Ваявалі ўсёй сям’ёй
Малая радзіма Пятра Аляксеевіча Мазуры – вёска Дубатоўка Дзятлаў¬скага раёна. Тут да вайны жылі Аляксей Пятровіч і Соф’я Аляксандраўна Мазуры і іх пяцёра дзяцей. Пётр нарадзіўся 14 кастрычніка 1924 года, у роднай вёсцы закончыў пачатковую школу. Жылі звычайна: працавалі ў калгасе, абраблялі зямлю. Сям’я была беднай, і бацькі марылі, што дзеці атрымаюць адукацыю і змогуць «выбіцца ў людзі». Усе надзеі перакрэсліла вайна. Старэйшы брат Пятра Аляксеевіча Васіль пайшоў у партызаны, быў камандзірам коннай разведкі. Вядома, многія ў наваколлі ведалі, што ён у партызанскім атрадзе. У любы момант сям’ю магла чакаць смерць. Пакінуўшы дом, гаспадарку, бацькі вырашаюць ісці ў партызанскі атрад. Бацька з двума сынамі Пятром і Іванам увайшлі ў склад баявой групы партызанскага атрада «Кастрычніцкі» брыгады імя Кірава. Маці была ў партызанскім атрадзе поварам, дочкі дапамагалі ёй. Да вызвалення Навагрудчыны яны знаходзіліся ў партызанскім атразе. У маі 1943 года сям’я атрымала страшную вестку – старэйшы сын Васіль загінуў у барацьбе з ворагамі. Пётр разам з братам Іванам быў разведчыкам, прымаў удзел у баях з нямецка-фашысцкімі захопнікамі. На рахунку атрада «Кастрычніцкі» 36 пушчаных пад адхон эшалонаў з жывой сілай і тэхнікай праціўніка, разбітыя варожыя гарнізоны, аперацыі па выратаванні насельніцтва ад знішчэння, высылкі ў Германію. За мужнасць і гераізм Пётр Мазура быў узнагароджаны ордэнам Айчыннай вайны II ступені.




















