Базыльянская, Царкоўная, Паштовая. Даведаемся гісторыю ўзнікнення вуліцы

Базыльянская, Царкоўная, Паштовая. Даведаемся гісторыю ўзнікнення вуліцы

Базыльянская, Царкоўная, Паштовая. Даведаемся гісторыю ўзнікнення вуліцы

13 февраля 2021 2613

Газета «Новае жыццё» і Навагрудскі гістарычна-краязнаўчы музей працягваюць сумесны праект «Вуліцы даўжынёю ў жыццё». Сёння мы даведаемся пра гісторыю ўзнікнення вуліцы Паштовай.

З-за асаблівасці рэльефу Навагрудка ў горадзе гістарычна склалася радыяльна-кальцавая забудова вуліц са складанымі трасамі. Да гарадскога цэнтра сыходзіць 8 вуліц, а з  паўночнага боку да яго прымыкае  вуліца Паштовая. Пра яе і пойдзе размова.


Вуліца  Паштовая (у п.п. ХІХ - сяр. ХХ стст. – Базыльянская, у другой палове ХІХ ст. –  Царкоўная) – гэта гістарычная жылая забудова канца ХІХ- пач. ХХ стст. з элементамі позняга класіцызму,  псеўдабарока і эклектыкі, якая ў сваёй сукупнасці мае мастацкую каштоўнасць і належыць дзяржаўнай ахове як помнік гісторыка-культурнай спадчыны. Нездарма вялікая колькасць будынкаў на ёй мае ахоўныя дошкі.


Вуліца з’яўляецца самай старажытнай у Навагрудку. Яна размешчана на месцы аднаго з трох асноўных узвышшаў, заселеных яшчэ ў Х-ХІ стст., а ў ХІІ ст. тут ўжо дзейнічала царква Барыса і Глеба, аб чым сведчаць матэрыялы археалагічных раскопак, падчас якіх знойдзены некрануты кавалак старажытнай падлогі ХІІ ст., зроблены з паліваных керамічных плітак. Сучасны будынак царквы быў узведзены ў 1517-1519 гг. Фундатарам храма стаў Канстанцін Астрожскі, гетман Вялікага Княства Літоўскага. Царква пабудавана ў стылі готыкі.



У ХІV ст. пры храме існаваў мужчынскі праваслаўны манастыр. У Барысаглебскай царкве знахо­дзілася рэзідэнцыя праваслаўнага мітрапаліта Вялікага Княства Літоўскага. Пасля Берасцейскай царкоўнай уніі 1596 года тут размяшчалася рэзідэнцыя ўніяцкіх мітрапалітаў Рэчы Паспалітай. У 1620 годзе пры ёй быў заснаваны жаночы базыльянскі манастыр. На фундацыю Аляксандра Храптовіча ў 1624-1632 гг. храм быў часткова перабудаваны: гатычны фасад быў заменены барочным. Да паўднёвай вежы была дабудавана званіца, што надало галоўнаму фасаду храма асіметрыю. У 1636 г. па загадзе ўніяцкага мітрапаліта Вільяміна Руцкага пры царкве быў заснаваны мужчынскі манастыр базыльянаў. У другой палове ХІХ ст. Барысаглебская царква была вернута праваслаўным і перабудавана ў псеўдарускім стылі.



Барысаглебская царква ва ўсе гістарычныя часы была духоўна-рэлігійным і асветніцкім цэнтрам Вялікага Княства Літоўскага. Тут знахо­дзілася рэзідэнцыя праваслаўнага мітрапаліта ВКЛ, рэзідэнцыя ўніяцкіх мітрапалітаў Рэчы Паспалітай, дзейнічалі жаночы і мужчынскі кляштары базыльянскага ордэна. З сярэдзіны ХІХ ст. галоўнай святыняй  царквы была цудатворная ікона Маці Божай, якая была перанесена з Замкавай царквы. Па некаторых звестках у 1915 годзе ікону перавезлі ў царкву вёскі Дабрадзееўна на Чарнігаўшчыне.

Вуліца атрымала сваю сучасную назву ў 1946 годзе, бо на ёй да 1990-х гадоў знаходзілася пошта. Былое ваяводскае паштовае ведамства пабудавалі   ў 1920-1930-я гг. Гэта  двухпавярховы будынак на высокім цокалі, цэнтральная кампазіцыя галоўнага фасада якога выдзелена атыкам з трыма праёмамі і лапаткамі. Будынак спалучае элементы мадэрна і сэцэсіі.



Перад вайной шмат жылых дамоў былі прыстасаваны пад магазіны. Вядома, што ў пачатку Паштовай (Базыльянскай) вуліцы, у адной з мануфактурных лавак, прадаваліся дзіцячыя цацкі.

Да  вайны дом № 5 належаў яўрэйскай сям’і, затым быў нацыяналізаваны. З 1939 года тут друкавалася раённая газета «Звязда», а затым «Новае жыццё». Нядаўна ў будынку былой друкарні быў адкрыты гатэль «Гражына».

Участак, на якім размяшчаўся дом пад нумарам 7, належаў яўрэю па прозвішчы Цукерберг. На гэтым участку перад вайной размяшчаліся тры дамы, якія стаялі адзін справа, другі злева, а найбольшы – пасярэдзіне. У 1964 годзе на гэтым месцы быў узведзены будынак, у якім да нядаўняга часу размяшчалася друкарня.


Акрамя гэтага, на вуліцы захавалася яшчэ некалькі невялікіх домікаў, якія да вайны належалі яўрэйскім рамеснікам і гандлярам.

Некалі вуліца Паштовая, як і сама гандлёвая плошча, была брукаванай, і, на вялікі жаль, зусім нядаўна яна была заасфальтавана.

Па працягласці вуліца Паштовая сёння з’яўляецца самай кароткай у горадзе. Яе ўмоўна можна назваць пешаходнай, бо тут няма гарадскога транспарту і звычайнай для горада мітусні. І толькі зрэдку на вуліцы ўбачыш  прыпаркаваныя да тратуара аўтамабілі ды гасцей і жыхароў горада, якія прагульваюцца па вуліцы.



Паштовая вуліца з’яўляецца адной з самых прывабных вуліц для турыстаў. Тут заўсёды можна ўбачыць невялікія групы падарожнікаў, якіх зачароўвае ўтульнасць, асаблівая цішыня і незвычайная атмасфера, якая пануе тут. І дарога, што вядзе да старажытнага храма.

Галіна Кавальчук,

старшы навуковы супрацоўнік

Навагрудскага гістарычна-краязнаўчага музея