АПК

Малочны вектар стваральнай працы. Падводзім вынікі развіцця малочнай галіны Навагрудчыны

Малочны вектар стваральнай працы. Падводзім вынікі развіцця малочнай галіны Навагрудчыны

15 июля 2020 3250
Сельская гаспадарка з’яўляецца адной з найважнейшых галін эканомікі Беларусі і галоўным складнікам аграпрамысловага комплексу краіны. 2020 – год завяршэння пяцігодкі выканання Дзяржаўнай праграмы развіцця аграрнага бізнесу, якая накіравана на павышэнне эфектыўнасці вытворчасці і збыту сельскагаспадарчай прадукцыі і прадуктаў харчавання, павышэнне іх канкурэнтаздольнасці, забеспячэнне ўнутранага рынку айчыннай сельскагаспадарчай прадукцыяй. Важны аспект праграмы – развіццё жывёлагадоўлі, у прыватнасці, малочнай галіны. І не дзіўна: малако застаецца самым прыбытковым таварам для гаспадарак, а малочная вытворчасць – прыярытэтным напрамкам развіцця АПК, які прыносіць значную валютную выручку.


Беларусь малочная

Рэспубліка Беларусь – прызнаная ў свеце малочная дзяржава. Сёння наша краіна ўваходзіць у пяцёрку вядучых сусветных экспарцёраў малочнай прадукцыі. У 2019 годзе Беларусь экспартавала малочнай прадукцыі на 2,4 млрд долараў, што на 15,5% больш, чым у 2018 годзе.

Беларуская малочная прамысловасць пастаянна развіваецца і ўдасканальваецца, знаходзіцца ў бесперапынным пошуку механізмаў павышэння эканамічнай эфектыўнасці. Па даручэнні Прэзідэнта нашай краіны Аляксандра Лукашэнкі яшчэ ў 2005 годзе была распрацавана праграма развіцця вёскі, важным аспектам якой стала будаўніцтва і мадэрнізацыя сельскагаспадарчых аб’ектаў. Дзаржавай быў абраны курс на буйнатаварную вытворчасць і тэхналагічнае пераўзбраенне гаспадарак.  Згодна з Указам Прэзідэнта № 332 «Аб будаўніцтве малочна­таварных ферм», па ўсёй краіне пачалося маштабнае абнаўленне сельскагаспадарчых аб’ектаў. З 2010 года ў Рэспубліцы Беларусь пабудавана 300 новых малочнатаварных комплексаў і ферм, 1063 прайшлі карэнную рэканструкцыю. Гэта дазволіла павялічыць пагалоўе, палепшыць умовы ўтрымання жывёл і нарасціць аб’ёмы вытворчасці малака, значна палепшыць умовы працы работнікаў.



Калі гаварыць пра сённяшні дзень, па выніках 2019 года вытворчасць малака ў сельгасарганізацыях краіны павялічылася на 1,1% і дасягнула 7,1 млн тон.  За студзень-май 2020 года ў Беларусі атрымана на 5,6% малака больш у параўнанні з адпаведным перыядам мінулага года. Прырост склаў 164 тыс. тон. Ад каровы за пяць месяцаў у сярэднім надоена 2174 кг малака – +109 кг у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года. Найбольшая прыбаўка ў Гродзенскай вобласці – 198 кг, Мінскай – 176 кг, Брэсцкай вобласці – 153 кг.


Фермы са знакам мадэрнізацыі

Істотны прагрэс у малочнай жывёлагадоўлі магчымы толькі з выкарыстаннем сучасных тэхналогій. Таму паўсюдна вялікая ўвага надаецца ўзвядзенню новых і рэканструкцыі існуючых малочнатаварных ферм. Прыводзяцца ў належны стан даільныя блокі, памяшканні для кароў і маладняку, рамантуюцца пад’езды і тэрыторыі ферм. Пры гэтым не толькі ўдасканальваюцца тэхналогіі вытворчасці малака і ўтрымання жывёл, але і выконваюцца работы па ўстаноўцы і замене даільнага абсталявання.

