Прыярытэт – камфорт і якасць жыцця. Жыллёва-камунальная гаспадарка Навагрудскага раёна

Прыярытэт – камфорт і якасць жыцця. Жыллёва-камунальная гаспадарка Навагрудскага раёна

Прыярытэт – камфорт і якасць жыцця. Жыллёва-камунальная гаспадарка Навагрудскага раёна

18 Августа 2020 529

Вы звярталі ўвагу, які ўтульны і чысты наш Навагрудак? Колькі кампліментаў горад атрымлівае ад яго гасцей! Нельга не прызнаць, што належны парадак у значнай ступені – справа рук камунальнікаў. Работнікі жыллёва-камунальнай службы добраўпарадкоўваюць і ўпрыгожваюць горад, ствараюць камфорт і ўтульнасць для яго жыхароў, нясуць адказнасць за чысціню і парадак нягледзячы на капрызы прыроды, поры года, святы і будні.

Мікалай Бараноўскі, дырэктар Навагрудскага РУП ЖКГ:

– Навагрудскае РУП ЖКГ – сучаснае шматпрофільнае прадпрыемства, дзейнасць якога арыентавана на забеспячэнне насельніцтва і іншых спажыўцоў комплексам жыллёва-камунальных паслуг належнай якасці і аб’ёму. У састаў прадпрыемства ўваходзіць восем падраздзяленняў, у якіх працуе больш за 650 чалавек. Праца жыллёва-камунальнай гаспадаркі – найбольш складаны від дзейнасці, бо гэта работа з людзьмі, жыхарамі горада і раёна. Каб у кватэрах і дамах, дварах і на вуліцах былі ўтульнасць і парадак, адказна і сумленна працуюць работнікі ўсіх падраздзяленняў.

 
 

Для зручнасці спажыўцоў на базе прадпрыемства ў мінулым годзе была створана кліенцкая служба і сервіс 115 – падраздзяленне, куды сёння паступаюць усе тэлефонныя званкі ад насельніцтва. Служба праводзіць не толькі іх рэгістрацыю на партале «Мой горад» 115.бел, але і маніторынг сітуацыі па заяўках спажыўцоў, адключэннях і аварыйных сітуацыях. Прыемна адзначыць, што асноўныя эканамічныя паказчыкі дзейнасці прадпрыемства станоўчыя. Так, у 2019 годзе атрымана 24607 тыс. руб­лёў выручкі ад рэалізацыі работ і паслуг, пры гэтым выдаткі зменшыліся, а страты цяпла і вады значна ніжэйшыя за нарматыўныя.


Асноўную задачу сваёй дзейнасці камунальная служба Навагрудчыны бачыць у далейшым руху ў бок павышэння энерга­эфектыўнасці і зніжэння сабекошту паслуг. З мэтай эканоміі паліўна-энергетычных рэсурсаў, паляпшэння ўмоў працы працуючых на прадпрыемстве пастаянна праводзіцца работа па рэканструкцыі і мадэрнізацыі вытворчасці. З 2016 года па 1 ліпеня 2020 года накіравана інвестыцый у асноўны капітал з усіх крыніц у суме 7 млн 800 тыс. рублёў. Кошт асноўных вытворчых фондаў па стане на 1 ліпеня 2020 года складае 50727 тыс. рублёў.


Выручка ад рэалізацыі работ (паслуг):

2016 год – 21468 тыс. руб.

2017 год – 22658 тыс. руб.

2018 год – 22750 тыс. руб.

2019 год – 24607 тыс. руб.


Эканомім рэсурсы

Мэтай дзейнасці вытворчасці ацяпляльных кацельняў і цеплавых сетак з'яўляецца выпрацоўка і размеркаванне цеплавой і электрычнай энергіі, эксплуатацыя знешніх цеплавых сетак і збудаванняў. На абслугоўванні Навагрудскага РУП ЖКГ знаходзіцца 33 кацельні, з іх 17 – аўтаматызаваныя, 8 цэнтральных цеплавых пунктаў і 17 індывідуальных цеплавых пунктаў. Сумарная магутнасць кацельняў складае 115,86 Гкал./ гад., у тым ліку ў сельскай мясцовасці – 20,55 Гкал./гад.

