемныя пытанні і навацыі ў заканадаўстве», у пасяджэннях працоўных груп. Па выніках работы Пастаяннай камісіі і дэпутацкага корпуса быў комплексна дапрацаваны Кодэкс аб адукацыі. У лістападзе законапраект быў прыняты ўжо ў другім чытанні. Сярод яго навацый — бясплатны падвоз навучэнцаў не толькі ва ўстановы адукацыі, але і да месцаў правядзення розных мерапрыемстваў, прадастаўленне магчымасці вучням X-XI класаў асвоіць адукацыйную праграму падрыхтоўкі вадзіцеляў механічных транспартных сродкаў, самаходных машын, замацаванне патрабавання да навучэнцаў школ
прытрымлівацца дзелавога стылю ў адзенні і іншыя.


– Чым адметная праца ў выбарчай акрузе?

– Як дэпутат Палаты прадстаўнікоў не толькі прадстаўляю інтарэсы сваіх выбаршчыкаў на ўзроўні парламента, але і пастаянна ўдзельнічаю ў жыцці свайго раёна. Цеснае ўзаемадзеянне наладжана з Навагрудскім, Карэліцкім і Лідскім райвыканкамамі, раённымі Саветамі дэпутатаў, сельвыканкамамі, кіраўнікамі прадпрыемстваў і арганізацый, грамадскімі аб’яднаннямі. Гэта дазваляе дэталёва ўбачыць сітуацыю ў рэгіёне і вызначыць, як прыняты заканадаўчы акт паўплывае на развіццё рэгіёнаў і паляпшэнне жыцця насельніцтва, а таксама вырашыць актуальныя праблемы, з якімі да мяне звяртаюцца грамадзяне.

Рэгулярна сустракаюся з жыхарамі раёна, абмяркоўваем пытанні, якія хвалююць людзей. Гэтыя сустрэчы адбываюцца як у рамках адкрытых асабістых сустрэч, так і ў больш вузкім фармаце. За час работы Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь восьмага склікання я правёў шэраг прыёмаў грамадзян і юрыдычных асоб, садзейнічаў у вырашэнні праблемных зваротаў у рамках заканадаўства. Прывяду некалькі прыкладаў. У Навагрудскім раёне па звароце жыхароў вёскі Бенін вырашана пытанне аб змяненні маршруту руху прыгараднага аўтобуса, а таксама аказана садзеянне Пятрэвіцкай сярэдняй школе ў атрыманні спонсарскай дапамогі на набыццё пераноснай гукавой калонкі і інш.

Асноўная тэма пытанняў, з якімі звяртаюцца грамадзяне, датычыцца якасці аказання жыллёва-камунальных паслуг, добраўпарадкавання і землекарыстання, будаўніцтва і ўтрымання дарог, падтрымання парадку, медыцыны, паляпшэння транспартнага абслугоўвання.

Ніводзін зварот не застаўся без увагі. Многія пытанні вырашаліся на месцы і растлумачваліся грамадзянам падчас прыёму. Па найбольш значных з іх запыты накіраваны ў адпаведныя органы мясцовага і дзяржаўнага кіравання, іх вырашэнне знаходзіцца на асабістым кантролі. Сумесна з кіраўніцтвам Навагрудскага райвыканкама праведзены пашыраныя прыёмы ў Ладзеніцкім і Пятрэвіцкім сельсаветах. Але важна, каб у выбаршчыкаў было разуменне, што для вырашэння некаторых пытанняў патрэбен час.

Мінулым летам на асаблівым кантролі была ліквідацыя наступстваў ліпеньскай навальніцы. Я пабываў у Шчорсаўскім сельсавеце і ў іншых населеных пунктах, якія найбольш пацярпелі ад непагадзі. Людям была своечасова аказана дапамога, дзякуючы намаганням мясцовых улад усе пытанні вырашаліся аператыўна.

Для сустрэч з выбаршчыкамі таксама актыўна выкарыстоўваю магчымасці адзіных дзён інфармавання насельніцтва.

