Навагрудская выцінанка-выбіванка прадстаўлена на выстаўцы дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва «Пояс Адзінства» ў Палацы Незалежнасці

Навагрудская выцінанка-выбіванка прадстаўлена на выстаўцы дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва «Пояс Адзінства» ў Палацы Незалежнасці

Навагрудская выцінанка-выбіванка прадстаўлена на выстаўцы дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва «Пояс Адзінства» ў Палацы Незалежнасці

15 сентября 2021 1288

Экспазіцыя прымеркавана да святкавання Дня народнага адзінства. Кожны рэгіён падрыхтаваў стэнд з работамі разнастайных відаў народнага мастацтва, характэрнымі для вобласці. Гродзенская вобласць зрабіла акцэнт на традыцыях ткацтва, выпечкі караваяў, стварэння выцінанак.

Народны майстар Рэспублікі Беларусь, кіраўнік клуба народных майстроў народнай творчасці «Каляровая альтанка» Наталля Клімко разам з іншымі майстрамі Гродзеншчыны прыняла ўдзел у выстаўцы і прадставіла свае вырабы ў тэхніцы выбіванкі-выцінанкі.0

Наталля Клімко адраджае традыцыйнае мастацтва выцінанкі-выбіванкі, якая ў 2014 годзе атрымала статус нематэрыяльнай каштоўнасці Рэспублікі Беларусь. А ў пачатку 2021 года па рашэнні экспертнай камісіі па народных мастацкіх рамёствах пры Міністэрстве культуры Рэспублікі Беларусь прынята рашэнне аб прысваенні статусу народнага майстра Наталлі Клімко. Наталля Аляксандраўна пераняла і працягнула мастацтва выбівання ажурных фіранак на паперы ад майстрыхі Ніны Пятроўны Шурак. Пачала займацца гэтым відам дзейнасці Н.А. Клімко ў 2009 годзе. А з 2015 года Наталля Клімко з'яўляецца членам Беларускага саюза майстроў народнай творчасці.

Адкрыў выстаўку міністр культуры Анатолій Маркевіч. Па яго словах, свята народнага адзінства сімвалізуе сабой узаемаразуменне, узаемапавагу і добразычлівыя адносіны паміж людзьмі. Наша мова, літаратура, мастацтва, музыка з’яўляюцца культурным кодам нацыі, які вызначае беларусаў сярод усіх народаў свету. Анатолій Маркевіч растлумачыў, чаму выстаўка атрымала назву «Пояс Адзінства». «Пояс – гэта гістарычная рэч, якая заўсёды аберагала яе ўладальніка ад розных хвароб і напасцяў, з’яўляючыся самым распаўсюджаным элементам нацыянальнага касцюма ўсіх жыхароў Беларусі. Сёння, я ўпэўнены, што кожны з нас атрымае сапраўдную асалоду ад тых здабыткаў, што нам падарылі вялікія майстры. Мы будзем мець магчымасць дакрануцца да нашай вялікай спадчыны, вытокаў і каранёў», — сказаў міністр культуры.

Старшыня Беларускага саюза мастакоў Глеб Отчык адзначыў, што выстаўка ў Палацы Незалежнасці можа стаць яшчэ адным крокам да заснавання ў краіне музея дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва.

Для ўдзельнікаў і арганізатараў выстаўкі была арганізавана экскурсія па Палацы Незалежнасці.

Падрыхтавала Вольга Пісар з выкарыстаннем матэрыялаў zviazda.by