З мэтай скарачэння страт цеплавой энергіі штогод ажыццяўляецца замена цеплавых сетак з ужываннем пі-труб.

Так, у 2016 годзе праведзена замена 1 км. цеплавых сетак, у 2017 годзе – 4,3 км., у 2018 годзе – 4,19 км., у 2019 годзе – 2,71 км. Працэнт страт цеплавой энергіі знізіўся з 9,74 п.п. у 2016 годзе да 7,69 п.п. у 2020 годзе.


Жыллёвы фонд, які знаходзіцца на балансе прадпрыемства, на 93,4 % абсталяваны групавымі прыборамі ўліку расходу цеплавой энергіі на ацяпленне. 96,1 % жыллёвага фонду абсталяваны групавымі прыборамі ўліку расходу цеплавой энергіі на гарачае водазабеспячэнне, 100 % – сістэмамі аўтаматычнага рэгулявання цеплавой энергіі. З мэтай эканоміі выдаткаў на электраэнергію ў пад’ездах жылых дамоў устаноўлена 1980 шт. энерга­зберагальных свяцільнікаў з шумавымі датчыкамі.

Асвятленне горада ажыццяўляюць больш як 2400 вулічных свяцільнікаў. У рамках зніжэння аб’ёмаў спажывання электраэнергіі больш як 700 вулічных свяцільнікаў было заменена на святлодыёдныя.


Выкарыстанне мясцовых відаў паліва – перспектыўны напрамак па зніжэнні сабекошту цеплавой энергіі. Навагрудскае РУП ЖКГ уключана ў Дзяржаўную праграму па энергазберажэнні на 2016-2020 гады, у рамках якой у 2019 годзе праведзена рэканструкцыя кацельні па вул. Камсамольскай з устаноўкай дадатковага катла магутнасцю 3,5 МВт на мясцовых відах паліва. Сёння прадпрыемства працуе над пераводам на мясцовыя віды паліва цэнтральнай кацельні па вул. Катоўскага.

Акрамя таго, на прадпрыемстве дзейнічае кагенерацыйная ўстаноўка магутнасцю 4 МВт па выпрацоўцы цеплавой і электрычнай энергіі. Частка атрыманай электрычнай энергіі выкарыстоўваецца на аб'ектах прадпрыемства. Астатняя электраэнергія рэалізоўваецца ДВА «Гродна­энерга».


Кацельні – 33, з іх 17 – аўтаматызаваныя, 9 – газавыя, 5 – камбінаваныя, 18 – на мясцовых відах паліва, 1 – электракацельня

Чыстая вада

Водазабеспячэнне спажыўцоў забяспечваецца 63 артэзіянскімі свідравінамі, з іх 17 падаюць ваду ў гарадскую сетку. Устаноўленая вытворчая магутнасць водазабораў складае 24026 метраў кубічных у суткі, станцый абезжалезвання – 12052 метры кубічныя ў суткі. Усе водазаборы асна­шчаны энергаэфектыўным помпавым абсталяваннем. Таксама, як і ў галіне цеплазабеспячэння, асаблівая ўвага ўдзяляецца аўтаматызацыі і дыспетчарызацыі, што дазваляе паступова зніжаць эксплуатацыйныя выдаткі. У рамках рэалізацыі Дзяржаўнай праграмы «Камфортнае жыллё і спрыяльнае асяроддзе на 2016-2020 гг.» (падпраграма «Чыстая вада») забяспечваецца будаўніцтва сетак водазабеспячэння ў сельскай мясцовасці з мэтай прадастаўлення насельніцтву якаснай пітной вады, штогод уводзяцца ў эксплуатацыю станцыі абезжалезвання вады. У цяперашні час на балансе прадпрыемства маецца 13 станцый абезжалезвання, з якіх 3 станцыі ўведзены ў эксплуатацыю ў 2019 годзе (в. Бор, в. Купіск, в. Ваўковічы).