– Работа ў акрузе – гэта яшчэ і актыўны ўдзел у жыцці рэгіёна…

– У 2024 годзе споўнілася 80 гадоў з дня вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Для мяне вялікі гонар мець магчымасць павіншаваць са святам ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны, прыняць удзел у мерапрыемствах, прысвечаных гэтаму святу.

У Год якасці прымаў удзел у мерапрыемствах, накіраваных на ўмацаванне нацыянальна-культурных і духоўных каштоўнасцей, традыцый патрыятызму, папулярызацыю ідэй якасці. Гэта і «Марафон адзінства» ў Лідзе, і акцыя «За адзіную Беларусь!» у Навагрудку, мітынг-рэквіем «І няхай помняць пакаленні» ў Мінску, мерапрыемствы, прысвечаныя 80-годдзю Гродна, дыялогавыя пляцоўкі да Дня народнага адзінства, XIV Рэспубліканскі фестываль нацыянальных культур у Гродне.

У канцы 2024 года ў краіне пачалася кампанія па выбарах Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Важнасць выбараў для краіны і кожнага грамадзяніна, важнасць дасягненняў Беларусі за гады незалежнасці, роля Кіраўніка дзяржавы ў захаванні міру і ўмацаванні дзяржавы – гэтыя пытанні сталі галоўнымі падчас маіх сустрэч з выбаршчыкамі. Быў праведзены шэраг сустрэч з працоўнымі калектывамі Навагрудскага, Карэліцкага і Лідскага раёнаў, сустрэчы з насельніцтвам па месцы жыхарства. Я заўсёды імкнуся адкрыта выказваць сваю пазіцыю па найбольш важных пытаннях на медыйных пляцоўках рознага ўзроўню. Стаў удзельнікам токшоу «Па сутнасці», дзе абмяркоўваліся сэнс і форма святкавання Дня народнага адзінства, і праграмы «А што там на Захадзе?» на тэму адзінства і незалежнасці нашай краіны і інш.

Асаблівая ўвага – патрыятычнаму выхаванню моладзі, фарміраванню ў падрастаючага пакалення пачуцця гонару за сваю краіну. Сярод шматлікіх сустрэч – удзел у дыялогавай пляцоўцы з моладдзю Навагрудчыны ў рамках рэспубліканскай акцыі «За Беларусь адзіную!», сустрэча дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў з членамі Маладзёжнага парламента трэцяга склікання пры Нацыянальным сходзе Рэспублікі Беларусь і інш.

Актыўна ўдзельнічаю ў пасяджэннях Гродзенскага аблвыканкама, рабоце сесій абласнога і раённага Саветаў дэпутатаў, раённых выканаўчых камітэтаў. У ліку прыярытэтных – удзел у найбольш значных грамадска-палітычных мерапрыемствах, якія праводзяцца ў раёне, дабрачынная дзейнасць, пастаянна ўдзельнічаю ў мерапрыемствах, прысвечаных дзяржаўным святам, дабрачынных акцыях «Нашы дзеці», «Ад усёй душы», святочных мерапрыемствах, прысвечаных дзяржаўным святам, дабрачынных акцыях «Нашы дзеці», «Ад усёй душы», святочных мерапрыемствах, прысвечаных пачатку і заканчэнню навучальнага года.

– Для мяне вельмі важны давер выбаршчыкаў, іх жаданне ўнесці свой уклад у развіццё нашай краіны, рэгіёна, роднага горада ці вёскі, – адзначыў Аляксандр Сонгін. – Дзякуй усім за актыўны ўдзел у выбарчай кампаніі, за правільны і адказны выбар! Ад усёй душы жадаю вам і вашым блізкім моцнага здароўя, удачы, шчасця і дабрабыту ў кожным доме і мірнага неба над роднай Беларуссю!

«Новае жыццё» | Telegram | VK | OK | Facebook |

Instagram | YouTube | TikTok |       

Автор: Ольга Новогран «НЖ»