У карціннай галерэі Кастуся Качана для навагрудскіх дзяцей прайшоў традыцыйны калядны ранішнік

У карціннай галерэі Кастуся Качана для навагрудскіх дзяцей прайшоў традыцыйны калядны ранішнік

15 января 2020 2219

Калядны тыдзень заўсёды дорыць многа прыемных момантаў — сустрэчы, падарункі, новыя планы. Разам з Дзедам Марозам, Снягурачкай і іншымі вясёлымі казачнымі персанажамі выхаванцы Навагрудскай спецыяльнай агульнаадукацыйнай школы-інтэрната для дзяцей з цяжкімі парушэннямі мовы, аддзялення дзіцячага сацыяльнага прытулку раённага сацыяльна-педагагічнага цэнтра завіталі ў карцінную галерэю мастака Кастуся Качана на дабрачынны ранішнік.

Дарослыя разам з дзецьмі на некалькі гадзін акунуліся ў атмасферу чароўнасці і цудаў – здзейснілі падарожжа ў навагоднюю казку, пазнаёміліся з персанажамі спектакля «Навагоднія прыгоды Машы і Віці».

Пасля прагляду прадстаўлення, якое, дарэчы, было падрыхтавана выхаванцамі і выкладчыкамі спецшколы-інтэрната, усе разам здзейснілі экскурсію – пазнаёміліся з творчасцю мастака Кастуся Качана. Не абышлося без песень, карагодаў, а таксама госці пілі чай з прысмакам, дарылі адзін аднаму цёплыя ўсмешкі і добры настрой. Дзеці размаўлялі з пісьменнікам Міхасём Зізюком, які прэзентаваў сваю кнігу «Таямніцы гары Міндоўг» і падараваў яе выхаванцам спецшколы-інтэрната.









Традыцыйна гаспадыня галерэі Жана Леановіч звярнулася да гасцей са словамі віншавання і падзякі тым, хто дапамог у арганізацыі свята, падарыў дзецям радасць свята:

– Калядны ранішнік у галерэі – гэта ўжо добрая традыцыя. Пяты год мы праводзім мерапрыемствы для дзяцей, прыемна, што адклікаюцца нераўнадушныя людзі. І з кожным годам такіх людзей становіцца ўсё больш. На нашу прапанову паўдзельнічаць ў дабрачынным ранішніку адгукнулася больш за пяцьдзясят чалавек, сярод якіх навагрудчане, валанцёры гандлёва-эканамічнага і аграрнага каледжаў, жыхары сталіцы і нават падарунак прыслалі з Амерыкі, – сказала Жана Барысаўна. – Новы год, Каляды – час, калі збываюцца мары. Сёння мы разам здзяйсняем мары нашых дзетак.


Віншаванні ў адрас дзяцей і шчырыя пажаданні падчас мерапрыемства прагучалі ад усіх гасцей.

– Такога роду мерапрыемствы дапамагаюць стварыць дзецям з асаблівасцямі развіцця свята, даць ім магчымасць адчуць сябе патрэбнымі і важнымі, – адзначылі госці з Мінска Галіна Баран і Ала Кудлач.

Кожны на ранішніку атрымаў не толькі добры настрой, падарункі, але і цеплыню душы, радасць, надзею. Гэтыя каштоўнасці назаўсёды застануцца ў сэрцах дзяцей, дапамогуць паверыць у лепшае. Менавіта ў гэтым мае патрэбу кожнае дзіця, якое апынулася ў цяжкай жыццёвай сітуацыі.

alt alt alt alt alt alt alt alt alt alt alt alt alt alt alt alt alt alt

 

Вольга Пісар, «НЖ»