Як паказала практыка, на мадэрнізаваных фермах не толькі павялічваецца прадукцыйнасць кароў, але і значна ўзрастае выніковасць працы, істотна паляпшаюцца яе ўмовы.



На сённяшні дзень у Навагрудскім раёне дзейнічае 30 ферм і комлексаў, з іх 19 – прайшлі мадэрнізацыю і абсталяваны сучаснымі даільнымі заламі. Малочны статак раёна налічвае 14836 галоў, з іх 11280, або 76% утрымліваецца на мадэрнізаваных фермах.

У 2018 годзе была праведзена рэканструкцыя малочна­таварных комплексаў «Бор» і «Трасцянка» з абсталяваннем даільнай залы і абнаўленнем даільнага абсталявання. У мінулым годзе завершана рэканструкцыя 7 малочнатаварных ферм: МТФ «Налібакі», «Ацмінава» (ф-л «АграНёман»), МТК «Рутка», «Лозкі» (СВК «Нягневічы»), МТК «Пісарукі» (ААТ «Кашалева-Агра»), МТК «Аўдзеевічы» (ААТ «Шчорсы»), а на МТК «Загор’е» пабудаваны новы кароўнік.


Зараз асноўная ўвага ўдзяляецца вырошчванню маладняку. Каб павысіць захаванасць і павялічыць сярэднясутачныя прывагі, будуюцца новыя памяшканні для асобнага ўтрымання маладняку. У апошнія гады два такія збудаванні з’явіліся на МТК «Брольнікі», «Рутка», «Сланева», па аднаму на МТК «Лозкі», МТК «Ацмінава» і МТК «Кашалева», пабудаваны новы цялятнік у ААТ «Прынёманскі». Пад патрэбу памяшканнямі для маладняку забяспечаны СВК «Нягневічы». Многае зроблена ў філіяле «АграНёман», дзе не толькі пабудавалі два тэнтавыя памяшканні для цялят да двух месяцаў, але і пайшлі далей – на МТК «Ацмінава» абуладкавалі памяшканні для цялят ад трох да шасці месяцаў.


 

5 складнікаў развіцця

Па выніках пяці месяцаў гэтага года па асноўных паказчыках жывёлагадоўлі назіраецца станоўчая тэндэнцыя:

– вытворчасць малака ўзрасла да 35324,7 тон (108,6% да ўзроўню 2019 года);

– рэалізацыя малака павялічылася да 32268,8 тон (109,2% да ўзроўню 2019 года);

– таварнасць малака дасягнула 91,3 % (+0,4);

– сярэдні надой на карову па раёне складае 2380 кг (+179 кг);

– колькасць кароў малочнага статка склала 14 836 (рост 100,5%).


Віктар Мацкевіч, намеснік начальніка ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Навагрудскага райвыканкама:

– Рэканструкцыя малочнатаварных ферм, прымяненне новых тэхналогій і сучаснага абсталявання, мэтанакіраваная работа па паляпшэнні ўмоў кармлення і ўтрымання статка, прафілактыка захворванняў – усё гэта дазваляе многім гаспадаркам нарошчваць аб’ёмы вытворчасці высакаякаснага малака. Аднак зрабіць яшчэ трэба многае. Перад сельгаспрадпрыемствамі стаіць задача ў 2020 годзе выйсці на сярэдні надой 5754 кг і атрымаць больш за 85 тыс. тон малака (+7,6%). Неабходна працягваць рэканструкцыю жывёлагадоўчых памяшканняў, працаваць над удасканаленнем тэхналогіі вытворчасці прадукцыі і выкананнем вытворчых паказчыкаў, ствараць больш камфортныя ўмовы для ўтрымання жывёлы і работы людзей.  


