Біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч асвяціў новы касцёл у Любчы

Біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч асвяціў новы касцёл у Любчы

30 июня 2019 4154

29 чэрвеня ў Любчы адбылося асвячэнне новапабудаванага касцёла Найсвяцейшага Сэрца Езуса і Святой Марыі ад Езуса Укрыжаванага, якое здзейсніў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч. Удзел ва ўрачыстасці таксама прынялі біскуп Пінскай дыяцэзіі Антоній Дзям’янка, шматлікія святары, госці з Беларусі і Польшчы, мясцовыя жыхары.

1 (19).JPG

Урачыстыя мерапрыемствы пачаліся каля ўваходнай брамы Любчанскага замка. Тут была закладзена капсула з пасланнем нашчадкам на месцы, дзе, паводле некаторых звестак, быў пабудаваны першы касцёл на тэрыторыі Вялікага Княства Літоўскага і заснавана першае біскупства на тэрыторыі Вялікага Княства Літоўскага. Пробашч навагрудскай парафіі Святога Міхала Арханёла і любчанскі душпастыр ксёндз Юрый Жыгарын адкрыў памятны знак, у які святар уклаў пасланне нашчадкам «Дзеля памяці ў наступных пакаленнях».

alt alt alt alt alt alt

Касцёл у Любчы быў закрыты ў 1939 годзе. І вось праз 80 гадоў сустракае сваіх прыхаджан. Ён адкрыты дзякуючы намаганням і матэрыяльным сродкам многіх прыхаджан, гасцей з замежжа, а таксама пры падтрымцы ААТ «Прынёманскі». Прыхаджане доўгі час маліліся ў доме, абсталяваным пад капліцу.

Ад замка прыхаджане і госці прайшлі ўрачыстым шэсцем да новага храма. На прыступках новапабудаванага касцёла старэйшыя парафіяне шчыра віталі ганаровых гасцей, біскупа Гродзенскага Аляксандра Кашкевіча і біскупа Пінскай дыяцэзіі Антоніа Дзям’янку. Урачыстую святую імшу і цэлебрацыю ўзначаліў біскуп Аляксандр Кашкевіч. Ён сардэчна падзякаваў усім, хто меў дачыненне да пабудовы святыні і асвяціў новапабудаваны касцёл.

 – Касцёл будзе нагадваць нам пра найбольшую каштоўнасць, якую мы маем – пра веру,– сказаў біскуп Антоній Дзям’янка. – Дарагія браты і сёстры, жадаю каб святыня служыла вам доўгія гады. Каб тут адбываліся хросты, першыя камуніі дзяцей, каб вернікі ядналіся тут з Хрыстом ў сакраманце пакаяння, каб прымалі сакрамант намашчэння хворыя. Няхай тут прамаўляецца божае слова ў катэхезах, настаўленнях, гаміліях, казаннях. Гэты будынак няхай будзе для вас Домам Божым і брамай да нябёсаў, – завяршыў гамілію біскуп Антоній.

На заканчэнне Эўхарыстыі больш за гадзіну гучалі словы віншавання і падзякі, шчырай радасці і ўдзячнасці ўсім, хто меў дачыненне да будоўлі, якая распачалася на пачатку 2017 года. Сапраўдную паэму пра задуму і ажыццяўленне будоўлі напісала і прачытала прыхажанка парафіі Валянціна Гайшун. Усім, хто ўнёс свой уклад у будоўлю, падчас урачыстасці былі ўручаны памятныя падзячныя дыпломы.

Пасля святой імшы адбылося чэрвеньскае набажэнства перад выстаўленым Найсвяцейшым Сакрамэнтам. Выстаўленне было зроблена ў новай манстранцыі, падараванай любчанскай парафіі яе даўнімі і вернымі сябрамі з польскага Падляшша.

1 (27).JPG

Працягам свята ў Любчы стала святочная праграма. На канцэртнай пляцоўцы выступалі творчыя калектывы з Мінска, Навагрудка і Любчы. З замілаваннем мясцовыя жыхары і госці слухалі выступленне мужчынскага хору «Арнамент». Свае паэтычныя творы, прысвечаныя роднаму краю, дэкламавалі мясцовыя паэты. Таксама быў арганізаваны і праведзены конкурс выпечкі любчан, прыгатаваны пачастункі для гасцей, выстаўка-кірмаш народных майстроў.

alt alt alt alt alt alt

Вольга Пісар, «НЖ».