Газета «Новае жыццё» і Навагрудскі гістарычна-краязнаўчы музей працягваюць сумесны праект «Вуліцы даўжынёю ў жыццё». Сёння мы вывучаем гісторыю ўзнікнення вуліцы Гродзенскай.
З-за непаўторнага гарадскога рэльефу кожная з цэнтральных вуліц Навагрудка з’яўляецца асаблівай, непадобнай да іншых. Адна з такіх – вуліца Гродзенская. Яна не толькі самая працяглая па даўжыні, але і самая высокая па пад’ёме і крутым спуску вуліца ў горадзе. Пачынаецца яна з заходняга боку цэнтральнай плошчы Навагрудка і працягваецца да мікрараёна Мітраполь. Адметнасць вуліцы ў тым, што яе пачатак і канец размешчаны на ўзвышшах, а сярэдзіна знаходзіцца ў нізіне. І кожнаму прахожаму, які знаходзіцца ў пачатку спуску з гары, адкрываецца фантастычны выгляд на вуліцу, завяршэнне якой абрамляюць веліканы-ветракі, якія, нібы стражнікі, сцерагуць спакой старажытнага паселішча.
На працягу сваёй гісторыі меліся розныя назвы ў гэтай вуліцы. У XVIII ст. называлася Францысканскай, на плане горада 1834 года была пазначана як Бернардзінская (бо тут размяшчаўся касцёл францысканцаў, а бернардзінцы і францысканцы – гэта розныя адгалінаванні ордэна св. Францыска). На плане горада 1872 года вуліца называецца Гродзенскай. Затым, пры Польшчы, у 1930-я гг. яе перайменавалі ў гонар Зыгмунда Бечковіча, які ў перыяд з 1926 па 1931 гг. быў навагрудскім ваяводам. У 1946 годзе вуліца зноў стала называцца Гродзенскай.
У самым пачатку вуліцы знаходзіцца друхпавярховы мураваны будынак у стылі эклектыкі. Першыя звесткі аб забудове гэтага ўчастка адносяцца да пачатку XIX ст. (план горада 1809 года). На акварэлі К. Русецкага 1840-х гг. на гэтым месцы знаходзіцца аднапавярховы дом з двухсхільным дахам. На фотаздымку пач. XX ст. відаць аднапавярховы драўляны дом з мансардаю. Што знаходзілася ў гэтым будынку раней, невядома, але на фотаздымках пачатку XX ст. адсутнасць вывесак і лавак, а таксама размяшчэнне ўваходу, гаворыць аб чыста жылым прызначэнні дома. У 1921 годзе Навагрудак стаў цэнтрам ваяводства, і ў горадзе пачалася рэканструкцыя старых і будаўніцтва новых дамоў. У 1935 годзе на гэтым участку на падвальных памяшканнях папярэдняй пабудовы ўзводзіцца 2-павярховы дом. У 1944 годзе ў гэтым будынку знаходзіўся НКУС (Народны камісарыят унутраных спраў). У 1950-я гг. дом быў перабудаваны. Пры гэтым памянялася форма акон, дзвярэй, каваныя балконы былі заменены на зварныя. Вядома, што з 1957 па 1986 год тут знаходзілася вячэрняя школа, а ў 1987 годзе будынак перададзены пад гістарычна-краязнаўчы музей, які дзейнічае і сёння.
Адразу за музеем знаходзіцца Сабор святога Мікалая. Праваслаўны храм размешчаны ў былым касцёле св. Антоніа, які належаў каталіцкаму ордэну францысканцаў. Францысканцы былі запрошаны ў Навагрудак яшчэ князем Гедымінам у пачатку XIV ст. У 1780 годзе на месцы драўлянага быў пабудаваны мураваны касцёл св. Антоніа. У 1839 годзе касцёл св. Антоніа быў зачынены і да 1846 года пераабсталяваны пад праваслаўную царкву, асвечаную ў гонар Св. Мікалая. Побач з царквой знаходзіцца будынак былога кляштара францысканцаў.
Насупраць царквы ў перыяд з 1921 па 1931 гг. быў узведзены трохпавярховы будынак, які ўпамінаецца ў дакументах як земская павятовая ўправа. Адразу пасля вайны ў 1944 годзе тут была арганізавана швейная фабрыка. На работу прымалі работнікаў з уласнымі швейнымі машынкамі. Спачатку тут працавала 13 рабочых, якія абслугоўвалі сем машын. У 1969 годзе швейная фабрыка пераехала ў новы будынак па вуліцы Савецкай.
На пляцы, які раней належаў каталіцкаму жаночаму дамініканскаму ордэну, быў размешчаны кляштар і касцёл Дзевы Марыі, пабудаваны ў 1690 годзе. У 1864 годзе ордэн быў скасаваны і пасля гэтага ў будынку кляштара размясціліся казармы, а касцёл паступова ператварыўся ў руіну. Каля 1900 года ён быў разабраны на цэглу для патрэб горада. Падчас Першай сусветнай вайны на месцы, дзе быў касцёл, паставілі электрастанцыю, а ў кляштары былі размешчаны нямецкія казармы. У 1920-я гг. пасля праведзенага рамонту тут знаходзіўся спачатку ваяводскі ўрад, затым земскі. У адной з частак кляштара размяшчаліся класы Дзяржаўнай польскай гімназіі імя Адама Міцкевіча. На месцы былой электрастанцыі ў міжваенны перыяд быў пабудаваны гарадскі тэатр (зараз у гэтым будынку знаходзіцца адміністрацыя вінзавода).
За былым кляштарам францысканцаў знаходзіцца помнік Елісею Лаўрышаўскаму, заснавальніку Лаўрышаўскага праваслаўнага манастыра, устаноўлены ў 2007 годзе.
У самым пачатку спуску з вуліцы Гродзенскай, адразу за аптэкай, знаходзіцца двухпавярховы жылы будынак з чырвонай цэглы, пабудаваны ў пачатку XX ст. У 1921-1939 гг. у ім размяшчалася праўленне «Саюза сялянскіх гурткоў» Навагрудскага ваяводства.
Далей, пачынаючы са спуску, забудова вуліцы становіцца драўлянай. Тут можна сустрэць дамы, узведзеныя яшчэ ў даваенны перыяд. А паміж непрыкметных домікаў на схіле стаіць двухпавярховы дом, які мае тры драўляныя і адну цагляную сцяну. Такія дамы называліся «брандмаўары». Глухая сцяна дома з боку суседзяў была зроблена з незгараемых матэрыялаў, каб у выпадку пажару дом не быў пашкоджаны.
Завяршаецца вуліца мікрараёнам Мітраполь. У 1316-1596 гг. Навагрудак быў цэнтрам Літоўска-Навагрудскай праваслаўнай мітраполіі. Адсюль і пайшла назва месца, на якім былі размешчаны ўладанні мітраполіі.
Галіна Кавальчук,
старшы навуковы супрацоўнік
Навагрудскага гістарычна-краязнаўчага музея