Стаўка на малако

Добра вядома, што па ўраджайнасці і надоях можна меркаваць аб узроўні гаспадарання сельгаспрадпрыемстваў, іх дабрабыце, захаванні тэхналагічных патрабаванняў. Вытворчасць малака для любой гаспадаркі – важны складнік эканамічнай стабільнасці. Дзякуючы істотнаму абнаўленню матэрыяльна-тэхнічнай базы, пераходу галіны на сучасныя тэхналогіі, у раёне забяспечаны ўстойлівы рост вытворчасці малака. У параўнанні з 2016 годам вытворчасць малака ў 2019 павялічылася на 12 тыс. тон і склала 79398,7 тон. Упершыню ў мінулым годзе раён пераадолеў пяцітысячны рубеж па сярэднім надоі малака ад каровы. За гэтую пяцігодку ў гаспадарках раёна значна палепшылася якасць малака, якое пастаўляецца ў філіял «Навагрудскія Дары». Рэалізацыя малака сортам «экстра» за чатыры гады ўзрасла з 30, 9% да 48,3%.



Ужо не першы год бясспрэчным лідарам па вытворчасці малака ў раёне з’яўляецца СВК «Нягневічы», дзе сярэдні надой на карову за 2019 год склаў 7149 кг (+867 кг да ўзроўню 2018 года). Добрыя паказчыкі ў ААТ «Прынёманскі»: надой на карову – 6801 кг (+882 кг да ўзроўню папярэдняга года) і ААТ «Шчорсы»: надой на карову – 6172 кг (+369 кг да ўзроўню 2018 года).

У мінулым годзе на МТК «Лозкі» СВК «Нягневічы» ўпершыню атрыманы надой на карову больш за 9000 кг, прычым у параўнанні з мінулым годам надой на карову павялічыўся на 1677 кг. Безумоўна, лепшыя паказчыкі ў ферм і комплексаў, якія прайшлі рэканструкцыю і абуладкаваны новымі даільнымі заламі. Аднак і на звычайнай лінейнай ферме можна атрымаць добрыя вынікі. Прыклад таму – МТФ «Купіск» ААТ «Прынёманскі», дзе надой на карову за 2019 год павялічыўся на 1242 кг і склаў 6525 кг.

 

Важкія кармавыя адзінкі

Без добрых і якасных кармоў высокіх паказчыкаў у жывёлагадоўлі не атрымаеш. Ад вынікаў корманарыхтоўкі шмат у чым залежыць прадукцыйнасць малочнага статка, яго здароўе, захаванасць і ў выніку эканамічная эфектыўнасць жывёлагадоўлі не толькі асобнай гаспадаркі, але і краіны ў цэлым. Прэзідэнтам краіны пастаўлена задача: стварыць у кожным раёне паўтарагадавы запас кармоў. Такое павелічэнне аб’ёмаў нарыхтоўкі кармоў выклікана пераходам гаспадарак на круглагадавое аднатыпнае ўтрыманне жывёлы. Па-другое, пастаянна расце ўзровень вытворчасці. Павялічваюцца прывагі і надоі – адпаведна павялічваецца і расход кармавых адзінак.


Каб вырашыць пастаўленую задачу, упор гаспадаркі раёна робяць на нарыхтоўку кармоў, тэхналогію ўборкі і захавання. Асаблівае значэнне надаецца травяністым кармам – за апошнія гады ў гэтым накірунку зроблена многае. У 2019 годзе на адну ўмоўную галаву нарыхтавана кармоў з траў 31,2 цэнтнера кармавых адзінак, што на 3,3 ц.к.а больш, чым у 2018 годзе. А ўжо селета перад аграрыямі стаіць задача атрымаць 34 цэнтнеры кармавых адзінак.


Каб забяспечыць якаснае захоўванне кармоў, у 2018 годзе было пабудавана 17 сянажных траншэй, агульным аб’ёмам 33,5 тыс. тон. Яшчэ на 10 траншэй агульным аб’ёмам 20 тыс. тон павялічылася захоўванне ў мінулым годзе. Такім чынам, у раёне забяспечваецца належнае захоўванне гадавога запасу травяністых кармоў, аднак работа будзе працягвацца. Неабходна не толькі атрымаць паўтарагадавы запас кармоў, але і належным чынам яго заха­ваць. Не менш важны накірунак – павышэнне якасці кармоў, а гэта ў першую чаргу тэрміны ўборкі траў. Да таго ж многае залежыць ад захавання тэхналогіі і надзейнай работы парка тэхнікі.


Падрыхтавала Алена Ганцэвіч, «НЖ»

На інфаграфіках прыведзены лічбы па Навагрудскім раёне