Самы старажытны храм Навагрудчыны – сабор Святых благаверных князёў Барыса і Глеба г. Навагрудка, які сёлета святкуе сваё 500-годдзе

Самы старажытны храм Навагрудчыны – сабор Святых благаверных князёў Барыса і Глеба г. Навагрудка, які сёлета святкуе сваё 500-годдзе

Самы старажытны храм Навагрудчыны – сабор Святых благаверных князёў Барыса і Глеба г. Навагрудка, які сёлета святкуе сваё 500-годдзе

09 ноября 2019 5160

Навагрудская зямля мае багатую гісторыю і культуру, авеяна таямніцамі і легендамі, славіцца сваімі землякамі і шматлікай колькасцю вядомых мясцін. Асаблівае месца ў гісторыі Навагрудчыны займае яе духоўная спадчына, якая фарміравалася на працягу многіх стагоддзяў. Сёння пішацца яе новая старонка. Сучасныя храмы – гэта не проста культавыя будынкі, а сапраўдныя духоўна-асветніцкія цэнтры, дзе адраджаюцца даўнія традыцыі і закладваюцца новыя. Рэдакцыя газеты «Новае жыццё» ў жніўні пачала новы праект «Духоўная радаслоўная краю», які раскажа аб гісторыі навагрудскіх храмаў, сучасным жыцці праваслаўных і каталіцкіх прыходаў, мусульманскай абшчыны. Самы старажытны храм Навагрудчыны – сабор Святых благаверных князёў Барыса і Глеба г. Навагрудка. Яму мы і прысвяцілі першы артыкул праекта.

 

Гэты год для храма юбілейны – сёлета адзначаецца яго 500-годдзе. Між тым першая царква на гэтым месцы была пабудавана яшчэ ў першай палове ХІІ ст. Таму можна з упэўненасцю меркаваць пра тое, што гісторыя храма пачалася больш чым 850 гадоў таму. Сабор у гонар Святых благаверных князёў Барыса і Глеба г. Навагрудка – помнік гатычнай архітэктуры эпохі Вялікага Княства Літоўскага. Ён пераходзіў да розных канфесій і неаднаразова перабудоўваўся. Храм унесены ў дзяржаўны спіс гістарычна-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь.



 

– У першай палове XII ст. на месцы сучаснага сабора з белага каменю пабудавалі крыжападобную царкву. Гэта быў першы праваслаўны храм на Навагрудчыне, – расказвае старшы навуковы супрацоўнік гістарычна-краязнаўчага музея Галіна КАВАЛЬЧУК. – Пазней вакол яго была ўзведзена галерэя. Царква была ўпрыгожана фрэскамі, мела маёлікавую падлогу з разнастайных глазураваных керамічных плітак. Падчас будаўніцтва былі выкарыстаны галаснікі. Гэта керамічныя пасудзіны, якія ўстанаўліваліся ў сценах гарлавінамі ў бок унутранай прасторы пабудовы. Існуе меркаванне, што першапачаткова храм быў асвечаны ў гонар Прасвятой Багародзіцы. У 1317 г. царква атрымала статус кафедры Літоўскай праваслаўнай мітраполіі. З XIV ст. пры храме існаваў праваслаўны мужчынскі манастыр, у якім знахо­дзілася рэзідэнцыя мітрапаліта Навагрудска-Літоўскага. Манастыр меў багатыя маёнткі, дамы і зямельныя надзелы. Па некаторых звестках менавіта тут у 1414-1415 гг. праводзіліся саборы епіскапаў. У канцы XV – пачатку XVІ стст. храм прыйшоў у заняпад.




У 1517 г. на падмурках старажытнай царквы пры падтрымцы князя Канстанціна Астрожскага і мітрапаліта Кіеўскага, Галіцкага і ўсяе Русі Іосіфа (Салтана) пачалося будаўніцтва новай саборнай царквы, якое вялося па тэхніцы гатычнай муроўкі і было завершана ў 1519 г. Дакладная дата адкрыцця сабора невядома.