Для ачысткі сцёкавай вадкасці маецца 12 ачышчальных збудаванняў, 12 палёў фільтрацыі, 4 збудаванні біялагічнай ачысткі, якія працуюць у аўтаматычным рэжыме.


Камфортнае асяроддзе

На абслугоўванні жыллёва-эксплуатацыйнай службы знаходзіцца 338 жылых дамоў, агульнай плошчай 257, 2 тыс. м. кв., у тым ліку 67 дамоў плошчай 10, 4 тыс. м. кв. у сельскай мясцовасці. За 2016-2020 гады капітальна адрамантавана 11 жылых дамоў, праведзена рэканструкцыя дваровых тэрыторый па вул. Леніна, 8, 10, 12 у г. Навагрудку. Завяршаецца рэканструкцыя дваровых тэрыторый па вул. Чэхава, 18, 30, 1-га зав. Валчэцкага, 16 і часткі вуліцы Чэхава.


У 2018 годзе на прадпрыемстве быў створаны ўчастак па бягучым і капітальным рамонце будынкаў і збудаванняў. За мінулы год работнікамі ўчастка быў выкананы капітальны рамонт чатырох жылых дамоў і ўведзена ў эксплуатацыю 5 тыс. кв. м. жылой плошчы пасля рамонту.


Дарожна-эксплуатацыйная служба выконвае розныя віды работ па ўтрыманні аб'ектаў добраўпарадкавання. Штогод праводзіцца бягучы рамонт вуліц, тратуараў, дарог, плошчаў, праездаў з рознымі відамі пакрыццяў. У 2019 годзе праведзена суцэльнае асфальтаванне вулічна-дарожнай сеткі на суму больш за 200,0 тыс. рублёў. У 2020 годзе запланавана 325,4 тыс. рублёў накіраваць на бягучы рамонт асфальтабетоннага пакрыцця вуліц суцэльным асфальтаваннем. Значная ўвага надаецца азеляненню горада. Штогод высаджваецца вялікая колькасць кветак, дрэў і кустоў. З мэтай зніжэння затрат на работы па зялёным будаўніцтве пастаянна павялічваецца колькасць і асартымент вырашчанай уласнай расады ў цяпліцах прадпрыемства.


Для зручнасці спажыўцоў

Навагрудскае РУП ЖКГ аказвае паслугі лазні насельніцтву раёна. Дзейнічаюць лазня ў горадзе, умяшчальнасцю 132 памывачныя месцы, лазні ў вёсцы Харосіца, г. п. Любча, аграгарадку Шчорсы.

Маштабныя работы па мадэрнізацыі за апошнюю пяцігодку праведзены ў гарадской лазні. Былі дэманціраваны старыя душавыя кабіны і ванны, праведзена перапланіроўка і рамонт памяшкання, заменены камунікацыі і ўстаноўлена сучаснае сантэхнічнае абсталяванне. У парных устаноўлены новая печы і сучаснае награвальнае абсталяванне, якое працуе на мясцовых відах паліва Акрамя таго, эксплуатацыя печак не патрабуе, як раней, працы чалавека. Усё абсталяванне абуладкавана сістэмамі бяспекі і працуе ў аўтаматычным рэжыме. Сёння ў лазні працуюць жаночае і мужчынскае аддзяленні, пакой для інвалідаў і пакой павышанага камфорту.



