До дня Великой
Победы осталось

Курс на мадэрнізацыю і абнаўленне. Сваім бачаннем перспектыў развіцця прадпрыемства падзяліўся дырэктар філіяла «Навагрудскія Дары» Аляксандр Булак

Курс на мадэрнізацыю і абнаўленне.  Сваім бачаннем перспектыў развіцця прадпрыемства падзяліўся дырэктар філіяла «Навагрудскія Дары» Аляксандр Булак
23 августа 2021

Мадэрнізаваць, будаваць, удасканальваць – гэтыя і іншыя задачы стаяць сёння перад «Навагрудскія Дары» філіялам ААТ «Лідскі малочна-кансервавы камбінат». Буйнейшае прадпрыемства вобласці ў сакавіку ўзначаліў новы дырэктар. Аляксандр Булак падзяліўся з намі сваім бачаннем перспектыў развіцця вытворчасці і павышэння канкурэнтаздольнасці прадукцыі.

   – Аляксандр Іванавіч, ведаю, што «Навагрудскія Дары» – прадпрыемства для Вас знаёмае.
– Я не навічок у Навагрудскім раёне. І хоць апошнія гады працаваў старшынёй Іўеўскага райвыканкама, сябе лічу навагрудчанінам. З 1984 года мая працоўная дзейнасць і жыццё звязаны з Навагрудчынай. Падчас работы начальнікам упраўлення сельскай гаспадаркі давялося курыраваць пытанні, звязаныя з дзейнасцю тады яшчэ масларобчага камбіната і разлікамі з сельгаспрадпрыемствамі, меў дачыненне і да будаўніцтва сырцэха. На пасадзе начальніка інспекцыі аховы прыроды і навакольнага асяроддзя Навагрудскага раёна разам з кіраўніцтвам камбіната займаўся пытаннямі сцёкавых вод. Гэта адна з задач, якую трэба вырашаць, – будаваць новыя ачышчальныя збудаванні, каб захаваць нашу прыгожую прыроду. Калі працаваў старшынёй СВК «Прынёманскі», таксама цесна ўзаемадзейнічаў з камбінатам па самых розных накірунках: гэта і якасць малака, і разлікі, і аб’ёмы паставак сыравіны. І хоць на прадпрыемстве я бываў не адзін раз, першае, што адзначыў, калі прыйшоў сюды працаваць, – гэта парадак і строгае захаванне санітарных і ветэрынарных норм і правіл.

– Як Вы ацэньваеце вытворчы і эканамічны патэнцыял філіяла?
– «Навагрудскія Дары» – прадпрыемства, на якім штодня перапрацоўваецца звыш 500 тон малочнай сыравіны і выпускаецца каля 60 найменняў прадукцыі. Прадпрыемства працуе стабільна, з поўнай загрузкай. Па выніках першага паўгоддзя 2021 года рост аб’ёмаў вытворчасці ў параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года склаў 115,1 %. На экспарт пастаўлена прадукцыі на суму 31998 тыс. долараў (118,9 %), а рост аб’ёмаў выручкі ад рэалізацыі прадукцыі склаў 114,4 %. Аднак жыццё не стаіць на месцы і канкурэнцыя на рынку малочных прадуктаў з кожным годам узрастае. І першае, што неабходна для стабільнай работы, – гэта высакаякасная сыравіна. Сёння на прадпрыемства паступае малако з гаспадарак Карэліцкага і Навагрудскага раёнаў. Трэба адзначыць, што праблем з сыравінай мы не адчуваем. Большасць гаспадарак працуе ў гэтым накірунку вынікова, што дазваляе філіялу забяспечваць высокую якасць вырабаў.

– Выпуск канкурэнтаздольнай прадукцыі – адна з прыярытэтных задач любога прадпрыемства. Што робіцца ў гэтым накірунку?
– Каб заставацца канкурэнтаздольнымі, трэба мадэрнізаваць вытворчасць і выпускаць прадукцыю з высокім дабаўленым коштам. У гэтым годзе мы пачалі рэканструкцыю цэха ў Карэлічах, дзе будзе ўстаноўлена новае абсталяванне і мадэрнізавана лінія па вытворчасці казеіна. Плануецца, што ўжо ў лістападзе абноўлены цэх пачне сваю дзейнасць, а аб’ёмы выпуску казеіна павялічацца ў тры разы. Прадукт карыстаецца ўстойлівым попытам, мае даволі высокую рэнтабельнасць, і гэтая ніша на рынку Беларусі практычна не занята. Разам з тым перад намі паўстала пытанне перапрацоўкі сыроваткі казеіна. Сёння мы яе пастаўляем на біягазавыя ўстаноўкі і гаспадаркам раёна, але гэта зусім не выгадна. Таму прапрацоўваецца пытанне рэалізацыі сухой сыроваткі казеіна. У прыватнасці, ужо дасягнута папярэдняя дамова з Кітаем і да канца года будзе падпісаны кантракт аб пастаўках. Такім чынам прадпрыемства пачне выпускаць новы від прадукцыі – сухую кіслую сыроватку, што дазволіць у некалькі разоў павялічыць выручку, а атрыманыя сродкі накіраваць на далейшую мадэрнізацыю вытворчасці.