– У 1620 г. царква перайшла да ўніятаў, – працягвае знаёміць нас з гісторыяй храма Галіна Кавальчук. – У 1624-1632 гг. – перабудавана ў стылі сармацкага барока на сродкі мясцовага магната Аляксандра Храптовіча. Пасля рэканструкцыі храм набыў рысы абарончага збудавання: знікла галерэя, на фасадзе з’явіліся дзве вежы з байніцамі і вітымі лесвіцамі ўнутры. У 1628-1636 гг. уніяцкі мітрапаліт Іосіф Руцкі заснаваў пры храме мужчынскі і жаночы Базыльянскія манастыры. Пасля трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай у 1795 г. Навагрудак увайшоў у склад Расійскай імперыі. Барыса­глебская царква працягвала дзейнічаць. Пасля скасавання Брэсцкай царкоўнай уніі на Полацкім саборы ў 1839 г. царскія ўлады перадалі храмы і манастыры скасаванай рускай грэка-каталіцкай царквы ў юрысдыкцыю Рускай Праваслаўнай Царквы.




У 1873-1875 гг. Барысаглебская царква была перабудавана ў рускім архітэктурным стылі. Высокі клінападобны дах замянілі пакатым чатырохсхільным. У сярэдзіне яго ўзвялі драўляны светлавы барабан, які разам з вежамі на галоўным фасадзе атрымаў шатровыя завяршэнні. Адначасова быў створаны драўляны чатырох’ярусны іканастас з 30 іконамі. У верасні 1876 г. у прысутнасці 10 тыс. вернікаў епіскап Мінскі і Бабруйскі Аляксандр (Дабрынін) асвяціў перабудаваны храм.

З другой паловы XVIII ст. па 1915 г. у храме знахо­дзілася перанесеная са Свята-Успенскай царквы г. Навагрудка ікона «Божая Маці «Замкавая». У гады Першай сусветнай вайны пры эвакуацыі каштоўнасцей ікона была перавезена ў Расію, дзе сляды яе і згубіліся.



У 1923-1924 гг. была зноў праведзена рэканструкцыя Свята-Барысаглебскай царквы з частковым аднаўленнем аўтэнтычнага выгляду. У пасляваенны савецкі перыяд храм заставаўся дзеючым да 1961 г. Затым ён быў зачынены, а будынак выкарыстоўваўся пад дзяржаўны архіў.



У 1996 годзе было прынята рашэнне аб вяртанні храма Беларускаму экзархату Рускай Праваслаўнай Царквы. Адбылося гэта на свята Нараджэння Хрыстова – 7 студзеня. З гэтага часу пачынаецца новая гісторыя сабора Святых благаверных князёў Барыса і Глеба.



У чэрвені 2010 г. пачалася апошняя рэстаўрацыя царквы. Навуковым кіраўніком выступіў архітэктар Генадзій Лаўрэцкі. У выніку праведзеных работ на вежы храма паставілі какошнікі (паўкруглыя вонкавыя дэкаратыўныя элементы) і шатры (архітэктурная форма ў выгля­дзе шматграннай піраміды), якія былі завершаны пазалочанымі купаламі.



Сучасная гісторыя сабора непарыўна звязана з адраджэннем духоўнага жыцця прыхода. Старажылы пом­няць, як тут быў архіў і як пасля вяртання храма Царкве вернікі дапамагалі ў яго абуладкаванні. Працэс быў доўгім, таму першыя службы праходзілі ў невялікім памяшканні, а ўваход у яго быў з боку храма. Вельмі шмат для прыхода зрабіў айцец Павел Лукашэвіч. Менавіта пры яго служэнні было праведзена ацяпленне, унутраны рамонт храма. Іконы, якія некалі знаходзіліся ў Барысаглебскай царкве, а потым былі перададзены на захаванне ў Свята-Мікольскі сабор, былі вернуты. Па благаславенні архіепіскапаў Канстанціна, а пазней Гурыя былі напісаны новыя іконы, у тым ліку і навагрудчанінам Паўлам Нелюбовічам. Дзень за днём храм «ажываў» і людзі вярталіся да Бога.




