Супрацоўнікі Навагрудскага Цэнтра рамёстваў запрашаюць пазнаёміцца з этнаграфічнай выстаўкай «Свайго не цурайся»

Супрацоўнікі Навагрудскага Цэнтра рамёстваў запрашаюць пазнаёміцца з этнаграфічнай выстаўкай «Свайго не цурайся»

Супрацоўнікі Навагрудскага Цэнтра рамёстваў запрашаюць пазнаёміцца з этнаграфічнай выстаўкай «Свайго не цурайся»

03 марта 2021 2632

На працягу шматвяковай гісторыі беларускі народ стварыў унікальную культуру. Нямала твораў майстроў сталі сапраўдным здабыткам, сімвалам нашай краіны. Традыцыйныя народныя святы і абрады, самабытныя рамёствы, нацыянальныя касцюмы захоўваюцца ў музеях як гістарычная каштоўнасць і выдатныя ўзоры дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва Беларусі. Усю гэту багатую спадчыну беражліва захоўваюць і супрацоўнікі Навагрудскага раённага цэнтра рамёстваў. Яны запрашаюць пазнаёміцца з ёю навагрудчан і гасцей на этнаграфічнай выстаўцы «Свайго не цурайся».

Выстаўка адлюстроўвае розныя напрамкі традыцыйных рамёстваў: пляценне з саломы, выцінанку, шыццё, ткацтва, ганчарства, дрэваапрацоўку. Прадстаўленыя вырабы выканалі майстры Навагрудчыны. Калекцыя ручнікоў, плеценыя паясы, посцілкі і дываны, прадметы хатняга ўжытку.

– Супрацоўнікі Цэнтра рамёстваў падчас неаднаразовых этнаграфічных экспедыцый сабралі паўнавартасную калекцыю мастацкіх вырабаў, якая і сёння папаўняецца. На выстаўцы прадстаўлена больш за 100 прадметаў, і гэта толькі частка таго, што маецца ў нас, – расказала загадчык раённага Цэнтра рамёстваў Наталля Клімко. – Чаму выстаўка мае такую назву? «Свайго не цурайся» – так называўся аддзел народнай творчасці на выстаўцы-кірмашы, што праходзіла ў Навагрудку ў 1913 годзе. На выстаўцы таго часу быў цэлы аддзел, прысвечаны вырабам народных майстроў, дзе былі прадстаўлены навагрудскія тканіны, абрусы, ручнікі і многае іншае. Выстаўка была арганізавана павятовым земствам і інтэлігенцыяй горада. Вырабы, а ўсяго было выстаўлена 400 узораў тканін з розных куткоў Навагрудчыны, здзівілі не толькі мясцовых жыхароў, але і замежных гасцей. Як вынік выстаўкі – павятовае земства пачало ўпрыгожваць свае пакоі вырабамі хатняга рамяства, якое стала прадметам мастацтва. Мы ганарымся сваёй спадчынай і імкнёмся, каб гэты гонар перадаваўся маладому пакаленню. І ведаеце, вельмі прыемна, што падрастаючае пакаленне беларусаў хоча ведаць свае карані, – адзначае Наталля Аляксандраўна. – Мы прапануем моладзі майстар-класы, арганізоўваем гурткі. З мясцовай культурнай спадчынай юнакі і дзяўчаты падрабязна знаёмяцца на тэматычных экскурсіях, выстаўках. Наогул, запрашаем усіх наведаць выстаўку, пазнаёміцца з сукупнасцю традыцыйных рамёстваў, творамі дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, рукадзелля і прадметамі побыту, характэрнымі для Навагрудскага рэгіёну. Выстаўка будзе працаваць на працягу двух месяцаў.



Адчулі сябе народнымі майстрамі вучні 4 «Б» класа сярэдняй школы № 1, якія завіталі на этнаграфічную выстаўку. Хлопчыкі і дзяўчынкі з захапленнем разглядалі прадметы побыту, знаёміліся з рознымі відамі рамёстваў. Асаблівую цікавасць выклікала народнае ткацтва, якое ў Цэнтры рамёстваў адраджае майстрыха Любоў Завольская.

– Адным з багатых і старажытных рамёстваў беларусаў з’яўляецца народнае ткацтва. У зімовы час сялянская хата ператваралася ў рамесную майстэрню. Кожная вясковая дзяўчына павінна была ўмець ткаць і прасці, – расказала Любоў Мікалаеўна. – Многія з прылад ткацтва прадстаўлены на выстаўцы: верацяно, чаўнок, прасніца і калаўрот, матавіла. Але ганаровае месца сярод іх займае самаробны драўляны ткацкі станок – кросны. Ткалі найчасцей з лёну.

Таксама на выстаўцы прадстаўлена шмат вышываных ручнікоў, прадметаў інтэр’еру, бо ва ўсе часы дзяўчаты ўмелі добра вышываць.

І вельмі прыемна, што цікавае падарожжа ў мінулае спадабалася дзецям, бо многія пасля экскурсіі паабяцалі, што вернуцца ў Цэнтр рамёстваў і запішуцца ў гурткі. У плане знаёмства з народнымі рамёствамі навагрудскім школьнікам пашанцавала, бо ў іх ёсць магчымасць наведваць заняткі па саломапляценні, выцінанцы, вышыванцы, лапікавым шыцці, пляценні паясоў і ткацтве.

Вольга Пісар, «НЖ»