У 2018 годзе адно з вытворчых падраздзяленняў прадпрыемства – лазнева-пральны ўчастак – адкрыў свае дзверы пасля мадэрнізацыі. Цяпер гарадскую пральню літаральна не пазнаць – прыгожае і ўтульнае памяшканне, новае сучаснае абсталяванне. Сіламі работнікаў жыллёва-камунальнай гаспадаркі адрамантаваны сцены, падлога, пакладзена новая плітка, устаноўлены пластыкавыя дзверы, вокны. Зараз гэта прасторнае светлае памяшканне з новым энергаэфектыўным абсталяваннем. За сродкі прадпрыемства было закуплена і ўстаноўлена 5 аўтаматычных пральных машын розных аб'ёмаў, сушыльны барабан. Для прасавання набыты два каткі і прэс для прасавання халатаў. Дзякуючы мадэрнізацыі, працэс мыцця бялізны стаў менш працаёмкім. Самыя вялікія пральныя машыны могуць адначасова вымыць да 40 кілаграмаў бялізны. Дарэчы, усё абсталяванне працуе на электрычнай энергіі, што дазволіла знізіць выдаткі. Менш стала ручной працы, а колькасць абслуговага персаналу зменшылася ўдвая.


Транспартны ўчастак

Больш за 100 адзінак тэхнікі: 30 трактароў, 20 аўтамабіляў МАЗ, 7 самазвалаў, 7 экскаватараў , 3 аўтавышкі, 1 аўтакран

Адходы ў даходы

Прадпрыемства аказвае паслугі па вывазе і ўтылізацыі цвёрдых бытавых адходаў. На балансе маецца палігон ТБА плошчай 12,43 га., размешчаны ў в. Стары Лес, 3 міні-палігоны агульнай плошчай 3,9 га., размешчаныя ў сельскіх населеных пунктах раёна. Санітарнай ачысткай ахоплена 125 сельскіх населеных пунктаў раёна.


Абыходжанне з адходамі ў раёне

1000 кантэйнераў, з іх 200 – еўракантэйнеры

2 стацыянарныя прыёмныя нарыхтоўчыя пункты, 1 – перасоўны

Палігон для ТБА ў в. Стары Лес плошчай 12,43 га

3 міні-палігоны ў вв. Вераскава, Болотца, Байкі

125 сельскіх населеных пунктаў ахоплена саначысткай

З 2016 года на Навагрудчыне нала­джана сістэма асобнага збору адходаў. На тэрыторыі раёна размешчана каля 1000 кантэйнераў, з іх 200 – еўракантэйнеры для асобнага збору адходаў. Сёння большая частка цвёрдых камунальных адходаў праходзіць праз станцыю сарціроўкі ў вёсцы Брацянка. За чатыры гады сваёй дзейнасці станцыя нарасціла аб’ёмы перапрацоўкі адходаў. Напрыклад, калі ў лістападзе 2016 года на станцыю паступіла 198 тон адходаў, то ў лістападзе 2019 года – 576 тон. Год таму тут перайшлі на работу ў дзве змены і павялічылі колькасць работнікаў. Зараз калектыў станцыі налічвае 25 чалавек, у змену на лініі сартавання працуе шэсць рабочых. Магутнасць станцыі – 5 тыс. тон у год, і ўжо сёння яна загружана на 113 %. І аб’ёмы будуць узрастаць. У дзень на станцыю прыбывае каля 25 тон адходаў, з іх атрымліваюць прыкладна 1,5 тоны другасных матэрыяльных рэсурсаў.


Станцыя сарціроўкі – магутнасць 5 тыс. тон у год

25 тон адходаў – у дзень

10% – другасныя матэрыяльныя рэсурсы

Маецца 2 стацыянарныя прыёмныя нарыхтоўчыя пункты па прыёме ад насельніцтва другасных матэрыяльных рэсурсаў у г. Навагрудку і г.п. Любча. З красавіка 2017 года працуе перасоўны прыёмны пункт. У цяперашні час вядзецца работа па набыцці кантэйнераў для збору цвёрдых камунальных адходаў і другасных матэрыяльных рэсурсаў у сектары індывідуальнай забудовы.

Падрыхтавала Алена Ганцэвіч, «НЖ»