З Уваскрэсеннем Хрыстовым!

З Уваскрэсеннем Хрыстовым!

З Уваскрэсеннем Хрыстовым!

19 апреля 2020 2484

Самае светлае і радаснае свята ўсіх свят і ўрачыстасцей – так ужо шмат стагоддзяў праваслаўныя хрысціяне гавораць пра Уваскрэсенне Хрыстова. Здзейсніўшы подзвіг Вялікага посту, абнавіўшы свае сэрцы і душы ў святых таінствах, сёння вернікі, напоўненыя духоўнай радасцю, сведчаць адзін аднаму і ўсяму свету, што Хрыстос Уваскрэс! 

Вялікдзень – адзін з самых важных дзён у жыцці кожнага хрысціяніна, таму і рыхтуюцца да яго вернікі па-асабліваму. Выконваюць пост, наводзяць парадак у дамах, выпякаюць велікодныя кулічы і фарбуюць яйкі. Але ўсе людзі ведаюць, што самае галоўнае – чысціня душы і даб­рыня ў сэрцы.


– Уваскрэсенне Хрыстова – найважнейшае свята для хрысціян усяго свету, бо менавіта яно раскрывае сутнасць вера­вучэння. «Вялікдзень» у перакладзе з грэчаскай мовы – «праходжанне», «збаўленне». Такім чынам Уваскрэсенне Хрыстова азначае перамогу над смерцю і з’яўляецца правобразам усеагульнага перараджэння ў новае жыццё, – нагадвае благачынны цэркваў Навагрудскай акругі протаіерэй Анатолій Герасімук. – Напярэдадні свята Праваслаўная Царква ўспамінае падзеі Тайнай Вячэры, суда, распяцця, Крыжа Хрыстова і Уваскрэсення Хрыста. Усё, што Хрыстос за нас зведаў, трэба ведаць не для таго, каб пашкадаваць, а для таго, каб дапамагчы нам палюбіць яго. Каб, знаходзячыся ў любові да Госпада, мы выратаваліся і вечна жылі з ім. Таму Страсці Хрыстовы – нагода не для смутку, а выратавання сваёй душы.


– Уваскрэсенне Гасподняе надае сэнс усяму нашаму жыццю, і толькі дзякуючы святлу можна зразумець і вытрымаць тое, што адбываецца вакол нас: супрацьстаяць спакусам, перажываць трагедыі, праходзіць выпрабаванні і г.д., – адзначыў айцец Анатолій. – Калі будзем жыць у любові да Хрыста і бліжняга, то на зямлі нашай будзе мір і згода.

Протаіерэй Анатолій Герасімук: «Хрыстос Уваскрэс! – Сапраўды Уваскрэс!. Наша вера марная без гэтых слоў, якімі мы пацвярджаем вернасць Госпаду. Але мала проста іх вымаўляць, трэба ведаць сэнс і ўсю глыбіню падзей тысячагадовай даўнасці, верыць у іх усім сэрцам і ўсёй душой быць з Богам»

Вялікдзень святкуецца сем дзён, і таму гэты тыдзень называецца Светлая сядміца. А ўвесь перыяд да Ушэсця (40 дзён пасля Вялікадня) лічыцца Велікодным перыядам.

– Страсная і Светлая сядміцы, якія аб’ядноўваюцца Уваскрэсеннем Хрыстовым, валодаюць непаўторным духоўным патэнцыялам, які, нават выкарыстаны ў малой меры, здольны змяніць любога чалавека, – упэўнены благачынны. – Богаслужэнні, традыцыі духоўнага жыцця ў гэтыя асаблівыя дні царкоўнага календара далучаюць хрысціяніна да самага галоўнага ў яго жыцці – таямніцы Вечнага жыцця.


Сэрцы людзей, якія сустракаюць і праводзяць Вялікдзень са шчырай верай, чыстай душой і добрымі намерамі, напаўняюцца вялікай духоўнай радасцю, якой абавязкова патрэбна дзяліцца з роднымі, сябрамі і ўсімі навакольнымі. Няхай па тэлефоне, праз сацыяльныя сеткі ці месенджары, але абавязкова павіншуйце ўсіх родных, сяброў, калег і знаёмых з Уваскрэсеннем Хрыстовым. Бо менавіта гэта велікодная радасць робіць вернікаў асабліва блізкімі адзін аднаму.

Анастасія Пятрова, «НЖ»