Сустрэча з мастацтвам. Карцінная галерэя мастака Кастуся Качана адзначыла 5-гадовы юбілей

Сустрэча з мастацтвам. Карцінная галерэя мастака Кастуся Качана адзначыла 5-гадовы юбілей

24 июня 2019 5144
У нядзелю, 23 чэрвеня, у карціннай галерэі нашага земляка, вядомага мастака, члена саюза мастакоў Беларусі Кастуся Качана было шматлюдна. Тут вітала атмасфера мастацтва. З нагоды 5-годдзя  з  дня адкрыцця галерэі павіншаваць мастака Кастуся Качана і яго жонку Жанну Леановіч прыйшлі шматлікія сябры, калегі, сапраўдныя  прыхільнікі таленту мастака, і, што вельмі прыемна, завітала шмат моладзі і дзяцей. Госці знаёміліся з творчасцю мастака, гучала жывая музыка, паэтычныя творы.

IMG_9366.JPG

Шчыра віталі гасцей гаспадары мастацкай галерэі – Кастусь Іванавіч Качан і Жанна Барысаўна Леановіч.

– Вялікі дзякуй усім нераўнадушным да маёй творчасці людзям, і наогул да мастацтва, да нашага мерапрыемства. Я вельмі задаволены, што ажыццявілася мая даўняя мара: пяць гадоў таму ў Навагрудку адкрылася карцінная галерэя, – падчас урачыстасці сказаў Кастусь Качан. – Сёння вы завіталі на 5-гадовы юбілей галерэі. Вялікі дзякуй, што раздзялілі з намі гэта свята.

IMG_9387.JPG

У сваю чаргу гаспадыня галерэі Жана Барысаўна выказала ўдзячнасць усім прысутным.

– Вельмі прыемна, што шмат сярод нас людзей нераўнадушных да мастацтва, прыемна вітаць у нас галерэі нашу таленавітую моладзь. На працягу года будзем ладзіць розныя мерапрыемствы, ствараць тут куточак культуры. За пяць гадоў намі зроблена шмат, ёсць шмат цікавых планаў, праектаў на будучыню. Прыемна, што госці прыязджаюць на нашы мерапрыемствы з другіх гарадоў, ладзяцца акцыі і дабрачынныя ранішнікі для дзяцей, далучаецца моладзь.

IMG_9403.JPG

У рамках урачыстага вечара ў галерэі прайшла прэзентацыя альбома «Кастусь Качан. Жывапіс», які выдадзены выдавецтвам «Беларусь».

Уступны артыкул да выдання напісаў доктар мастацтвазнаўства, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь Віктар Жук. А кожная старонка альбома мастака, стала маленькім падарожжам па Беларусі, ціхай, прыгожай і маляўнічай.

IMG_9432.JPG

Юбілейнае мерапрыемства ў галерэі ўпрыгожылі музычныя і паэтычныя выступленні выканаўцаў розных жанраў. З асаблівым замілаваннем госці слухалі выступленні маладых таленавітых людзей Навагрудчыны: Ірыну Букіну – фартэпіяна, Вікторыю Калодка – скрыпка, Яўгенія Навасада – гітара, Надзею Сталярчук і Сафію Гленан, Анастасію Гайдук – вакал. Свае песні падаравала гаспадарам і гасцям галерэі і самая маленькаяя ўдзельніца свята – унучка Кастуся Качана Сафія.

Падчас імпрэзы сваімі паэтычнымі і музычныя нумарамі парадавалі навагрудская паэтэса Святлана Абдулаева і пісьменнік Міхась Зізюк. У завяршэнне юбілейнага мерапрыемства гасцям было прапанавана паглядзець кароткаметражны фільм маладога рэжысёра Ігната Качана (сына Кастуся Іванавіча) «Пад кронамі дрэў». Фільм адлюстроўвае вясковы побыт і радасць простага чалавека, якому дапамагаюць быць мудрымі сціпласць і цярпенне. На адным дыханні і з захапленнем госці і навагрудчане спачатку глядзелі гэты фільм. І  калі Ігнат расказаў пра тое, што зняў тры кароткаметражныя фільмы, а зараз працуе над новым паўнаметражным, госці папрасілі паказаць яшчэ адзін, які таксама ўсе паглядзелі з вялікім захапленнем. У 25-хвіліннай драме «Пагавары са мной» расказваецца гісторыя ўзаемаадносін бацькі і яго сына-падлетка.

alt alt alt alt alt alt alt alt alt alt alt alt alt

Цудоўны настрой, спазнанне нечага свайго, роднага, добра знаёмага вынес кожны наведвальнік мерапрыемства. Усе запланаваныя мерапрыемствы закончыліся, але ніхто не спяшаўся пакідаць галерэю, яе гасцінных гаспадароў. І гэта вельмі радуе. Радуе, што цікавасць да мастацтва расце і гэта цікавіць моладзь.

IMG_9744.JPG

Вольга Пісар, «НЖ»