Тое, што Навагрудчына – гэта прыгожы, асаблівы і цікавы для турыстаў край, даўно ні ў каго не выклікае сумненняў. Многія славутасці нашага рэгіёну вядомы не толькі ў Беларусі, але і далёка за межамі краіны. У мінулым годзе сумесна з аддзелам турызму ўпраўлення спорту і турызму Навагрудскага райвыканкама мы пачалі праект «Маршрутамі мінулага і сучаснасці», каб расказаць пра ўнікальную Навагрудчыну. Чарговы маршрут праклалі да Уселюба.
– Галоўнай прыроднай славутасцю Навагрудчыны з’яўляецца яе рэльеф і вельмі прыгожыя пейзажы. Таму ўжо па дарозе ва Уселюб, рухаючыся на поўнач ад Навагрудка, на працягу ўсіх 13 км можна любавацца навагрудскімі мясцінамі, – раіць начальнік аддзела турызму Кацярына Ківач. – У гэтым накірунку знаходзіцца заказнік мясцовага значэння «Уселюбскі», а таксама помнік прыроды рэспубліканскага значэння – вялікі камень Літоўскі (па правым баку, за возерам Літоўка).
Возера Літоўка
Каардынаты – 53°38 '07.3" N 25°48 '45.1" E
Паводле захаваных летапісаў, возера і вёска Літоўка ў XIII ст. належалі першаму біскупу Літвы – Хрысціяну. Дзякуючы паэме Адама Міцкевіча «Гражына», аб Літоўцы ведаюць ва ўсім свеце. Да нашых дзён захавалася некранутая прырода возера, апетая і Уладзімірам Высоцкім: «...адлюстроўваецца неба ў лесе, як у вадзе...». У жніўні 1969 г. падчас здымак фільма «Сыны ідуць у бой» у в. Літоўка жыў і сам артыст, у госці да якога прыязджала Марына Уладзі.
Непадалёк ад возера знаходзіцца ўнікальная фэнтэзі-сядзьба – адзіны падобны аб’ект у Беларусі.
– Упершыню Уселюб узгадваецца ў 1422 г., – расказвае Кацярына Пятроўна. – У першай палове XVI ст. маёнткам разам валодалі Неміровічы і іх сваякі Шчыты, пазней – ваявода Полацкі Станіслаў Давойна. Згодна з адміністрацыйна-тэрытарыяльнай рэформай 1565-1566 гг. Уселюб увайшоў у склад Навагрудскага павета Навагрудскага ваяводства. Пасля смерці С. Давойны маёнтак перайшоў да яго ўдавы Барбары Саламярэцкай, якая ў 1576 г. прадала яго Мікалаю Радзівілу «Рудому». У XVII ст. Уселюб належаў паслядоўна некалькім дваранскім родам. У выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793 г.) мястэчка апынулася ў складзе Расійскай імперыі ў Навагрудскім павеце Гродзенскай губерні. Па Рыжскім мірным дагаворы (1921 г.) Уселюб увайшоў у склад міжваеннай Польшчы, дзе стаў цэнтрам ваяводства.
Каардынаты – 53°43’07.6’’N 25°48’17.3’’E
Іосіф О’Рурк у другой палове XIX ст. пабудаваў ва Уселюбе сядзібу з выглядам на раку Плісу. Яна адпавядала традыцыям позняга класіцызму. З усходняга боку да сядзібы вяла пад’язная алея, з процілеглага – знаходзілася капліца. З паўднёвага боку размяшчаўся парк плошчай каля 10 га, які перасякалі шматлікія прагулачныя алеі і дарожкі. Апошнім уладальнікам сядзібы быў граф Карл Мар’ян Аляксандр О’Рурк (1864-1946 гг.). Мясцовыя жыхары называлі яго граф Кароль. Ён валодаў радавымі землямі Уселюба да 1939 г.
Сядзібны дом да нашых дзён не захаваўся – у 2012 г. ён цалкам згарэў падчас пажару. Убачыць, як выглядаў будынак, можна ў музеі пад адкрытым небам «Страчаная спадчына» ў Навагрудку па вул. Міцкевіча, 12. Каардынаты – 53°35 '46.3" N 25°49 '20.7" E. Аб былой велічы сядзібы нагадвае Уселюбскі парк, які з’яўляецца помнікам прыроды рэспубліканскага значэння. Непадалёк, на тэрыторыі мясцовага касцёла, знаходзіцца капліца-пахавальня О'Руркаў.
Каардынаты – 53 ° 43 '03.5" N 25 ° 48 '18.1" E
Сайт касцёла: www.natusest.com
– Касцёл ва Уселюбе – выдатны помнік сапраўднай готыкі, адзін з самых старажытных храмаў на землях Беларусі. Упершыню ён упамінаецца ў 1422 г. на пячатцы Яна Няміры, які быў канюшым Вітаўта Вялікага. Каменны будынак касцёла, верагодна, быў пабудаваны самім Янам Нямірам альбо яго сынам Андрэем у першай палове ХV ст. Храм быў асвечаны ў гонар Яна Хрысціцеля, а першае пісьмовае сведчанне пра ўзнікненне парафіі датуецца 1489 г. У канцы ХVІ ст., калі Уселюб перайшоў да Мікалая Радзівіла «Рудога», ён, як шчыры кальвініст, ператварыў уселюбскі касцёл у кальвінісцкі збор. За перыяд знаходжання храма ў кальвіністаў ён быў значна перабудаваны. У 1642 г. храм вернуты католікам і асвечаны ў гонар Святога Казіміра.
