Навагрудчане падтрымалі адкрыты зварот спартыўнай грамадскасці Беларусі

Навагрудчане падтрымалі адкрыты зварот спартыўнай грамадскасці Беларусі

Навагрудчане падтрымалі адкрыты зварот спартыўнай грамадскасці Беларусі

09 декабря 2020 1906

У апошнія месяцы пэўныя Telegram-каналы, інтэрнэт-сайты і «змагары» пад БЧБ-сцягамі пастаянна звяртаюцца да беларусаў з рознымі заклікамі: не плаціць за жыллёва-камунальныя паслугі і не рабіць страхавых узносаў, байкатаваць працу прамысловых прадпрыемстваў, распаўсюджваць асабістыя звесткі супрацоўнікаў праваахоўных органаў і іншыя ў гэтым жа духу. Але большасць жыхароў нашай краіны, вядома, не вядуцца на правакацыі і падобныя заклікі ігнаруюць. Адна з апошніх «ініцыятыў» закранула беларускіх спартсменаў і іх удзел у XXXII летніх Алімпійскіх гульнях.

Члены так званага Свабоднага аб’яднання спартсменаў, якое прытрымліваецца «альтэрнатыўнай» пазіцыі, заклікалі міжнародныя спартыўныя структуры пазбавіць Нацыянальны алімпійскі камітэт Беларусі прызнання ў Міжнародным алімпійскім руху.

У ходзе рабочай нарады 17 лістапада ў НАК Рэспублікі Беларусь па падрыхтоўцы да стартаў у Токіа (гаворка ідзе пра XXXII летнія Алімпійскія гульні) чэмпіёнка Еўрапейскіх гульняў у Баку і Мінску па жаночай барацьбе Васіліса Марзалюк заявіла, што беларускія спартсмены, якія з’яўляюцца лідарамі сваіх нацыянальных каманд, хочуць спакойна і па плане рыхтавацца да Алімпійскіх гульняў, а не ўдзельнічаць у палітычных спрэчках, траўлі ў сацыяльных сетках, з чым сутыкнуліся ў апошні час. «Для многіх атлетаў гульні ў Токіа – апошні шанс заваяваць медаль галоўных стартаў, і для мяне ў тым ліку, таму заклікі да байкоту і нядопуску беларускай каманды да Алімпіяды неканструктыўныя», – адзначыла В. Марзалюк і выступіла з ініцыятывай звярнуцца ў Міжнародны алімпійскі камітэт ад імя беларускіх атлетаў.

Падобнае пісьмо было падрыхтавана, і 24 лістапада ў штаб-кватэры Нацыянальнага алімпійскага камітэта быў дадзены старт падпісанню адкрытага звароту вядомых беларускіх атлетаў, чэмпіёнаў і прызёраў Алімпійскіх гульняў, сусветных, еўрапейскіх і нацыянальных пяршынстваў да міжнароднай і беларускай грамадскасці. Затым падпісаць зварот выказалі жаданне маладыя спартсмены, трэнеры і іншыя работнікі спартыўнай галіны.

У звароце гаворыцца, што спорт заўсёды быў і застаецца па-за палітыкай і абавязак спартсмена не выступаць з палітычнымі заклікамі, а перамагаць на спартыўных арэнах, радуючы сваімі дасягненнямі балельшчыкаў. Таксама адзін з галоўных пасылаў звароту – магчымасць для спартсменаў выступаць пад дзяржаўным сцягам і падымацца на п’едэстал пад гукі беларускага гімна.

Падпісанне адкрытага звароту спартыўнай грамадскасці Беларусі праходзіць па ўсёй краіне: і ў пісьмовым выглядзе, і ў інтэрнэт-прасторы на платформе athletes.by. Больш за тры тысячы спартсменаў і работнікаў галіны ўжо паставілі свае подпісы. Нязгоду з неканструктыўнымі заклікамі шэрага структур таксама заявілі больш за 1400 спартсменаў Гродзеншчыны. Зварот, які выклікаў велізарны рэзананс у спартыўнай супольнасці і не толькі, падпісалі як маладыя атлеты, так і славутыя алімпійскія чэмпіёны, ветэраны спорту.