– Шмат для прыхода зрабіў айцец Мікалай Орса. А цяпер гэта вельмі складанае служэнне нясуць айцы Мікалай Касяк і Ігар Пірог. Канешне, ва ўсім ім дапамагаюць матушкі Наталля і Людміла. Усе свяшчэннікі нашага храма – прыклад чалавечнасці і адданага служэння Богу і людзям. Нам з імі вельмі па­шчасціла, – лічыць адна з самых даўніх прыхаджан храма Ніна Аляксандраўна Нелюбовіч. – Без іх штодзённай карпатлівай працы (я маю на ўвазе не толькі правядзенне богаслужэнняў) храм наўрад ці быў бы такім, якім мы яго ведаем. Падумайце толькі: сёлета ўсе работы па аднаўленні (фарбаванні) фасада айцы Мікалай і Ігар выканалі поўнасцю самастойна. А колькі зроблена для духоўнага жыцця прыхода!



Сёння Свята-Барысаглебскі храм немагчыма ўявіць без танцавальнага ансамбля «Гармонія», баляў праваслаўнай моладзі, святочных канцэртаў з нагоды Нараджэння і Уваскрэсення Хрыстова, шматлікіх дабрачынных мерапрыемстваў, актыўнымі ўдзельнікамі якіх з’яўляюцца юныя прыхаджане і моладзь.



– Пры храме працуе нядзельная школа, у якой у трох групах зараз займаецца 55 дзяцей, – расказвае настаяцель сабора протаіерэй Мікалай КАСЯК. – Таксама праводзім сустрэчы з моладдзю ва ўстановах адукацыі, супрацоўнічаем з ваенным камісарыятам і сацыяльнымі ўстановамі. Па магчымасці аказваем дапамогу сем’ям, якія маюць у гэтым патрэбу. Вядома, усе нашы справы – добраўпарадкаванне храма і тэрыторыі, правядзенне мерапрыемстваў і акцый – немагчымы без дапамогі і падтрымкі нашых прыхаджан. За што мы вельмі ім удзячныя. Як прыемна, калі храм поўны вернікаў рознага ўзросту. Адразу адчуваеш вялікую духоўную радасць. Але хочацца, каб прыхаджан станавілася яшчэ больш. Часта можна пачуць скаргі на тое, што свет стаў злым, але, на вялікі жаль, менавіта людзі яго зрабілі такім. Калі народ будзе ўцаркаўляцца, імкнуцца жыць па духоўных законах, наш свет стане лепшым, чысцейшым і прыгажэйшым.



Актыўныя ўдзельнікі маладзёжных мерапрыемстваў прыхода – Уладзіслаў Бязмен, Аляксандра Журко, Кірыл Радкевіч, Вольга Баброўская. Спачатку пачыналі проста танцаваць у ансамблі «Гармонія». Потым сталі наведваць богаслужэнні, выступаць у якасці вядучых і артыстаў на духоўна-асветніцкіх канцэртах, удзельнічаць у епархіяльных турыстычных злётах і інш. І ў выніку, канешне, сталі сябрамі.

Марыя Канстанцінаўна Касабукіна Свята-Барысаглебскі храм наведвае каля 20 гадоў.



– Савецкія часы для вернікаў былі вельмі складанымі. Дома ікон у нас не было, але жылі з верай. Маці працавала настаўнікам і заўсёды гаварыла: «Дзеці, Бог ёсць». Свякроў была стараверам і менавіта яна навучыла мяне многім праваслаўным канонам. Пазней я стала вывучаць малітвы. Але па-сапраўднаму ўцаркавілася я ўжо на пенсіі і сёння стараюся не прапускаць ні адной службы. У храме падчас богаслужэння і агульнай малітвы – асаблівая атмасфера, напоўненая Божай ласкай. Штодзённае жыццё такое складанае – ганарлівасць, зайздрасць, засмучэнне… Мы павінны пастаянна каяцца, маліцца і помніць: Гасподзь заўсёды з намі.



У гісторыі сабора Святых благаверных князёў Барыса і Глеба багата падзей, якія не выпадаюць на лёс звычайных прыходскіх храмаў. Ён зведаў часы росквіту, калі з’яўляўся галоўным праваслаўным храмам у іерархіі Заходнярускай Царквы, і сумныя гады поўнага заняпаду. Аднак, нягледзечы на такія розныя перыяды, гісторыя сабора была і застаецца неад’емна звязанай з гісторыяй Беларускай Праваслаўнай Царквы і Навагрудчыны.

Падрыхтавала Анастасія Пятрова, «НЖ»

Размяшчэнне фотаздымкаў be.wikipedia.org адвольнае.