У канцы ХVІІІ – пачатку ХІХ ст., пасля рэканструкцыі, касцёл набыў сучасны, неагатычны выгляд. У 1930 г. касцёл рэканструяваны на сродкі графа О’Рурка: дах пакрыты бляхай, а ўчастак вакол яго абнесены агароджай. У 1962 г. у касцёле адбыўся пажар. У 1988 г. касцёл быў перададзены вернікам, якія пад кіраўніцтвам тагачаснага пробашча навагрудскай парафіі ксяндза Антоніа Дзям’янкі адбудавалі святыню. Рэстаўрацыя працягвалася да 1991 г.
– Сёння касцёл Святога Казіміра – гэта не проста культавы будынак. Настацель храма ксёндз Віталій Цыбульскі шмат зрабіў (і працягвае рухацца ў гэтым накірунку) для таго, каб прывабіць ва Уселюб гасцей, – гаворыць К. Ківач. – Стараннямі святара архітэктурны комплекс касцёла значна абнавіўся, кардынальна змянілася і тэрыторыя вакол храма, дзе абуладкаваны невялікі вадаём з пірсам, ёсць арэлі, альтанка, драўляныя вулічныя гульні, вінаграднік, сад і інш. Закансервавана таксама капліца-пахавальня О’Руркаў. Для турыстаў і паломнікаў тут праводзяць экскурсіі, частуюць кавай, чаем і хатняй выпечкай.
Храм Святога Архангела Міхаіла
Каардынаты – 53°43 '10.4" N 25°47 '38.5" E
Храм будаваўся з 1838 па 1840 гг. на ахвяраванні вернікаў на месцы згарэўшай драўлянай царквы. Храм каменна-самана-глінабітны, пабудаваны ў форме карабля з паўкруглым апсідным алтаром і двума купаламі. Асобна на сродкі прыхаджан узведзена двух’ярусная мураваная званіца з трыма званамі. Вакол храма калісьці знаходзіліся могілкі. Захавалася каля 70 пахаванняў з крыжамі. Паблізу храма пахавана княгіня Сафія Далгарукава. Настаяцель храма – протаіерэй Валерый Мароз.
Крыніца Святых пакутнікаў Макавеяў
Каардынаты – 53°43’01.3’’N 25°47’48.9’’E
Стараннямі айца Валерыя і мясцовых вернікаў крыніца добраўпарадкавана, тут пабудавана купель Жыватворнага Крыжа Гасподняга і капліца. Вада асвячаецца ў крынічцы двойчы: першы раз на Хрышчэнне, у гэты ж дзень многія прыхаджане акунаюцца ў купелі. Другі раз – 14 жніўня, на Макавея, пасля хрэснага ходу ад храма Святога Архангела Міхаіла да крыніцы. На жаль, старажылы мястэчка не памятаюць, калі з’явілася крыніца ва Уселюбе, а таксама легенд, звязаных з ёй.
– Наведваючы гэты край, таксама можна завітаць у гістарычна-краязнаўчы музей Уселюбскага вучэбна-педагагічнага комплексу дзіцячы сад-сярэдняя школа «Вехі гісторыі», – дадала Кацярына Ківач. – Школьныя экскурсаводы раскажуць пра гісторыю Уселюбскай зямлі.
Дзе спыніцца?
«Дом Пілігрыма» – аг. Уселюб, тэрыторыя касцёла Святога Казіміра. Па пытаннях арганізацыі экскурсіі, паломніцтва і размяшчэння звяртацца па тэл.:+375292800545, +375447590867, +375159761557. Еmail: casimir1433@gmail.com
Аграсядзіба «Уселюбскі хутарок» – аг. Уселюб, вул. Віленская, д. 97, тэл. 8-01597-74602; + 375299057057
Аграсядзіба «Дуброўка» – в. Дубравіца, д. 19б, тэл. +375293196324
Аграсядзіба «Дубрава» – в. Альхоўка, д. 78, тэл. + 375296561830
Аграсядзіба «Ранча-радэа» – в. Лешчанка, тэл. +375296422868
Абавязкова наведайце Уселюб – не пашкадуеце!
За кансультацыяй па пытаннях арганізацыі падарожжаў па Навагрудчыне можна звяртацца ў турысцка-інфармацыйны цэнтр па адрасе: г. Навагрудак, пл. Леніна, 7. Час працы: з 9.00 да 13.00 і з 14.00 да 18.00 (штодзённа). Тэл. 6-07-47.
Сайт: novtour.by
Падрыхтавала Анастасія Пятрова, «НЖ»