– Навагрудскія сыры ўжо даўно сталі брэндам прадпрыемства і нашага раёна. Якія перспектывы развіцця сырнай вытворчасці?
– Сёння перад намі стаіць задача абнаўлення вытворчых магутнасцей прадпрыемства. Ужо ў гэтым годзе новае абсталяванне з’явіцца ў апаратным цэху, таксама будзе закуплена абсталяванне для цэха сухіх малочных прадуктаў. Плануецца рэканструкцыя цэха цэльнамалочных прадуктаў, дзе будзе ўстаноўлена новая лінія па вытворчасці сыра магутнасцю 10 тон у суткі. Сёння вядзецца распрацоўка перадпраектнай дакументацыі для рэалізацыі праекта і пошук крыніц фінансавання. Кошт праекта складзе каля 20 млн. рублёў. Сродкі, вядома, значныя, аднак абнаўленне вытворчых магутнасцей дазволіць удвая павялічыць вытворчасць сыру. На сённяшні дзень аб’ёмы вытворчасці складаюць 360 тон у месяц. Нашы сыры карыстаюцца ўстойлівым попытам, каля 90 % прадукцыі мы пастаўляем на экспарт. Сярод нашых партнёраў – Расійская Федэрацыя, Турцыя, Украіна, Азербайджан, Польшча, Германія, Нідэрланды, Сірыя.

– Ці закране абнаўленне Любчанскі сырцэх?
– Любчанскі цэх адрознівае багатая гісторыя, слаўныя традыцыі і працаздольны калектыў прафесіяналаў. У апошнія гады сырцэх быў пераарыентаваны на выпуск элітных сыроў – такіх як «PESTO RED», «PESTO GREEN», Maasdam Elite», «Гауда с фенугреком». Аднак умовы працы людзей на гэтым участку не самыя лепшыя. Для таго, каб зменшыць долю ручной працы, у наступным годзе запланава правесці мадэрнізацыю сырцэха. Аб’ёмы вытворчасці мы не павялічым, аднак для работнікаў будуць створаны належныя ўмовы, што дапаможа прыцягнуць на вытворчасць маладыя кадры. А значыць, у сырцэха будзе будучыня.

– Як забяспечваюцца сацыяльныя гарантыі работнікаў? Ці не ўзніклі складанасці ў зносінах з калектывам?
– Дзеючы калектыўны дагавор забяспечвае работнікам шырокі спектр падтрымкі. Усе прадугледжаныя выплаты прадпрыемства ажыццяўляе ў поўным аб’ёме. За сродкі наймальніка работнікі забяспечваюцца сродкамі індывідуальнай абароны, спецвопраткай, захоўваюцца ўсе нормы выдачы. Упэўнены, што і надалей сацыяльны пакет работнікаў нашага прадпрыемства будзе грунтоўным. Што датычыцца калектыву, то многіх я ведаю не адзін год, так што праблем з узаемадзеяннем са спецыялістамі і работнікамі не ўзнікае. Калектыў прадпрыемства зладжаны, працаздольны, прафесіянальны. Я ўдзячны людзям, што яны мае планы па мадэрнізацыі прадпрыемства падтрымалі. Канешне, наступныя некалькі гадоў будуць напружанымі і адказнымі, прыйдзецца шмат папрацаваць. Аднак я ўпэўнены, што разам мы зможам ажыццявіць усе намечаныя задачы. Каб прадпрыемства і надалей заставалася прэстыжным месцам працы, трэба забяспечыць людзям дастойную заработную плату і належныя ўмовы працы. А гэта немагчыма без канкурэнтаздольнай прадукцыі і стабільнага фінансавага становішча.

А. ПЯТРОВА, «НЖ».