Не засталіся абыякавымі і навагрудчане. Як паведаміў начальнік упраўлення спорту і турызму Навагрудскага райвыканкама Сяргей Чартко, больш за 70 трэнераў, настаўнікаў фізічнай культуры і іншых работнікаў галіны падтрымалі зварот. У іх ліку трэнер-выкладчык СДЮШАР прафсаюзаў «Фаварыт» Андрэй Крынскі, трэнер-выкладчык па лёгкай атлетыцы ДЮСШ №2 Сяргей Духоўнік, трэнер-выкладчык ДЮСШ №1 Сяргей Будрэвіч і інш.



– Вядома, мы падтрымліваем захаванне створаных традыцый, дзякуючы якім спартыўная галіна Беларусі актыўна развіваецца, – адзначыў Сяргей Чартко. – За апошнія гады для спорту ў краіне зроблена многае, не выключэнне і Навагрудчына. Міні-футбольныя пляцоўкі, спартыўна-біятлонны комплекс «Сялец», новы і сучасны фізкультурна-аздараўленчы комплекс «Лідар» – гэтыя і іншыя аб’екты з’явіліся ў нашым рэгіёне менавіта ў перыяд суверэннай Беларусі. У рэгіёне функцыянуюць тры дзіцяча-юнацкія спартыўныя школы, якія папулярызуюць сем алімпійскіх відаў спорту. Яны працуюць для таго, каб у дзяцей былі мары – трапіць у нацыянальную каманду, выступаць на міжнароднай арэне, заваяваць алімпійскі медаль. І тых, хто ўжо дабіўся высокіх вынікаў, зараз хочуць пазбавіць магчымасці ўвасобіць свае мары ў жыццё, а балельшчыкаў – ганарыцца дасягненнямі любімых спартсменаў.


Сваім меркаваннем падзяліўся трэнер з амаль 20-гадовым стажам Андрэй Крынскі, які падрыхтаваў нямала пераможцаў і прызёраў спаборніцтваў па грэка-рымскай барацьбе, рэспубліканскіх і міжнародных. У ліку яго выхаванцаў члены Нацыянальнай каманды па грэка-рымскай барацьбе – Аляксандр Грабовік, майстар спорту міжнароднага класа, чэмпіён свету сярод вайскоўцаў, сярэбраны прызёр ІІ Еўрапейскіх гульняў і многіх іншых прэстыжных сусветных турніраў, прэтэндэнт на ўдзел у Алімпіядзе ў Токіа, майстры спорту Уладзіслаў Прыбыльскі, Максім Шэдзь, кандыдаты ў майстры спорту Аляксандр Пісарук, Захар Марцінкевіч, Ян Каштэлян. З усімі сваімі выхаванцамі Андрэй Анатольевіч пастаянна «на сувязі» і заўсёды падтрымлівае падчас спаборніцтваў асабіста, або так бы сказаць, дыстанцыйна.


– Любы спартсмен вельмі шмат працуе для таго, каб стаць сапраўдным прафесіяналам, – не па чутках ведае Андрэй Крынскі. – Той, хто выбраў спартыўны шлях, пазбаўляе сябе мноства простых чалавечых радасцей. Ён старанна трэніруецца, перамагаючы стомленасць, у паядынках пераадольвае боль, праводзіць велізарную работу, аднаўляючыся пасля траўмаў. І на гэтым няпростым і доўгім шляху ў кожнага спартсмена ёсць самая запаветная мара – узысці на п’едэстал Алімпійскіх гульняў. Я лічу вельмі несправядлівым пазбаўляць спартсменаў магчымасці дасягнуць жаданай мэты, тым больш калі яны знаходзяцца ад яе літаральна за крок. Увесь гэты шлях прайшоў і Саша (маецца на ўвазе Аляксандр Грабовік – Рэд.). Ён цяпер у добрай форме, рыхтуецца да бліжэйшых спаборніцтваў. Вядома, на адным з кваліфікацыйных турніраў нацэлены зноў заваяваць алімпійскую ліцэнзію, як гэта было перад гульнямі ў Рыа-дэ-Жанейра, і стаць удзельнікам Алімпіяды. У мінулы раз ён не прымаў удзел у гульнях (па рашэнні трэнера з-за няпоўнага аднаўлення пасля атрыманай траўмы). І, вядома, у наступным годзе настроены ўвасобіць сваю мару ў жыццё. У яго ёсць для гэтага ўсе шансы. У складзе нацыянальнай каманды ў сваёй вагавай катэгорыі 97 кг Саша – лепшы і не раз гэта даказваў. Таму для мяне асабліва важна было падтрымаць адкрыты зварот НАК Беларусі.

Анастасія Зайко, «НЖ»