Усе віншаванні юбілярам – удзельнікам народнага аматарскага аб’яднання – клуб аматараў тэатра «Мудрасць Плюс»

Усе віншаванні юбілярам – удзельнікам народнага аматарскага аб’яднання – клуб аматараў тэатра «Мудрасць Плюс»

Усе віншаванні юбілярам – удзельнікам народнага аматарскага аб’яднання – клуб аматараў тэатра «Мудрасць Плюс»

13 декабря 2019 1693

У чацвер свой пяцігадовы юбілей адзначыла народнае аматарскае аб’яднанне – клуб аматараў тэатра «Мудрасць Плюс». Юбілейная імпрэза прайшла ў раённым Цэнтры культуры і народнай творчасці  і сабрала шмат прыхільнікаў таленту навагрудскіх аматараў тэатральнай творчасці. Гучныя апладысменты, шчырыя словы гучалі на працягу ўсяго вечара і падчас прагляду спектакля па п’есе Васіля Ткачова «Жаночы вулей».

Аматарскае аб’яднанне «Мудрость Плюс» (першапачатковая назва «Элегія») было створаны ў 2014 годзе на базе тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. З 2017 года працягвае сваю дзейнасць пад новай назвай – аматарскае аб’яднанне – клуб аматараў тэатра «Мудрость Плюс» і дзейнічае на базе Навагрудскага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці. Ідэйным натхняльнікам і стваральнікам, першым і нязменным кіраўніком, рэжысёрам з’яўляецца Іна Аляксандраўна Гайба.










Аб’яднанне згуртавала людзей сталага ўзросту з рознабаковымі інтарэсамі, але з адзіным жаданнем займальна і з карысцю правесці вольны час. Клуб «Мудрасць Плюс» – гэта духоўны ачаг для людзей, якія тонка адчуваюць мастацтва, паэзію і музыку. Творчая атмасфера клуба «Мудрасць Плюс» вабіць удзельнікаў сваёй добразычлівасцю, узаемапавагай і з гадамі актыўнасць артыстаў не згасае.

Упершыню ўдзельнікі клуба змаглі прымераць на сабе тэатральныя ролі ў 2015 годзе, калі выступілі са сваёй першай пастаноўкай – п’есай Кацярыны Мятлік «Мудрая маладосць». І калектыў не стіяць на месцы, а развіваюцца. У іх рэпертуары хутка з’явіўся новы спектакль па п’есе Васіля Ткачова «Жаночы вулей», які вельмі цёпла быў прыняты гледачамі. А ў мінулым годзе калектыў ужо выступаў з пастаноўкай жартоўнай інсцэніроўкі Галіны Бразюль «Ну, мужыкі!». Усе пастаноўкі толькі на беларускай мове.









За пяць гадоў артысты паспелі выступіць на шматлікіх сцэнах Гродзенскай вобласці, паўдзельнічаць у конкурсах. І што вельмі прыемна, неаднаразова станавіліся лепшымі не толькі ў раёне, але у абласным аглядзе-конкурсе аматарскіх аб’яднанняў «Свет захапленняў», дзе быў узнагароджаны дыпломам І ступені ў намінацыі «лепшы грамадска-культурны клуб». І нездарма калектыў удастоены звання народны.

Эмацыянальна насычана, ярка прайшла юбілейная імпрэза. З віншаваннямі і найлепшымі пажаданнямі ў адрас клуба «Мудрасць Плюс» звярнуліся начальнік аддзела культуры Марына Шабановіч, шматлікія госці і калегі. З музычнымі віншаваннямі на вечары выступілі работнікі культуры раёна.








Спадзяёмся, што атрыманыя ўражанні і эмоцыі, заслужаныя ўзнагароды і падарункі ад аддзела культуры і пастаянных спонсараў індывідуальнага прадпрымальніка Наталлі Ясюкевіч і кампаній «Белита» і «Витекс» застануцца ў памяці навагрудскіх тэатралаў на шмат гадоў. З юбілеем!

Вольга ПІСАР,«НЖ»